сказаў:

- Урэшце, калi вам спатрэбiцца кнiга, накажыце. Я нешта вам знайду i прынясу.

Кантэн ведаў, што ён павiнен быў адказаць. Патрэбныя словы, незалежна ад яго волi, былi падрыхтаваныя ў яго свядомасцi яшчэ тады, калi на фоне зацягнутага туманам лесу Мулатаў узнiкла невялiкая чорная кропка.

Яны сустрэлiся позiркамi, i абодва амаль адначасова заўсмiхалiся. Стары сказаў:

- Добра, няхай сабе будзе так. Падбярыце мне што-небудзь, што я не чытаў. Можаце прынесцi паслязаўтра, у другой палове дня.

На настаўнiкавым твары з'явiлася яшчэ большая ўсмешка, але раптам ён нахмурыў лоб, зiрнуў на дзверы, прыслухаўся i цiха вымавiў:

- Здаецца, мадам Кантэн не ў гуморы.

- Нiчога не зробiш. Яе таксама трэба зразумець. Гэта яшчэ дробязi. На мяне яна не так бурчыць, усё жыццё бурчыць... Але я да ўсяго прывык. Гэта стала часцiнай майго iснавання - слухаць яе бурчанне.

Гаварыў гэта Кантэн жартаўлiвым тонам, i настаўнiк, якi ўжо пачаў непакоiцца, заўсмiхаўся зноў. Ён расслабiўся, абапёрся локцямi на стол i стаў глядзець на водблiскi агню ў замёрзлым акне.

Цiшыня ўжо не здавалася такой шчыльнай, як некалькi хвiлiн назад. Побач з агнём не адчувалася, што на дварэ зiма. Кантэну прыемна было сядзець насупраць гэтага рослага i незвычайнага хлопца. Яны не першы раз бавiлi гэтак час, моўчкi паглядаючы адзiн на аднаго. Кожны думаў пра сваё. Час ад часу перакiдвалiся словам. Гэта слова магло азначаць назву кнiгi, гiстарычную альбо сучасную падзею... Пасля пачыналася размова. Кантэну падабалiся гэтыя размовы, як i доўгiя маўчаннi перад iмi. Ён любiў iх неяк своеасаблiва, як, скажам, адначасова любяць цень i сонца. Яму патрэбен быў гэты абмен думкамi, як патрэбная была i гэтая цiшыня, сярод якой ён быў не адзiн. Не ўсё ў ёй было зразумелае, але Кантэн адчуваў, што гэтая цiшыня зблiжае iх. Каб пераканацца, што гэта менавiта так, стары iмкнуўся ўявiць на месцы настаўнiка каго-небудзь iншага з мужчын, але гэта было не тое. Ён не стараўся адгадаць настаўнiкавы думкi. Для яго гэта не мела нiякага сэнсу. Галоўнае, што настаўнiк сядзеў тут, насупраць, што ён быў часцiнай таго моманту жыцця, калi Кантэн адчуваў сябе шчаслiвым, моманту, у якiм кожны з iх займаў сваё месца.

Дзень заставаўся такiм жа шэрым, хоць за акном крыху пацяплела.

Кантэн прыкмецiў, што цяпер настаўнiк глядзiць на буфет, дзе стаiць фотакартка Марыi-Луiзы. Напэўна, ён думае аб ёй i ўяўляе, што яна дома. Вось яна заходзiць. Усе радуюцца. Потым сям'я сядзе за стол i будзе сустракаць шчаслiвыя i цёплыя Каляды. А настаўнiк застанецца адзiн у сваiм пустым пакоi, якi размешчаны над такiмi ж пустымi класамi. Ён будзе далёка ад гэтага дома, з усiх бакоў атуленага зiмой, у якiм адчувалася сапраўдная цеплыня.

Кантэну карцела зноў распачаць размову i пагаварыць пра Марыю-Луiзу. Яму толькi што здалося, што сёння iм больш няма чаго сказаць адзiн аднаму. Стары падумаў, што раздзеленая на абодвух цiшыня дасць iм больш, чым словы, аднак заўважыў сам сабе, што пра старэйшую дачку яны яшчэ не сказалi нi слова, нават iмя яе не прамовiлi. Хацелася пагутарыць пра яе, але Кантэн не ведаў, з чаго пачаць. Ён сустрэўся позiркам з настаўнiкам, i ў яго зноў з'явiлася ўпэўненасць, што яны знайшлi адзiн аднаго. Абодва з цяжкасцю шукалi патрэбных слоў. I ўсё-такi першы быў настаўнiк. Ён спытаўся:

- Цi пойдзеце вы сёння вечарам на вакзал сустракаць Марыю-Луiзу?

Пачатак гэтай фразы ён вымавiў занадта гучна, таму ажно сумеўся, што так груба парушыў спакой, i знiзiў у канцы голас амаль да шэпту.

Кантэн таксама адказаў цiха:

- Вядома, з такiмi дарогамi яна не зможа дайсцi адна. Я аднясу ёй боты, бо ў яе ж - гарадскi абутак.

- Калi можна, месьё Кантэн... Калi можна...

Ён змоўк, стары засмяяўся i скончыў за яго:

- Калi можна, я пайду з вамi.

Настаўнiкаў твар, якi ўжо набыў сваю звычайную бледнасць, зноў расчырванеўся, i ён прамармытаў:

- Урэшце, вам лепш пайсцi аднаму.

Кантэн не звярнуў увагi на гэтыя словы i цвёрда сказаў:

- Дамовiмся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.

Настаўнiк захваляваўся яшчэ больш:

- Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмi ўдзячны...

Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулi дзверы, i Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сiгналу, падняўся, каб узяць у рукi кнiгу, якая ляжала на столiку побач з печчу.

- Сядзiце, - сказаў ён настаўнiку, якi памкнуўся ўстаць з крэсла.

Стары сеў зноў, паклаў на каленi кнiгу i, паколькi жанчыны ўжо заходзiлi ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:

- Я хацеў вярнуць яе вам у мiнулы чацвер, як ездзiў на рынак, але не захапiў з сабою. Па дарозе ўспомнiў, ды позна было вяртацца.

- Нiчога страшнага, - ва ўнiсон яму адказаў настаўнiк.

- Аднак я прымусiў вас iсцi сюды, - прадаўжаў Кантэн. - А гэтакiм снегам дарога не вельмi прыемная.

Па позiрку, якi Iзабэла кiнула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькi пацiснула плячыма i пайшла да ракавiны. Настаўнiк нiчога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялiкую асалоду ён атрымаў, iдучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Iзабэла кiнула:

- Дзякуй богу, хоць здаволiўся хлопец!

Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралi з-за бразгання чыгуна, якi яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усмiхнуцца.

Дэнiза спынiлася за чатыры крокi ад мужчын i, схаваўшы за спiну рукi i апусцiўшы галаву, глядзела з-пад iлба на настаўнiка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён i раней заўважаў такi позiрк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнiкам. У яе заўсёды былi цяжкасцi ў вучобе, у асноўным з-за сарамлiвасцi. Настаўнiк здаваўся ёй нейкай незвычайнай iстотай, асаблiва тут, у iх доме. Цяпер твар у яго быў зусiм не такi, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэнiза глядзела на настаўнiка, было для яго невытлумачальнай рэччу.

За спiной у Кантэна не сцiхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летнi дзень, калi над раўнiнай недзе далёка збiраецца навальнiца. Але яшчэ невядома, куды яе пагонiць вецер.

Раптам грукатанне спынiлася. Iзабэла iмклiва перасекла кухню, несучы ў руках конаўку з цёплай вадой i кашолку з-пад яек. Перад тым як выйсцi за дзверы, яна крыкнула:

- Дэнiза, чаго стаiш як слуп! Iдзi памый сподкi, а пасля накрышы яблыкаў на кампот.

Павярнуўшыся ўсiм целам да гаспадынi, настаўнiк прыўзняўся з крэсла i сказаў:

- Пара ўжо мне...

Але дзверы грукнулi якраз пасярэдзiне яго фразы. Настаўнiк завагаўся. Яго рука ўзнялася ў напрамку Кантэна, пакалыхалася i апусцiлася ўнiз. Ён павярнуўся да печы i спытаўся ў Дэнiзы:

- Гэта вы зрабiлi такiя яселькi?

- Ага, разам з мамай, пан настаўнiк.

Твар у малой засвяцiўся. Яна заўсмiхалася i наблiзiлася да настаўнiка. Той, сагнуўшыся ў дугу, доўга глядзеў на прыпечак, потым падняў яловую галiнку i ўздыхнуў:

- Прыгожа... Сапраўды, вельмi прыгожа.

Дэнiза маўчала, i бацька падышоў блiжэй, стаў тлумачыць:

- Яны хацелi зрабiць Марыi-Луiзе сюрпрыз. Калi яна яшчэ жыла дома, для яе сама вялiкай радасцю было рабiць яселькi. Яна пачынала гаварыць пра iх за два месяцы да Каляд. А я якраз нядаўна быў на лесанарыхтоўках у ваколiцах Рубо i ссек там гэтыя дзве лапкi.

Настаўнiк выпрастаўся. Ён глядзеў шчаслiвымi вачыма то на яселькi, то на Дэнiзу. Потым кiнуў позiрк на партрэт Марыi-Луiзы.

- Якая цудоўная думка, - сказаў ён нарэшце, - размясцiць яселькi на прыпечку.

Тут i ў Дэнiзы развязаўся язык. Яна з захапленнем прагаварыла:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

2

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату