свету. Сапраўды, чалавечы лёс не больш чым воля рукi гасподняй!
I Хама адчула каханне да мужчыны - гэта здаралася з ёю рэдка, вельмi рэдка, - i пры расставаннi папрасiла што-небудзь на памяць. Ён сумна ўсмiхнуўся, сказаў: 'Ну што ж...' i напiсаў на памiнальнай таблiчцы вершы ў стылi 'дзеку', а пад iмi дату i сваё iмя.
- Прашу цябе, нiкому не паказвай, - сказаў ён, i яны рассталiся.
Прайшло многа-многа гадоў. На свеце настаў мiр. I так было цiха i спакойна навокал, што ў вёсцы ля падножжа гары сярод заможных сялян завялося нямала аматараў чайнай цырымонii i нават паэзii. Адзiн такi аматар часта падымаўся на гару i прыходзiў у келлю Хамы на чайную цырымонiю. Можа, пустэльнiца абуджала ў iм невыразную цiкаўнасць, а можа, ён i праўда глыбока паважаў яе хатнi алтар - хто ведае, але толькi аднойчы гэты чалавек, асцярожна перабiраючы Хамiны рэлiквii, выпадкова знайшоў таблiчку з вершамi невядомага манаха. Ён уважлiва прачытаў i перачытаў вершы i здзiўлена ўсклiкнуў:
- Не можа быць! Подпiс без сумнення належыць Акэцi Мiцухiда! Без сумнення... Паважаная пустэльнiца, прашу вас, скажыце, як апынулася тут гэтая таблiчка? Але дзiўна... Дата... на тры гады пазней, як Мiцухiда загiнуў у Хонадзi... Што? Вандроўны манах напiсаў?.. Ха-ха-ха! Ну i спрытнюга! Ашукаў вас, панi пустэльнiца, гэты багамолец Буды!
Ёй было ўсё роўна, цi наведаў яе келлю Акэцi Мiцухiда, цi вандроўны манах, якi паставiў яго подпiс, цi яшчэ нехта. Якое гэта мела значэнне? Хiба не было той дзiўнай ночы i дзвюх душ, якiя злiлiся разам у сярэбраным i звонкiм свеце, дзе ўладарылi месяц, цыкады i духмяныя начныя травы?..
А потым... Што ж было потым?.. Ды шмат рознага. Быў багацей з Эда, вялiкi аматар жаночага цела, якi пратаптаў сцяжынку да яе келлi. Доўга ён угаворваў Хаму ўступiць яго страсцi i нарэшце ўсё ж такi звёз яе ў Эда i падарыў ёй дом.
Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылi яны з iм сям'ёю як мае быць.
Але мужчыны рана цi позна памiралi. I кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.
Iшлi гады. Змянялiся эпохi. Змянялася жыццё. Толькi адна Хама заставалася ранейшай.
- Панi... - ад саду да галерэi падышоў слуга. - Дылiжанс каля варот.
- Зараз iду...
Хама схавала ў маленькi скрутак памятныя запiсы - маёмасць, з якой яна некалi прыйшла ў гэты дом i з якой цяпер адыходзiла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукi, пакланiлася таблiчцы з iмем нябожчыка i ўстала.
Гэты апошнi яе муж быў вельмi багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькi цэлую флатылiю, якая хадзiла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохi Мейдзi яшчэ больш разбагацеў на гандлi рысам. Хама спадабалася яму. Згвалцiўшы яе, ён прымусiў яе пераехаць у Токiо, а калi ў яе адраслi валасы, зрабiў пустэльнiцу сваёй афiцыйнай палюбоўнiцай i падарыў асабняк.
У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўнiц, i кожнай - свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, якi называўся палацам, дзень i ноч аплакваючы здраднiка-мужа. Так яна i памерла - у слязах i раскошы. Дзве яго ўтрыманкi, прыхапiўшы каштоўнасцi, збеглi з маладымi хлопцамi, i тады ён афiцыйна ажанiўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сцiплае, нiякiх гасцей не запрашалi.
Яго дачка ад першага шлюбу атрымала ў спадчыну бацькаву лiхую кроў - i аднойчы збегла з рыкшам i з таго часу пайшла па благой дарозе. Сын бадзяўся па прытонах i ўрэшце, згаварыўшыся з некалькiмi гулякамi i гульцамi, якiя праматалi ўсё, скончыў самагубствам. Аднак памёр толькi ён, тыя выжылi. Хамiн муж i сам дрэнна скончыў: за хабар чыноўнiкам сеў у турму, праз тры гады вярнуўся дадому паралiзаваны, у каросце. За гэты час усё яго багацце сплыло, захаваўся толькi асабняк, якi некалi называўся палацам, а цяпер пераўтварыўся ў сапраўдны дом з прывiдамi.
З чэлядзi засталiся толькi двое - слуга i служанка. Хама самааддана даглядала агiднага старога - таксама, як i ўсiх.
4
- Значыць, так... - сказаў начальнiк будаўнiцтва, якi толькi што вярнуўся з сталiцы. - Давядзецца тужыцца i закончыць усе работы на два тыднi раней тэрмiну. Я атрымаў ад мiнiстра добры наганяй. Уся справа ў iншаземцах. Дэлегацыя пажадала прыехаць раней, чым было дамоўлена, i неадкладна агледзець будоўлю.
- Нiчога не атрымаецца, - галоўны iнжынер пацiснуў плячамi.
- Павiнна атрымацца. Нам даюць дадаткова некалькi дзесяткаў звышмагутных экскаватараў i атамных лапат, - начальнiк зiрнуў на наручны гадзiннiк. Па-мойму, мiнiстр гарыць жаданнем устанавiць новы рэкорд у шасэйным будаўнiцтве. Напэўна, у гэту самую хвiлiну ў аэрапорце ўжо прызямляюцца транспартнiкi- цыклопы. А ўжо адтуль абсталяванне нам як бачыш даставяць. На верталётах 'Самсон'.
- Дарэмна. Спешка тут не дапаможа, - запярэчыў адзiн майстар. - Пракапаць тунель не жарт. Праходчыкi iдуць з двух бакоў, насустрач адзiн аднаму, але ўсё роўна менш чым у дзесяць дзён не ўкладуцца. Гара, а не якi-небудзь узгорачак. Ды днi чатыры на аблiцоўку, бетанаванне, мантаж электроннага абсталявання.
- А мы не будзем капаць! - начальнiк акiнуў прысутных пераможным позiркам. - У праект унесены iстотныя папраўкi. Не марнаваць жа столькi часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!
- Што? Узрыў?.. Дык гэта ж... - галоўны iнжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.
На роўным, як стол, полi недалёка ад будаўнiцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпалiся ўзброеныя салдаты.
- Вось якраз... - сказаў начальнiк будаўнiцтва, кiсла жмурачыся ад яркага сонца i нясцерпнага металiчнага бляску верталёта. - Узрыў... Гэта... - ён махнуў рукой. - Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка... Тэхнiка на мяжы фантастыкi - пякельная машына для патрэб будаўнiцтва. Гара знiкне як дым... Радыяцыi не будзе, а калi нават i будзе, справу завершаць не людзi, а будаўнiчыя аўтаматы.
Галоўны iнжынер мiмаволi зiрнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзiўная. Царыца сярод iншых гор. Уся пакрытая рэлiктавымi соснамi. Ахоўвалася да гэтага часу як помнiк культуры. I вёска каля яе падножжа - таксама помнiк. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў... У гэтую гару цяпер упiралася стужка скораснай шасэйнай дарогi. Зручная дарога. Шырыня сто метраў...
Блакiтная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўднi, перасякаючы раўчукi i рэкi... А па ёй з мiнiмальнай хуткасцю трыста кiламетраў паiмчацца аўтамабiлi з электроннымi аўтавадзiцелямi...
Каля падножжа гары, парослай векавымi лясамi, цяпер варушылiся цыклапiчныя экскаватары, узвышалiся вежавыя краны. I ўся гэтая машынерыя скрыгатала, хрыпела i ранiла цiшыню бяздушнымi механiчнымi галасамi.
I раптам завыла сiрэна. Як блiзкая зарнiца, сiняву неба прачарцiў чырвоны сцяг. I тут жа машыны пачалi адступленне - адыход ад пазiцый, якiя нядаўна заваявалi. Машыны саступалi месца другiм, яшчэ больш магутным i дасканалым. Грукат выбухаў змоўк. У наступ пайшлi салдаты-мурашкi, адзетыя ў унiформу колеру хакi. А на чале армii павольна рухаўся цягач, увенчаны ярка-чырвоным, як свежая кроў, цылiндрам. Ён поўз проста да дзiркi нядаўна пракапанага тунеля.
- Увага! Увага! - загаварыў гучнагаварыцель на цягачы. - Камандзiр асобай ударнай групы просiць пацвердзiць, што вакол гары нiкога не засталося...
- Навакол нiкога няма, - адказаў начальнiк будаўнiцтва ў мiкрафон. Мясцовыя жыхары эвакуiраваны яшчэ да пачатку будаўнiчых работ.
- Спадар начальнiк! - усклiкнуў раптам адзiн малады iнжынер. У хлопца лiхаманкава блiшчалi вочы. З-за спiны выглядвала некалькi сялян, усе - вельмi старыя. - Людзi гавораць, што не ўсе эвакуiравалiся!
- Што? Як гэта не ўсе? - начальнiк пабялеў.
- Адзiн чалавек застаўся... Жанчына... Яна сказала, што тунель яе не цiкавiць. Ну... нiякай ёй справы няма да тунеля... Яна жыве тут. Даўно ўжо. Цяпер перабралася яшчэ вышэй, амаль на самую вяршыню гары. Пра яе нiхто не ведаў. Вось толькi гэтыя старыя помнiлi, што жыве тут, на гары, жанчына. Яны спрабавалi ўгаварыць яе перабрацца куды-небудзь, ды яна заўпарцiлася...
- Яна што, вар'ятка? - начальнiк будаўнiцтва прыцмокнуў языком i нацiснуў на кнопку сiгналу трывогi.
- Не ведаю... Можа, i вар'ятка. Але кажуць, маладая, прыгожая... Манахiня... здаецца...
- Так, так... - начальнiк нахмурыўся. - Манахiня, маладая... Ударны атрад! - крыкнуў ён у мiкрафон. - Увага! Прашу пачакаць, пакуль я не знайду гэтую жанчыну... Што? Ага, вядома... Сапёры кажуць, што могуць чакаць не болей дзвюх гадзiн, iнакш уся будоўля выйдзе з графiка.
У галаве маладога iнжынера маланкай блiснулi схемы i планы, дыяграмы, графiкi. ЭВМ распрацавала ў