апраўданне? I чаму я павiнен перад iм апраўдвацца? Ён што, следчы цi суддзя маёй душы? Iлжэмiкалай нiхто для нашай рэчаiснасцi, бо iсную я. Пры размове аб Клаўдзi ў мяне ёкнула пад лыжачкай. Так, я люблю яе! Вядома, нiчога благога ў гэтым няма. Але ж яна... Яе забiў туман! О жах! Я зразумеў, што кахаю Клаву, тады, калi яе не стала... Яна не можа чакаць. Яе ўжо няма, памерла...
- Клава памерла, Мiкалай, - панiклым голасам сказаў я. На твары ў Iлжэмiкалая мiльгануў цень пагарды.
- Памёр яе двайнiк.
- Дык i ў яе...
- I ў яе. Паела агурочкаў i раздваiлася. Тое ж самае было i з намi.
- Ты хочаш сказаць, што гэта ўсё... Што ва ўсiм вiнаватыя лясныя агурочкi? - Я схапiўся за галаву.
- Ды не перажывай ты так! - нечакана падабрэў Iлжэмiкалай. - Нiбы цябе на пакаранне смерцю вядуць.
- А дзе ж?.. А хто ж тады стварыў гэты агарод i навошта?
Iлжэмiкалай не адказаў i толькi пацiснуў плячыма. 'Вось дык не шанцуе, падумаў я тады. - Што ж адбываецца са мной?' Мне здавалася, што хтосьцi невядомы, апрача Лжэмiкалая, назiрае за намi, што разам з Iлжэмiкалаем мы трапiлi ў велiчэзны мурашнiк, поўны хадоў-лабiрынтаў, i мы тыцкаемся насамi, як невiдушчыя, i ўвесь час натыкаемся на суцэльную сцяну. Але ж дзесьцi павiнна быць выйсце! Але дзе ж яно? Дзе?
- Дзе той мясцовы архiтэктар прыроднай спажывы, што стварыў гэты агародзiк? - зноў спытаўся я ў Iлжэмiкалая, хоць ён так нiчога мне i на адказаў.
'Не, гэта бязглуздзiца! Трызненне!! Не можа такога быць!!! Я перамёрз, i ў мяне страшэнная тэмпература. Гэта пройдзе. Абавязкова пройдзе, - падумаў я. Гэта толькi мая хворая фантазiя малюе перада мной такiя неверагодныя карцiны'.
Але ж Мiкалай усё-такi iснаваў, разважаў, размаўляў са мною, як з роўным. Ён стаяў ля сасны, абапёршыся плячом аб яе шурпаты, напэўна, стогадовы ствол. Куртка на iм была такая ж, як у мяне. I з кiшэнi ягонай курткi, як i ў мяне, тырчаў краёчак яшчэ не распачатага зялёнага агурочка з прыемнымi пухiркамi.
14. Фiлiпоўскi
Ну, нарэшце! Цяпер зразумела, хто ёсць хто. Як жа напусцiць на Лжэмiкалая туману? Ды так, каб яго не ўбачыў сапраўдны Салдаценкаў? Яму даволi таго, што ўбачыў, як туман расправiўся з Iлжэклаўдзяй. Дзе я тады пралiчыўся - розуму не дабяру. Яшчэ i яшчэ раз пераконваюся, што Зямля - незразумелая планета. А людзi на ёй - тым больш. Сёння перадам дакладную старэйшаму назiральнiку. Няхай звальняюць з работы. Болей не магу. Павiнен жа быць нейкi канец. Няхай мне не залiчаць камандзiроўку, але не магу я тут болей. Не магу прымаць гэтыя пачастункi ў выглядзе бутэлек з каньяком ды кардонак з цукеркамi. Няўжо людзi прывыклi кожнаму даваць i ад кожнага браць? Дык гэта ж не па правiлах. I пра гэта не напiсана нi ў воднай паперыне, нi ў адным распараджэннi. Я толькi назiральнiк, i для мяне iснуюць усе законы i распараджэннi. Для людзей жа, напэўна, законы не пiсаны. Праўдзiвей кажучы, яны жывуць не паводле пiсаных законаў, а па тых, якiя прыдумалi самi. Вось адсюль i мiласцiны, цi, як яшчэ прынята гаварыць, хабары. Але што можна лiчыць хабарам?
...А я не хачу нiчога браць i не бяру нiчога. Нi ў кога. Вось мяне... i празываюць белай варонаю. А чаму? Напэўна, нiкому не хочацца прызнавацца ва ўласнай дурноце? За ўвесь час, пражыты на Зямлi, я так i не зразумеў, чаму таго чалавека, якi выконвае ўсе прадпiсаннi, распараджэннi i законы, лiчаць выключэннем з правiлаў? Якiх правiлаў? Так нi ад кога i не дазнаўся. Напэўна, я ўжо атрафiраваўся i мае даследчыя высiлкi пайшлi на глум. Не, я ўжо не даследчык. Мне ўвесь час так i карцiць умяшацца ў тую цi iншую справу. Разумею, я - назiральнiк, нi аб якiм умяшаннi i гаворкi не можа быць. Жыць жа па-за зямнымi законамi - гэта амаральна. Але людзi жывуць. Як яны жывуць - не ўцямлю. Не, напiсаныя iмi законы - не для iх. Не, гэта глухiя нетры, у якiх я заблудзiўся, як той казаў, канчаткова. Спрабую яшчэ хоць што зрабiць, каб зразумець чалавецтва, але, напэўна, мае мiзэрныя спробы ўжо нiчога не дадуць. Я стаў стары, стаў кансерватарам. Гэтаму мяне навучылi людзi. Мне цяжка збавiцца ад неадчэпнай iдэi, што я ўжо не назiральнiк, а сапраўдны зямлянiн з усiмi ўласцiвымi яму адхiленнямi ад нормы...
Дык як жа абысцiся з Iлжэсалдаценкавым? Лiквiдаваць няцяжка. Ды як на гэта паглядзiць сапраўдны Салдаценкаў? Яны сустрэлiся толькi сёння. Але гэта не мая прыхамаць. Павiнен жа я быў ведаць, хто ёсць хто? А што далей зрабiць?
15. Салдаценкаў
Не, ён не звiхнуты, як здалося мне спачатку, калi Фiлiпоўскi з'явiўся на ўзлеску, куды мы з Iлжэмiкалаем выйшлi ўдвух. Проста Фiлiпоўскi быў тым непрыемным тыпам, якiя яшчэ трапляюцца ў нас. З iм немагчыма гаварыць. Усё рассыпаўся ў камплiментах i са мной, i з Iлжэмiкалаем. Я паспрабаваў быў пажартаваць, ды зразумеў, што з iм немагчыма ў жартаўлiвым тоне размаўляць. Усё разумее непасрэдна. Мяне яшчэ злавала гэтая яго iдыёцкая паслужлiвасць, цi што. Ды хiба толькi мяне. I Лжэмiкалай зразумеў гэта, бо не хацеў нават гаварыць з Фiлiпоўскiм, якi iшоў за намi ледзь не подскакам, трасучы сваiм вялiзным пузам. Быццам хтосьцi зверху прадпiсаў яму жыць па паперцы. Здавалася, што ў гэтым кепскага? Але гэта нiяк нi з чым не вязалася.
Раптам Фiлiпоўскi ўсклiкнуў. Мы разам з Iлжэмiкалаем спынiлiся i азiрнулiся. На нейкае iмгненне мне здалося, што Фiлiпоўскi зусiм расплыўся, што яго з'еў велiзарны жывот. Гэтага аказалася даволi, каб я не ўбачыў, як знiк Iлжэмiкалай. Калi азiрнуўся па баках, убачыў толькi густую пасму туману, што, выгiнаючыся, нiбы рэптылiя, змяiлася з палянкi, на якой стаялi мы, у глыб лесу.
- Куды дзеўся Лжэмiкалай? - спалохана запытаўся я ў Фiлiпоўскага, якi паспеў падысцi да мяне амаль ушчыльную.
- Вы ў мяне пытаецеся?
- Мусiць, вам нешта вядома.
- Мне?.. - паспрабаваў здзiвiцца Фiлiпоўскi, i мне здалося, што ён усё ж нешта ведае, бо яго вочы былi нiбы за непранiкальнай заслонай.
- Так, так, - незразумела сказаў Фiлiпоўскi i, узяўшы мяне пад руку, пацягнуў з лесу на невялiчкую сцежку. - Вас ужо, Мiкалай Мiкалаевiч, прачакалiся там, на турбазе. Усе шукаюць. I даволi даўно.
- Дык куды ж дзеўся Лжэмiкалай? - усё яшчэ дапытваўся я.
- Ды не было такога. Не было, i ўсё, - сказаў ён i паспрабаваў перавесцi гаворку зусiм на iншае. Стаў гаварыць пра надвор'е, нешта пра дажджы, што зарадзiлi недарэчы якраз на гэтым тыднi.
- Вы кiньце зубы мне загаворваць, Канстанцiн Iванавiч, - сказаў я. - Ну няхай, Iлжэмiкалая не было. Але што вы скажаце пра Клаўдзю, якую змярцвiў iдыёцкi туман?
- Пра якi туман вы кажаце, Мiкалай Мiкалаевiч? Пры чым тут туман? - усё больш дзiвiўся Фiлiпоўскi. - Так. Туман быў i ёсць. Хiба мала тут туманаў? А Клаўдзя... Клаўдзя на турбазе. Дапамагае кухарцы нашай абед гатаваць. Якi туман? Вы нешта блытаеце, Мiкалай Мiкалаевiч.
- А агурочкi? - Я ўважлiва назiраў за выразам твару Фiлiпоўскага, якi пры слове 'агурочак', як мне здалося, спачатку пазелянеў, потым збялеў.
- Агурочкi? - Фiлiпоўскi паiдыёцку ўсмiхнуўся. - Дык i гэтага...
- Вы хацелi сказаць - не было, - перасцярог я яго.
- Сапраўды, - узрадавана сказаў ён.
- А гэта? - Я дастаў з кiшэнi невялiкi, з кволымi цёмна-зялёнымi пухiркамi лясны агурочак.
Фiлiпоўскi нiчога не сказаў i, нiбы рыба, выкiнутая з вады на бераг, пачаў сутаргава глытаць ротам паветра. Потым нечакана змянiўся, выхапiў у мяне з рук неабвержны рэчавы доказ, запхнуў увесь агурочак у свой вялiзны рот i хутка засоўгаў скiвiцамi.
- Не было нiякiх агурочкаў, не было, - нахабна лгаў ён, яшчэ перажоўваючы тое, што iмгненне таму назад было агурочкам. - Вы яго прыдумалi, Мiкалай Мiкалаевiч. Прыдумалi.
Што я мог сказаць на гэта? Чым даказаць адваротнае?
- Хадземце, а то на абед спознiмся, - раптам замiтусiўся Фiлiпоўскi i, як нiчога i не было, падцягнуўшы свае безразмерныя нагавiцы i паспрабаваўшы схаваць за iмi сваё неабдымнае пуза, патрухаў па дарожцы ў бок турбазы.
16. Яшчэ раз Салдаценкаў
Клаўдзя i праўда была жывая. Як я ўзрадаваўся, калi ўбачыў яе фiгурку недалёка ад увахода на турбазу.
- Ну, вы тут разбiрайцеся, а мне няма калi, - нечакана заспяшаўся Фiлiпоўскi, як толькi мы падышлi да турбазы. - I не забудзьцеся, Мiкалай Мiкалаевiч, што абед у нас у трынаццаць сорак пяць. Не спазнiцеся, калi ласка, Мiкалай Мiкалаевiч.
- Не спазнюся, - каб хоць неяк адчапiцца ад гэтага надакучлiвага i незразумелага ва ўсiм старога, сказаў я. Мне карцела хутчэй сустрэцца з Клаўдзяй. Пагаварыць i нарэшце прапанаваць руку i сэрца незанятага