атруты адразу вяртаецца, i яны бягуць назад у ваду. Часам iм пячэ так моцна, што яны падбiраюць нагу i стаяць гэтак цэлымi гадзiнамi, не могучы яе выпрастаць.

Вось так у фламiнгаў былi раней белыя ногi, а цяпер сталi чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гiсторыю i смяюцца з неразумных птушак. Але фламiнгi, студзячы ў вадзе свае ногi, не выпускаюць выпадку, каб адпомсцiць насмешнiцам, i глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блiзка, каб з iх пасмяяцца.

АБСКУБЕНЫ ПАПУГАЙ

Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвiтку яны ляталi на поле паласавацца маладымi кiяхамi кукурузы, а надвячоркам дзяўблi апельсiны. Сваiмi крыкамi яны ўтваралi страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокiм дрэве ў iх сядзеў папугай-вартаўнiк, якi пiльнаваў, цi не крадзецца хто-небудзь.

Папугаi - такiя самыя шкоднiкi, што й саранча, бо калi яны дзяўбуць кiяхi, яны раздзiраюць iх, а потым, у дождж, кiяхi гнiюць. А таму што смажаныя папугаi вельмi смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацiнскай Амерыцы) палююць на iх.

I вось аднойчы адзiн чалавек стрэлiў ды збiў вартавога папугая, якi, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзецi вылечылi яго, бо ў папугая было перабiтае толькi адно крыло. Вельмi хутка папугай ачуняў i зрабiўся зусiм свойскi. Назвалi яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, i яму вельмi падабалася сядзець у людзей на плячы i дзюбаю казытаць iм за вухам.

Жыў ён вольна i амаль цэлы дзень бавiў на апельсiнавых дрэвах ды эўкалiптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калi ж надвячоркам, а чацвёртай цi пятай гадзiне, дома пiлi чай, папугай таксама заходзiў у сталовую i, дапамагаючы сабе дзюбай i лапамi, узлазiў па абрусе на стол паесцi размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любiў чай з малаком.

Пэдрыту вельмi падабалiся дзецi, i яны расказвалi яму столькi рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: 'Добры дзень, папугайчык!', 'Смачная каша!..', 'Каша для Пэдрыты!'. Казаў ён i яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаi, як i дзецi, вельмi лёгка запамiнаюць паганыя словы.

Калi пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры i цiхенька нешта сам сабе баяў. Калi ж ладзiлася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.

Як бачым, гэта быў зусiм шчаслiвы папугай. I апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкi, ён, як заможныя людзi, таксама а пятай гадзiне пiў чай.

I вось, пры ўсiм гэтым шчасцi, здарылася так, што адным дажджлiвым надвячоркам пасля пяцi дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца i Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапанiў:

- Якi цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!

I паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унiзе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў i ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.

I раптам ён убачыў праз галiнкi, што на зямлi блiшчаць два зялёныя агеньчыкi, быццам два вялiзныя светлякi.

'Што гэта? - падумаў папугай. - 'Смачная каша!', 'Што гэта будзе?', 'Дзень добры, Пэдрыта!..'

Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаi, - бязладна блытаючы словы, i часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмi цiкаўны i, пераскокваючы з галiнкi на галiнку, пачаў падсоўвацца ўсё блiжэй i блiжэй. I раптам убачыў, што тыя два агеньчыкi - гэта вочы вялiкага ягуара, якi ўвесь напружыўся i пiльна глядзiць на яго.

Але Пэдрыта быў такi задаволены пагодным днём, што зусiм не спалохаўся.

- Дзень добры, ягуар! - сказаў ён. - 'Лапу, Пэдрыта!'

А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:

- Дзе-нь-доб-ры!

- Дзень добры, ягуар! - паўтарыў папугай. - 'Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..'

Ён паўтарыў столькi разоў 'смачная каша', таму што было ўжо чатыры гадзiны i яму вельмi хацелася папiць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, i таму запрасiў пачаставацца i ягуара.

- Смачны чай з малаком! - сказаў ён. - 'Дзень добры, Пэдрыта!' Цi не хочаш папiць са мной чаю, сябра ягуар?

Але ягуар раз'юшыўся - яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны i захацеў з'есцi гаваркую птушку. Ягуар адказаў:

- Доб-ра! Па-ды-дзi тро-хi, я не чу-ю!

Ягуар быў не глухi, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў блiжэй i яго можна было схапiць адным махам. А папугай думаў толькi пра тое, як будзе прыемна прыйсцi дадому i пiць чай з малаком з такiм цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галiнку, блiжэй да зямлi.

- Дома смачная каша! - зноў крыкнуў ён на ўсё горла.

- Блi-жэй! Не чу-ю! - прахрыпеў у адказ ягуар.

Папугай зляцеў яшчэ трошкi нiжэй i сказаў:

- Смачны чай з малаком!

- Яш-чэ блi-жэй! - паўтарыў ягуар.

Няшчасны папугай падсунуўся зусiм блiзка, i ў гэтую хвiлiну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапiў Пэдрыту кончыкамi кiпцюроў, i хоць забiць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спiне i ўвесь хвост. На хвасце ў небаракi не засталося нiводнага пёрка.

- Вось табе! - рыкнуў ягуар. - Iдзi цяпер, пi сам свой чай з малаком.

Папугай закрычаў ад болю i жаху i паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, якi ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, i ўсе птушкi, якiя сустракалiся яму па дарозе, спалохана кiдалiся ўпрочкi, убачыўшы такую дзiўную iстоту.

Урэшце ён усё ж дабраўся дадому i адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзiўная й сама брыдкая птушка на свеце - увесь абскубены, бясхвосты, сiнi ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такiм выглядзе? I тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялiкага эўкалiпта. Дупло было велiчынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго i лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.

Тым часам усе ўжо сабралiся ў сталовай i вельмi дзiвiлiся, што папугая няма.

- Дзе ж гэта Пэдрыта? - казалi яны i клiкалi. - Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!

Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў цiха, моўчкi i нiчога не адказваў. Яго шукалi паўсюль i нiдзе не маглi знайсцi. I тады ўсе падумалi, што Пэдрыта загiнуў. I дзецi заплакалi.

Кожны дзень, надвячоркам, калi наставаў час пiць чай, яны ўспамiналi папугая i прыгадвалi, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаi з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо нiколi яго не ўбачаць, бо ён нежывы.

Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нiкому не паказваючыся, бо яму было вельмi сорамна, што яго абскублi як нейкае мышанё. Ён вылазiў толькi ўначы, каб пад'есцi, i тут жа вяртаўся назад. А на досвiтку асцярожна вылазiў зноў i ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, i гэта кожны раз вельмi яго засмучала.

I вось нарэшце настаў дзень цi вечар, калi ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, пiла чай, i раптам усе ўбачылi Пэдрыту. Нiбыта нiчога i не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагi на нагу, увайшоў у пакой.

- Пэдрыта, папугайчык! - закрычалi яму. - Што з табою здарылася, Пэдрыта?! I якiя блiскучыя ў цябе пёры!

Нiхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты - новыя. А Пэдрыта напусцiў на сябе вельмi сур'ёзны выгляд i не адказваў нi слова. Ён еў намочаны ў чаi з малаком хлеб i ўвесь час маўчаў.

Тым большае было здзiўленне ў гаспадара дома, калi ранкам наступнага дня папугай падляцеў i, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвiлiны ён расказаў гаспадару ўсё, што з iм адбылося: i як ён лятаў у Парагвай, i як сустрэўся з ягуарам, i ўсё астатняе. I ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:

- Нi пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Нi пёрка! Нi пёрка!

А потым ён прапанаваў гаспадару пайсцi ўдвух папаляваць на ягуара.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату