• 1
  • 2

- Ура! ура! прафесар! - крыкнулi вароны, галкi i сарокi.

А 'прафесар', яшчэ раз зiрнуўшы на грудок, што дымiўся, i на лагчынку нiжэй грудка, - ён быў пэўны, што агонь не пяройдзе праз лагчынку, - сказаў з поўнаю перакананасцю:

- Агонь патухне, дойдзе да лагчыны i...

Крумкач раптам сарваўся i не скончыў таго, што меўся сказаць: падзьмуў вецер i запарушыў прамоўцу вочы. Крумкач сарваўся з галiны i паляцеў, як непрытомны, немаведама куды, што вельмi здзiвiла грамаду.

- Што з iм сталася?

- З вялiкай вучонасцi нешта прыключылася, - чулiся галасы.

- На ўсё ёсць прычына, - уздыхнула сарока.

- Балван! - шыкнуў злосна цецярук.

Разышлося, разляцелася i распаўзлося балотнае грамадства, заспакоенае ўсё ж такi словамi крумкача.

Чакалi далейшых падзей, чакалi з цiкавасцю. Балота ж дымiлася i дымiлася. Цёмна-шэрая пляма навокала дубовага пня ўсё расла i расла. Пень i ўсе рэшткi ад дуба сатлелi. Увесь груд, дзе стаяў дуб, выгараў дашчэнту. Тысячамi нявiдных сцежачак наступаў агонь на балота; далёка чуўся пах гары, а лес i гакi засцiлалiся дымам.

- Глядзiце: агонь даходзiць да лагчыны!

- Лагчына пачынае гарэць!

- Агонь пераходзiць лагчыну!

- Насланне нейкае: як гэта можа гарэць лагчына? - дзiвiўся бусел.

- Справа дрэнь! Справа дрэнь! - гракала варона.

- А крумкач пацяшаў, што агонь далей лагчыны не пойдзе, - скардзiўся перапужаны драч.

- Крумкач - дурак! - прамовiў журавель.

- Трэба нешта рабiць! - пiшчаў камар.

- Трэба, трэба, - цвiркаў конiк.

- Так, так! - згаджалася качка.

- Нядружны ў нас народ, - азвалася галка.

- Паслухайце мяне, грамада! - выступiў бусел. - Агонь вады баiцца. Давайце насiць ваду на агонь!

- Насiць, насiць! - загула грамада.

Усе рынулiся па ваду. Бусел камандаваў i падымаў дух у грамады. 'Патушым пажар! Спынiм варожую сiлу!' - пакрыкваў ён i паддаваў ахвоты.

Цэлы дзень да самага цямна насiлi ваду, лiлi на агонь i цешылiся, што цяпер-то, напэўна, патухне. Але як здзiвiлiся назаўтра, калi пабачылi, што балота гарыць далей.

Бусел звесiў свой доўгi нос. Смутак апанаваў усiх. Зноў пачалiся нарады, разважаннi i, як i раней, стаяла тое ж неразгаданае пытанне: чаму гарыць балота?

I ў момант самай цяжкай роспачы нечакана з'явiўся крумкач. Усе незвычайна ўзрадавалiся.

- Нешта скажа! Нешта скажа! Напэўна прыляцеў з добраю весткаю! - насiлася ў грамадзе.

- Прафесар будзе гаварыць! Прафесар скажа нешта незвычайнае! - затрашчала сарока.

А 'прафесар' цiшком аглядаў балота i заўважыў маленькi ручаёк, што цёк праз балота. Ён быў упэўнены, што праз гэты раўчак агонь не перакiнецца. Вось ён i прыляцеў сюды, каб падтрымаць сваю рэпутацыю вучонага.

- Грамадзяне! - пачаў крумкач. - Вы, напэўна, былi здзiўлены, калi я ў мiнулы раз змушаны быў перарваць сваю прамову, - на тое была свая прычына, як i казаў я вам, што ўсё на свеце мае сваю прычыну.

- Я так i казала, - у захапленнi затрашчала сарока.

- Усё на свеце мае сваю прычыну. Што гэта значыць? А гэта значыць - усё i нiчога. Усё - для вучоных, нiчога - для невукаў. Вы дзiвiцеся, што агонь не гасне, i гэта вас непакоiць i трывожыць. Чаму не гасне агонь? Не гасне таму, што дуб быў вялiкi i душа яго вялiкая. А след ад вялiкай душы застаецца на свеце доўга.

- Ах, родненькiя мае! Як гэта ён складна гаворыць! - у скуры не тоўпiлася сарока.

- Але памятайце маё слова: агонь дойдзе да таго цёмнага вала, што цягнецца па краi балота, i далей не пойдзе.

- Ура! ура! Няхай жыве прафесар! - гучна крычала грамада.

Адзiн толькi цецярук скептычна азваўся:

- Шалдуй-балдуй!

На развiтанне 'прафесар' сказаў:

- Аставайцеся здаровы, будзьце пэўныя i не трывожцеся дарэмне: агонь пагасне - на ўсё ёсць свая прычына!

Грамадою i з пашанаю праводзiлi крумкача да самага лесу. Вярнуўшыся, чакалi далейшых падзей. I ўсё iшло так, як i казаў крумкач. Агонь падыходзiў да высокага вала. А калi ён наблiзiўся да самага раўчака, то камар зларадна заявiў:

- Брэшаш! Тут канец табе!

Але на высокiм вале была сухая трава. Па траве перакiнуўся агонь на другi бок, i сам камар задохся ў дыме. А па той бок раўчака для агню пачынаўся шырокi разгон.

I пачалася страшэнная сумятня на балоце.

- Пажар! пажар! - галасiлi вароны.

Мышы i пацукi табунамi паперлi з балота, за iмi папаўзлi вужы, гады i ўсякая поскудзь.

- Сканчэнне свету! - свiстаў бакас, кiдаючыся з куста ў куст.

Бусел, журавель i чапля пад шумок паляцелi на цёплыя воды, каб адпачыць ад згрызот i паправiць здароўе.

А на тым месцы, на балоце, дзе раней перайшоў агонь, пачала рунець новая лапушыстая трава i буяць сакавiтыя маладыя краскi.

Прафесар крумкач, публiчна абсаромiўшыся два разы, зашыўся ў густы лес i ўсё круцiць мазгi над пытаннем: чаму гарыць балота, нягледзячы нi на якiя перашкоды?

На ўсё ёсць прычына.

Як пачаў, так i канчаю.

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×