Жабяняцi Маўглi. Шэр-Хан усё яшчэ роў у цемры - ён вельмi раззлаваўся, што Маўглi не аддалi яму.
- Так, так, равi мацней! - сказала Багiра сабе ў вусы. - Прыйдзе час, калi гэтае галышаня прымусiць цябе раўцi iншым голасам, або я зусiм не разбiраюся ў людзях.
- Добра мы зрабiлi! - сказаў Акела. - Людзi i iх дзiцяняты вельмi разумныя. Калi-небудзь Маўглi стане нам памочнiкам.
- Ага, памочнiкам у цяжкую часiну, бо нiхто не можа быць важаком Чарады вечна, - сказала Багiра.
Акела нiчога не адказаў. Ён думаў пра той час, якi надыходзiць для кожнага важака Чарады, калi сiла паступова пакiдае яго. Ваўкi забiваюць важака, калi ён зусiм аслабее, а на яго месца становiцца новы важак, каб з цягам часу таксама быць забiтым.
- Вазьмi дзiцяня, - сказаў ён Бацьку Ваўку, - i выхоўвай яго, як належыць выхоўваць сыноў Вольнага Народа.
Так Жабянятка Маўглi быў прыняты ў Сiянiйскую Чараду - за буйвала i добрае слова Балу.
Цяпер вам давядзецца прапусцiць ажно дзесяць цi адзiнаццаць гадоў i хiба толькi здагадвацца пра тое, якiм незвычайным жыццём жыў Маўглi сярод ваўкоў, бо калi пра яго напiсаць падрабязна, выйшла б многа-многа кнiг. Ён рос разам з ваўчанятамi, хоць яны, вядома, сталi дарослымi ваўкамi куды раней, чым ён выйшаў з малалецтва, i Бацька Воўк вучыў яго свайму рамяству i тлумачыў усё, што адбываецца ў джунглях. I таму кожны шолах у траве, кожны павеў цёплага начнога ветрыку, кожны крык савы над галавой, кожны рух кажана, што на ляту зачапiўся кiпцюрыкамi за галiнку дрэва, кожны ўсплёск маленькай рыбкi ў сажалцы вельмi шмат значылi для Маўглi. Калi ён нiчому не вучыўся, ён драмаў, седзячы на сонцы, еў i зноў засынаў. Калi яму бывала горача i хацелася асвяжыцца, ён плаваў у лясных азёрах; а калi яму хацелася мёду цi арэхаў (ад Балу ён даведаўся, што мёд i арэхi гэткiя ж смачныя, як i сырое мяса), ён лез па iх на дрэва - Багiра паказала яму, як гэта робiцца. Багiра расцягвалася на суку i клiкала:
- Iдзi сюды, Маленькi Брат!
Спачатку Маўглi чапляўся за сукi, як звярок-лянiвец, а потым навучыўся скакаць з галiны на галiну амаль гэтак жа смела, як шэрая малпа. На Скале Рады, калi збiралася Чарада, у яго таксама было сваё месца. Там ён прыкмецiў, што нiводзiн воўк не можа вытрымаць яго пiльны позiрк i апускае вочы перад iм, i тады, дзеля пацехi, ён пачаў пiльна глядзець на ваўкоў. Здаралася, ён выцягваў сваiм сябрам стрэмкi з лап - ваўкi вельмi пакутуюць ад калючак i дзядоўнiку, што ўпiваюцца ў iх шкуру. Начамi ён спускаўся з узгоркаў на апрацаваныя палеткi i з цiкаўнасцю сачыў за людзьмi ў хацiнах, але не адчуваў да iх даверу. Багiра паказала яму квадратную скрынку са спускнымi дзверцамi, так хiтра схаваную ў гушчары, што Маўглi сам ледзь не трапiў у яе, i сказала, што гэта пастка. Больш за ўсё ён любiў хадзiць з Багiрай у цёмную, гарачую глыбiню лесу, засынаць там на ўвесь дзень, а ўночы глядзець, як палюе Багiра. Яна забiвала направа i налева, калi была галодная. Гэтак жа рабiў i Маўглi. Але калi хлопчык падрос i пачаў усё разумець, Багiра сказала яму, каб ён нiколi не чапаў свойскую жывёлу, бо за яго заплацiлi выкуп Чарадзе, забiўшы буйвала.
- Усе джунглi твае, - гаварыла Багiра. - Ты можаш паляваць на любую дзiчыну, якая табе пад сiлу, але за таго буйвала, якi выкупiў цябе, ты не павiнен чапаць нiякай свойскай жывёлы, нi маладой, нi старой. Такi Закон Джунгляў.
I Маўглi слухаўся безагаворачна.
Ён рос i рос - дужым, якiм i павiнен расцi хлопчык, якi мiмаходам вучыцца ўсяму, што трэба ведаць, нават не думаючы, што вучыцца, i клапоцiцца толькi пра тое, каб здабыць сабе ежу.
Мацi Ваўчыха аднойчы сказала яму, што Шэр-Хану нельга давяраць i што калi-небудзь яму давядзецца забiць Шэр-Хана. Ваўчаня нi на хвiлiну не забылася б пра гэтую параду, а Маўглi забыўся, бо быў усяго толькi хлопчык, хоць i назваў бы сябе ваўком, калi б умеў гаварыць на чалавечай мове.
У джунглях Шэр-Хан пастаянна станавiўся яму ўпоперак дарогi, бо Акела ўсё старэў i слабеў, а кульгавы тыгр за гэты час паспеў пасябраваць з маладымi ваўкамi Сiянiйскай Чарады. Яны хадзiлi за iм па пятах, чакаючы аб'едкаў, чаго Акела не дапусцiў бы, калi б па-ранейшаму меў уладу. А Шэр-Хан лiслiвiў перад ваўчанятамi: ён дзiвiўся, як гэта такiя смелыя маладыя паляўнiчыя дазваляюць камандаваць сабою здыхлi ваўку i чалавечаму дзiцяняцi. 'Я чуў, - не раз гаварыў ШэрХан, - быццам на Радзе вы не асмельваецеся паглядзець яму ў вочы'. I маладыя ваўкi злосна гыркалi i натапырвалi поўсць.
Багiры, якая ўсё бачыла i ўсё чула, было вядома сёе-тое наконт гэтага, i некалькi разоў яна адкрыта гаварыла Маўглi, што Шэр-Хан заб'е яго калi-небудзь. Але Маўглi толькi смяяўся i адказваў:
- У мяне ёсць Чарада, i ў мяне ёсць ты. Ды i Балу, якi ён нi лянiвы, а можа ж дзеля мяне стукнуць каго- небудзь лапай. Чаго ж мне баяцца?
Быў вельмi спякотны дзень, калi новая думка запала ў галаву Багiры, мусiць, яна пачула што-небудзь. Можа, ёй гаварыў пра гэта дзiкабраз Сахi, але неяк раз, калi яны забралiся разам з Маўглi глыбока ў гушчар лесу i хлопчык улёгся, паклаўшы галаву на прыгожую чорную спiну пантэры, яна сказала яму:
- Маленькi Брат, колькi разоў я гаварыла табе, што Шэр-Хан твой вораг?
- Столькi разоў, колькi арэхаў на гэтай пальме, - адказаў Маўглi, якi, само сабой зразумела, не ўмеў лiчыць. - Ну i што з таго? Мне хочацца спаць, Багiра, а Шэр-Хан - гэта ўсяго толькi доўгi хвост ды гучны голас, накшталт паўлiна Мора.
- Зараз не час спаць!.. Балу гэта ведае, ведаю я, ведае ўся Чарада, ведае нават сама дурны алень. I Табакi табе гэта гаварыў таксама.
- Ха-ха! - сказаў Маўглi. - Табакi прыходзiў да мяне нядаўна, грубiянiў, гаварыў, што я безвалосы шчанюк, не ўмею нават выкопваць земляныя арэхi, але я злавiў яго за хвост i стукнуў разы два аб пальму, каб ён паводзiў сябе больш далiкатна.
- Ты зрабiў кепска: Табакi хоць i баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькi Брат. Шэр-Хан не смее забiць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмi стары. Хутка прыйдзе такi дзень, калi ён не здолее забiць буйвала, i тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкi, што бачылi цябе на Скале Рады, таксама састарылiся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзiцяняцi не месца ў Воўчай Чарадзе. Мiне няшмат часу, i ты станеш чалавекам.
- А што такое чалавек? Хiба яму нельга бегаць са сваiмi братамi? - спытаў Маўглi. - Я нарадзiўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, i няма нiводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкi. Усе яны - мае браты!
Багiра выцягнулася на ўвесь рост i заплюшчыла вочы.
- Маленькi Брацiк, - сказала яна, - памацай у мяне пад скiвiцай.
Маўглi працягнуў сваю дужую смуглую руку i на шаўкавiстай шыi Багiры, там, дзе пад блiскучай поўсцю перакочваюцца вялiзныя мускулы, намацаў маленькую лысiнку.
- Нiхто ў джунглях не ведае, што я, Багiра, нашу гэтую метку - след нашыйнiка. Але я нарадзiлася сярод людзей. Маленькi Брат, сярод людзей памерла мая мацi - у звярынцы каралеўскага палаца ва Ўдайпуры. Таму я i заплацiла за цябе выкуп на Радзе, калi ты быў яшчэ маленькiм голым дзiцянём. Так, я таксама нарадзiлася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармiлi за кратамi, з жалезнай мiскi, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я - Багiра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок i ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкi, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хiба гэта няпраўда?
- Праўда, - сказаў Маўглi, - усе джунглi баяцца Багiры, усе, апрача Маўглi.
- О, ты - чалавечае дзiцяня, - сказала чорная пантэра вельмi пяшчотна. - I як я вярнулася ў свае джунглi, так i ты павiнен урэшце вярнуцца да людзей, да сваiх братоў, калi толькi цябе не заб'юць на Радзе.
- Але за што камусьцi забiваць мяне? - спытаў Маўглi.
- Зiрнi на мяне, - сказала Багiра.
I Маўглi пiльна паглядзеў ёй у вочы. Вялiкая пантэра не вытрымала i адвярнулася.
- Вось за што, - сказала яна, i лiсце зашамацела пад яе лапай. - Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзiлася сярод людзей i люблю цябе, Маленькi Брат. Другiя цябе ненавiдзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позiрк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у iх стрэмкi з лап, за тое, што ты чалавек.
- Я нiчога гэтага не ведаў, - панура прамовiў Маўглi i насупiў густыя чорныя бровы.
- Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукнi, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасцi яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлiвы i асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калi Акела дасць маху на наступным паляваннi - а яму з кожным разам становiцца ўсё цяжэй i цяжэй забiваць, ваўкi