Гэтага было дастаткова. Жах ахапiў мяне зноў. Хто ведае, можа, гэтыя людзi яшчэ больш небяспечныя, чым ваўкi?
- Заганiце коней у пячору, i ў нас будзе вальней, - пачуў я, i неўзабаве ў пячоры паявiлася пара коней. Убачыўшы Ф'ялара, яны заржалi, Ф'ялар заржаў у адказ. Потым конi суцiшылiся, пэўна, пасябравалi ў цемнаце. Людзi звонку, вiдаць, не зразумелi, што ржаў староннi конь, i спакойна размаўлялi.
Чаго яны з'явiлiся тут? Хто гэтыя людзi? Што iм трэба высока ў гарах ды яшчэ ўначы? Я быў так напалоханы, што ў мяне зуб на зуб не трапляў. Мне захацелася быць адсюль як мага далей. Але я быў тут. I са мной зусiм побач знаходзiлiся людзi, якiя маглi быць i сябрамi, i ворагамi, i мне неабходна было высветлiць, хто яны, як бы напалоханы я нi быў. Я асцярожна папоўз на галасы. Месяц свяцiў якраз над уваходам у пячору i крыху асвятляў тое месца, дзе я хаваўся. Павольна прасоўваючыся наперад, я iмкнуўся трымацца ў цемрыве.
Перад кучай ламачча, спрабуючы распалiць вогнiшча, сядзелi два чалавекi ў чорных шлемах, грубыя твары якiх асвятляў месяц. Упершыню я ўбачыў салдат Тэнджыла, i я ведаў, што гэта менавiта яны, жорсткiя, бессардэчныя людзi, якiя служаць Тэнджылу, каб знiшчыць зялёныя далiны Наджыялы. Я не хацеў трапляць iм у рукi. Няхай лепш парве мяне воўк.
Размаўлялi яны цiха, але ў цемрыве я падпоўз даволi блiзка да iх i чуў кожнае слова. Было падобна, што яны на кагосьцi злавалi, бо адзiн з iх з пагрозай сказаў: 'Я адрэжу яму вушы, калi ён зноў не прыйдзе своечасова!' 'Так, яго трэба правучыць, - абазваўся другi. - Мы павiнны сядзець тут дарэмна ноч за ноччу. Тады якая ад яго карысць? Забiваць паштовых галубоў? Гэта нядрэнна, але Тэнджыл жадаў бы большага. Ён жадаў бы кiнуць Сафiю ў Катлiну пячору, дык калi гэты чалавек не пасобiць узяць яе, то яму будзе дрэнна'.
I тут я зразумеў, што чалавек, пра якога яны гавораць i якога яны чакаюць, - не хто iншы, як Губерт.
'Не хвалюйцеся, - падумаў я, - набярыцеся цярпення, пакуль ён злупiць з ваўка шкуру. Ён хутка з'явiцца тут - чалавек, якi дапаможа вам узяць Сафiю'.
Я гарэў ад сораму. Мне было сорамна, што ў нас, у Вiшнёвай Далiне, быў здраднiк. Дзiўна, але я хацеў, каб ён прыйшоў, тады ў мяне быў бы доказ. Адна справа - падазраваць каго-небудзь i зусiм iншая - пераканана сказаць Сафii: 'Гэта - Губерт. Пазбаўся ад яго, iнакш i табе, i Вiшнёвай Далiне прыйдзе канец'.
Страшна было чакаць яго. Здраднiк - гэта штосьцi жахлiвае. Я адчуваў гэта ўсiм сваiм целам. Я амаль перастаў баяцца людзей ля вогнiшча ад таго, што хутка ўбачу, як з-за скалы на сцяжынку выходзiць здраднiк. Мяне агарнуў жах, што хутка ўбачу здраднiка, i ў той жа час да болю ў вачах глядзеў на тое месца, адкуль ён павiнен паявiцца.
Тыя двое ля вогнiшча глядзелi ў той бок, яны таксама ведалi, адкуль ён павiнен з'явiцца, але нiхто з нас не ведаў - калi.
Мы чакалi. Яны чакалi ля вогнiшча, а я - у сваiм сховiшчы. Ужо i месяц не асвятляў уваход у пячору, а час, здавалася, застыў на месцы. Нiчога не адбывалася, мы проста чакалi, ажно мне захацелася ў нейкi момант скочыць i закрычаць, каб пакласцi ўсяму канец. Здавалася, што ўсё чакае: месяц, горы вакол, як быццам уся месячная ноч стаiла дыханне, чакала здраднiка. Нарэшце ён паявiўся. Па сцяжынцы, залiтай месячным святлом, здаля наблiжаўся коннiк. Ён ехаў менавiта з таго боку, адкуль яго чакалi. Убачыўшы яго, я закалацiўся ўсiм целам: 'Губерт, як ты мог...'
У мяне ажно пачалi вочы балець ад доўгага ўзiрання, i я заплюшчыў iх. А магчыма, я заплюшчыўся, каб нiчога не бачыць. Так доўга чакаў гэтага недавярка, а цяпер, калi ён прыйшоў, я адчуў, што проста не магу глядзець на яго. Я заплюшчыў вочы i толькi па стуку капытоў разумеў, што ён наблiжаецца.
Нарэшце ён пад'ехаў, спынiў каня. Тады я адкрыў вочы, каб паглядзець, як выглядае здраднiк, бо ён здрадзiў такiм жа, як сам. Так, я хацеў бачыць Губерта, якi прыйшоў, каб здрадзiць Вiшнёвай Далiне i ўсiм, хто там жыве.
Але гэта быў не Губерт. Гэта быў Джосi! Залаты Певень...
8
Джосi i нiхто iншы!
Мне спатрэбiлася iмгненне цi крыху больш, каб апамятацца. Джосi - чалавек, якi заўсёды быў такi добры i такi лагодны, якi частаваў мяне пiрожнымi, якi супакойваў мяне, калi я сумаваў, - i ён быў здраднiкам Вiшнёвай Далiны.
I вось ён тут, сядзiць ля вогнiшча. Зусiм недалёка ад мяне, разам з салдатамi Тэнджыла - Ведэрам i Кадэрам, як ён назваў iх, i тлумачыў, чаму не прыйшоў раней.
- Губерт палюе на ваўкоў у гарах, i я не хацеў трапляць яму на вочы.
Ведэр i Кадэр па-ранейшаму пахмурна маўчалi, а Джосi працягваў:
- Вы, напэўна, не забылi Губерта, яго таксама неабходна кiнуць у пячору Катлы, ён таксама ненавiдзiць Тэнджыла.
- Што ж, зрабi што-небудзь, - падаў голас Ведэр.
- Бо гэта ж ты наш чалавек у Вiшнёвай Далiне, хiба не? - напомнiў Кадэр.
- Так, так, - адказаў Джосi.
Ён увесь час падлiзваўся, унiжаўся, але Ведэр i Кадэр не любiлi яго, я зразумеў гэта адразу. Мне здаецца, нiхто не любiць здраднiкаў, нават тыя, хто iх выкарыстоўвае.
Вушы яму пакiнулi, не адрэзалi. Яны зрабiлi iншае: паставiлi кляймо Катлы.
- Усе людзi Тэнджыла павiнны насiць гэта кляймо, нават такiя здраднiкi, як ты, - сказаў Ведэр. - Гэта для таго, каб ты мог паказаць яго, калi хто-небудзь з нашых, хто не ведае цябе, прыйдзе ў Вiшнёвую Далiну.
- Так, так, - згадзiўся Джосi.
Яны загадалi яму расшпiлiць кашулю i жалезам, нагрэтым на вогнiшчы, паставiлi на грудзях кляймо Катлы.
Джосi, калi да яго датыкнулiся нагрэтым да чырванi жалезам, войкнуў.
- Цярпi, - сказаў Кадэр. - Ведай, што цяпер ты навечна адзiн з нас, хоць ты i здраднiк.
З усiх начэй майго жыцця гэта, напэўна, была самая доўгая i самая цяжкая. Прынамсi, з таго часу, як я прыйшоў у Наджыялу, i самае горшае з усяго гэтага было тое, што мне давялося слухаць выхваляннi Джосi, як ён надумаў знiшчыць Вiшнёвую Далiну.
Джосi запэўнiваў, што хутка ён зловiць i Сафiю, i Губерта.
- Але ўсё гэта павiнна быць зроблена так, каб нiкому i ў галаву не прыйшло, хто стаiць за ўсiм гэтым. Iнакш як я надалей змагу быць вашым тайным чалавекам у Вiшнёвай Далiне.
'Ты ўжо не будзеш iм, - падумаў я. - Таму што тут ёсць нехта, хто выкрые цябе, так што ты збялееш, чырванашчокi здраднiк'.
Потым ён сказаў такое, ад чаго маё сэрца зайшлося:
- Вы яшчэ не злавiлi Джанатана Львiнае Сэрца? Ён усё яшчэ на волi ў Далiне Дзiкай Ружы?
Я зразумеў, што Ведэру i Кадэру не спадабалася пытанне.
- Мы iдзём па следзе, - сказаў Ведэр. - Добрая сотня чалавек шукаюць яго днём i ноччу.
- I мы знойдзем яго, нават калi б нам выпала абшукаць кожны дом у Далiне Дзiкай Ружы, - дадаў Кадэр. - Тэнджыл чакае яго.
- Што ж, мне гэта зразумела, - азваўся Джосi. - Гэты Львiнае Сэрца больш небяспечны, чым хто iншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.
Я быў вельмi горды, што Джанатана назвалi сапраўдным iльвом, i я адчуў вялiкую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калi я думаў аб тым, што зрабiў Джосi. Ён здрадзiў Джанатану. Толькi Джосi мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Далiну Дзiкай Ружы i паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была iменна яго вiна, што сотня чалавек днём i ноччу высочвае майго брата i, калi знойдзе, аддасць яго ў рукi Тэнджыла.
Але пакуль Джанатан жывы. Уявiце сабе, ён жывы! Ён на волi, але чамусьцi мне саснiлася, што брат клiча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў i думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.
Хаця я ўжо даведаўся пра вельмi многае, падслухоўваючы Джосi.
- А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросцiць Сафii, што мы выбралi яе галоўнай у нашай Вiшнёвай Далiне, - сказаў Джосi. - А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсiх.
Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, якi злы быў Губерт, калi кiнуў: 'Ну што асаблiвага ў гэтай Сафii'. Значыць, ён проста зайздросцiў ёй i нiчога iншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросцiць i