цiкавая гульня. На гэты раз, гаварылi малпы, у iх i сапраўды будзе важак, i яны стануць сама мудрым народам у джунглях, такiм мудрым, што ўсе iх заўважаць i пазайздросцяць iм. I таму яны цiхенька кралiся за Балу i Багiрай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўднi i Маўглi, якому было вельмi сорамна, не лёг спаць памiж пантэрай i мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпiным Народам.

I тут праз сон ён адчуў нечыя рукi на сваiх плячах i нагах - цвёрдыя, дужыя маленькiя рукi, - потым па твары захвасталi галiны, а потым ён здзiўлена ўбачыў мiж разгайданых верхавiн зямлю ўнiзе i Балу, якi глуха роў, абуджаючы джунглi, а Багiра скачкамi падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылi i пераскочылi ўгору на тонкiя галiны, куды Багiра пабаялася лезцi за iмi.

- Яна нас заўважыла! Багiра нас заўважыла! Усе джунглi ў захапленнi ад нашага спрыту i нашага розуму! - крычалi малпы.

Потым яны прыпусцiлi бягом, а бег малпаў па верхавiнах дрэў - эта штосьцi такое, што немагчыма апiсаць. У iх ёсць там свае дарогi i скрыжаваннi, свае пад'ёмы i спускi, пракладзеныя на вышынi пяцiдзесяцi, сямiдзесяцi, а то i ста футаў ад зямлi, i па гэтых дарогах яны падарожнiчаюць, калi трэба, нават уночы. Дзве сама дужыя малпы падхапiлi Маўглi пад пахi i памчалiся разам з iм па верхавiнах дрэў скачкамi даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглi б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваiм цяжарам затрымлiваў iх. Як нi кружылася ў Маўглi галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мiльгала далёка ўнiзе, палохала яго i сэрца замiрала ад кожнага страшнага рыўка i штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталi разам з iм на верхавiну дрэва так высока, што тонкiя галiны трашчалi i гнулiся пад iмi, а потым з кашлем i вухканнем кiдалiся ў паветра, уперад i ўнiз, i павiсалi на суседнiм дрэве, чапляючыся за нiжнiя сукi рукамi i нагамi. Iншы раз Маўглi бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акiянскi прастор, потым галiны i лiсце зноў пачыналi хвастаць яго па твары, i ён са сваiмi двума вартавымi спускаўся амаль да самай зямлi. Так, скачкамi, з трэскам i вухканнем, усё малпiнае племя iмчалася па дрэвавых дарогах разам са сваiм палоннiкам Маўглi.

Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багiры i Балу. Малпы рухалiся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглi iх дагнаць i вельмi адставалi. Унiз не варта было i глядзець - яму вiдаць былi толькi верхнiя бакi сукоў, - таму ён пачаў глядзець угору i ўбачыў высока ў сiнi неба каршуна Чыля, якi лунаў над джунглямi, апiсваў кругi, чакаючы чыёй-небудзь смерцi. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, i спусцiўся нiжэй, каб разведаць, цi не прыдатна iх ноша для яды. Ён свiснуў ад здзiўлення, калi ўбачыў, што малпы валакуць па верхавiнках дрэў Маўглi, i пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: 'Мы з табой адной крывi, ты i я!' Разгайданыя вяршалiны закрылi ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слiзгануць да блiжняга дрэва, i перад iм зноў вынырнуў маленькi смуглы твар.

- Прыкмячай маю дарогу! - крыкнуў Маўглi. - Паведамi Балу з Сiянiйскай Чарады i Багiры са Скалы Рады!

- Пра каго, Брат? - Чыль яшчэ нi разу дагэтуль не бачыў Маўглi, хоць, вядома, чуў пра яго.

- Пра Жабянятка Маўглi. Мяне завуць Чалавечае Дзiцяня! Прыкмячай маю даро-огу-у!

Апошнiя словы ён выгукнуў, летучы ў паветры, але Чыль кiўнуў яму i ўзняўся так высока, што здаваўся не большым за пылiнку, i, лунаючы ў вышынi, сачыў сваiмi зоркiмi вачамi за разгайданымi верхавiнкамi дрэў, па якiх, нiбы вiхор, iмчалiся вартавыя Маўглi.

- Яны не забяруцца далёка, - сказаў ён пасмiхаючыся. - Малпы нiколi не робяць да канца тое, што задумалi. Заўсёды яны хапаюцца за што-небудзь новае, гэтыя Бандар-Логi. На гэты раз, калi я не сляпы, яны нажывуць сабе бяду: Балу ж не птушаня, ды i Багiра, наколькi мне вядома, умее забiваць не толькi коз.

I, лунаючы ў паветры, ён пагойдваўся на крылах, падкурчыўшы ногi, i чакаў.

А ў гэты час Балу i Багiра былi самi не свае ад раз'юшанасцi i гора. Багiра залезла на дрэва гэтак высока, як не залазiла нiколi, але тонкiя галiны ламалiся пад яе цяжарам, i яна саслiзнула ўнiз з поўнымi кiпцюрамi кары.

- Чаму ты не папярэдзiў Маўглi? - забурчала яна на небараку Балу, якi прыпусцiў нязграбнай рыссю, спадзеючыся дагнаць малпаў. - Якая карысць бiць дзiця ледзь не да смерцi, калi ты не папярэдзiў яго?

- Хутчэй! О, хутчэй! Мы... мы яшчэ дагонiм iх, можа! - задыхаўся Балу.

- Гэткаю хадою? Ад яе не стамiлася б нават параненая карова. Настаўнiк Закону, мучыцель дзяцей, калi ты будзеш гэтак перавальвацца з боку на бок, дык лопнеш, не прайшоўшы i мiлi. Сядзь спакойна i падумай! Трэба нешта вырашыць. Зараз не час для пагонi. Яны могуць кiнуць Маўглi, калi мы падыдзем занадта блiзка.

- Арала! Ву! Яны, можа, ужо кiнулi хлопчыка, калi iм абрыдла яго несцi! Хiба можна верыць Бандар- Логам! Кажан мне на галаву! Кармiце мяне аднымi гнiлымi косткамi! Спусцiце мяне ў дупло да дзiкiх пчол, каб яны закусалi мяне да смерцi, i пахавайце мяне разам з гiенай! Я сама няшчасны сярод звяроў! Ара-лала! Ва-у-у! О Маўглi, Маўглi, чаму я не папярэдзiў цябе пра Малпiн Народ, чаму я цябе бiў па галаве? Я, можа, выбiў сённяшнi ўрок з яго галавы, i хлопчык цяпер адзiн у джунглях i забыўся Запаветныя Словы!

Балу абхапiў галаву лапамi i са стогнам закiваўся ўзад i ўперад.

- Не так даўно ён сказаў мне правiльна ўсе словы, - сярдзiта прамовiла Багiра. - Балу, ты нiчога не памятаеш i не паважаеш сябе. Што падумалi б джунглi, калi б я, чорная пантэра, качалася i выла, скруцiўшыся ў клубок, як дзiкабраз Сахi?

- Якi мне клопат да таго, што падумаюць джунглi! Хлопчык, можа, памёр ужо!

- Калi толькi яны не кiнуць яго з дрэва дзеля пацехi i не заб'юць ад няма чаго рабiць, я не баюся за дзiцяня. Яно разумнае i ўсяму навучанае, а галоўнае, мае такiя вочы, якiх баяцца ўсе джунглi. Але ўсё ж (i гэта вельмi кепска) яно ў палоне ў Бандар-Логаў, а яны не баяцца нiкога ў джунглях, бо жывуць высока на дрэвах. - Багiра ў задуменнi аблiзала пярэднюю лапу.

- Ну i дурань жа я! О тоўсты буры дурань, паядальнiк карэння! - прастагнаў Балу раптам, выпрастаўся i сцепануўся. - Праўду кажа дзiкi слон Хатхi: 'У кожнага свой страх', а яны, Бандар-Логi, баяцца Каа, горнага ўдава. Ён умее лазiць па дрэвах не горш за малпаў. Уночы ён крадзе ў iх дзiцянят. Ад аднаго гуку яго iменi дрыжаць iх агiдныя хвасты. Хадзем да яго!

- Чым можа Каа дапамагчы нам? Ён не нашага племенi, бо бязногi, i вочы ў яго вельмi злосныя, - сказала Багiра.

- Ён вельмi стары i вельмi хiтры. Апрача. таго, ён заўсёды галодны, - з надзеяй сказаў Балу. - Паабяцаем яму многа коз.

- Ён спiць цэлы месяц, пасля таго як наесца. Можа, спiць i цяпер, а калi не спiць, дык, можа, i не захоча ўзяць ад нас коз у падарунак.

Багiра кепска ведала Каа i таму ставiлася да яго недаверлiва.

- Тады мы з табой разам маглi б угаварыць яго, старая паляўнiчая.

Тут Балу пачухаўся аб Багiру выцвiлым бурым плячом, i яны ўдваiх рушылi на пошукi горнага ўдава Каа.

Удаў ляжаў, расцягнуўшыся на ўсю даўжыню на выступе скалы, нагрэтым сонцам, i любаваўся сваёй прыгожай новай скурай: апошнiя дзесяць дзён ён правёў на адзiноце - мяняў скуру, i цяпер быў ва ўсёй сваёй прыгажосцi. Яго вялiкая тупаносая галава совалася па зямлi, трыццацiфутавае цела звiвалася ў дзiвосныя вузлы i фiгуры, язык аблiзваў губы, смакуючы абед, што чакаў яго наперадзе.

- Ён яшчэ нiчога не еў, - з палёгкай уздыхнуў Балу, як толькi ўбачыў прыгожы стракаты ўзор на яго спiне, карычневы з жоўтым. - Асцярожна, Багiра! Ён кепска бачыць, пасля таго як зменiць скуру, i кiдаецца адразу.

Каа не меў ядавiтых зубоў - ён нават пагарджаў ядавiтымi змеямi за iх баязлiвасць, - уся яго сiла была ў хватцы, i калi ён абвiваў каго-небудзь сваiмi колцамi, дык гэта ўжо быў канец.

- Добрага палявання! - крыкнуў Балу i прысеў на заднiя лапы.

Як усе змеi яго пароды, Каа быў глухаваты i не адразу пачуў, што яму крыкнулi. Ён згарнуўся ў кальцо i прыгнуў галаву, на ўсякi выпадак падрыхтаваўся накiнуцца.

- Добрага палявання ўсiм нам! - адказаў ён. - Ого, Балу! Што ты тут робiш? Добрага палявання, Багiра. Аднаму з нас не пашкодзiла б паабедаць. Цi няма паблiзу спуджанай дзiчыны? Ланi або хоць казляняцi? У мяне ўнутры пуста, ях у перасохлай студнi.

- Мы зараз на паляваннi, - абыякава зазначыў Балу, бо ведаў, што Каа не варта прыспешваць: ён занадта грузны.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату