- Хiба я не казаў табе, што я пайду з табой усюды? - пакрыўдзiўся я.
- Але, ты гэта казаў, - згадзiўся Джанатан з радасцю.
- Бо я заўсёды хачу быць з табой, - дадаў я. - Нават у падземным царстве.
Пячора Катлы i была падземным царствам. Прабiрацца гэтым падземным ходам было ўсё роўна, што прабiрацца пеклам, гэта было як жахлiвы сон, ад якога ты нiяк не можаш прачнуцца, гэта было як пераход ад сонечнага святла ў вечную ноч.
Уся пячора Катлы была нiчым iншым, як апусцелым гняздом дракона, што патыхала злавеснасцю яшчэ тых даўнiх часоў. Без сумнення тысячы яек драконаў былi выведзены менавiта тут, i жорсткiя драконы выпаўзалi зграямi, каб знiшчаць усё на сваiм шляху.
Па задуме Тэнджыла, менавiта старое гняздо дракона было самым прыдатным месцам для турмы. Я скаланаўся пры думцы, што адбывалася з людзьмi, якiя траплялi сюды.
Здавалася, паветра напоўнена жорсткасцю, з усiх куткоў пячоры мне чулiся стогны i крыкi, праклёны i слёзы, тут панавалi смерць i пакуты, - усё гэта бачыла пячора Катлы за час уладарання Тэнджыла. Я хацеў запытацца ў Джанатана, цi чуе ён гэтыя стогны, але наўрад цi ён чуў, таму што мне ўсё гэта, мабыць, проста ўяўлялася.
- Ну вось, Сухарык, мы з табою на такой прагулцы, якую ты нiколi не забудзеш, - парушыў маўчанне Джанатан.
I гэта была праўда. Мы павiнны былi прайсцi падземнымi хадамi ўсю гару, дабрацца з другога боку да самой турмы, дзе быў зняволены Орвар за меднымi варотамi. Гэта была тая самая пячора, якую людзi называлi пячорай Катлы, бо нiякай iншай пячоры яны проста не ведалi. Мы нават не ўяўлялi сабе, цi здолеем мы дабрацца да таго падзямелля. Але ведалi, што шлях будзе вельмi доўгi - мы ўжо прайшлi яго на паверхнi гары, i нам будзе ў сем разоў цяжэй прарабiць гэты шлях тут, унiзе, па гэтых мудрагелiстых, як петлi, пераходах, асвятляючы свой шлях толькi паходнямi.
Страшна было бачыць асветленыя паходнямi сцены пячоры. Полымя выхоплiвала толькi маленькую частачку той вялiзнай цемры, якая акружала нас, i ўсё па-за святлом здавалася пагрозлiвым. 'Хто ведае, - думаў я, - можа, у гэтых цёмных пячорах ляжаць драконы, змеi i страшыдлы i чакаюць нас'. Было боязна, што мы згубiм дарогу. Але Джанатан рабiў адзнакi сажай ад паходнi, каб мы маглi знайсцi дарогу назад.
'Прагулка', - жартаваў Джанатан, але гэта была зусiм не прагулка. Мы прасоўвалiся, пралазiлi, узбiралiся ўгору, пераскоквалi, спаўзалi на выступы, стараючыся з усiх сiл, нечакана падалi - чаго толькi не было з намi ў час той прагулкi. Што за прагулка! Што за пячора! Зрэдку мы падыходзiлi да вялiкiх трэшчын i ледзь маглi ўбачыць iх глыбiню, адно толькi рэха падказвала нам, якiмi глыбокiмi яны былi. Зрэдку нам выпадала прабiрацца мясцiнамi, дзе нельга было стаць у поўны рост. Тады даводзiлася паўзцi на жываце, як таму дракону. Калi-нiкалi шлях перакрываўся падземнай рэчкай, якую трэба было пераплываць. Але горш за ўсё было тады, калi пад нагамi з'яўлялiся глыбокiя шчылiны. Я ледзь не правалiўся ў адну з iх. Спатыкнуўшыся, я ўпаў i выпусцiў з рук паходню. Потым з жахам глядзеў, як яна падала ўнiз усё далей i далей, да таго часу, пакуль не знiкла, i мы засталiся ў цемры. Гэта было самай горшай i самай цёмнай цемрай у свеце. Я не асмельваўся нi варухнуцца, нi загаварыць, нi нават думаць. Стоячы так у цемры, на краi трэшчыны, я нават спрабаваў забыць, што iсную. Але я пачуў побач голас Джанатана. Ён запалiў другую паходню, увесь час размаўляючы са мной, каб я не звар'яцеў ад страху.
Так мы прабiралiся вельмi доўга, проста бясконца, таму што ў глыбiнях пячоры Катлы часу не iснавала. Мне здавалася, што мы iшлi адвеку, i я пачаў баяцца, што нiколi адтуль не выберамся, што будзе вельмi позна. Пэўна, ужо i было позна, Орвар... магчыма, ён быў ужо ў Катлы.
Я запытаўся ў Джанатана, што ён пра гэта думае.
- Не ведаю, - адказаў ён. - Але паспрабуй не думаць пра гэта, калi не хочаш звар'яцець.
Мы падышлi да вузкага выгiнастага праходу, якому, здавалася, нiколi не будзе канца, якi крок за крокам станавiўся ўсё нiжэй i нiжэй, вузей i вузей, i мы ўжо ледзь маглi па iм прабiрацца. Нарэшце ён пераўтварыўся ў дзiрку, праз якую можна было сяк-так працiснуцца. Але па другi бок гэтай дзiркi мы ўбачылi, нарэшце, вялiзную пячору. Такую вялiзную, што нават цяжка было вызначыць яе памеры, бо святло паходнi асвятляла вельмi невялiкую яе частку. Джанатан паспрабаваў вызначыць яе памеры з дапамогай рэха.
- Хо-хо-хо, - крыкнуў ён. I мы пачулi рэха, якое шматразова адказала з усiх бакоў: 'Хо-хо-хо!'
I раптам у цемры пачуўся жывы голас...
- Хо-хо-хо, - перадражнiў хтосьцi. - Хто вы i чаго вы хочаце? Чаго вы прыйшлi сюды такiм нязвыклым шляхам са святлом i паходнямi?
- Я шукаю Орвара, - адказаў Джанатан.
- Орвар тут, - азваўся голас. - А вы хто?
- Я - Джанатан Львiнае Сэрца, - сказаў Джанатан. - А гэта мой брат Карл Львiнае Сэрца. Мы прыйшлi выратаваць цябе, Орвар.
- Надта позна, - азваўся голас. - Надта позна, але тым не менш дзякуй.
Ледзьве прагучалi гэтыя словы, як мы пачулi, што з рыпам адчыняюцца медныя вароты. Джанатан кiнуў паходню, ступiў на яе нагой i затушыў. Мы ўсе замерлi ў чаканнi.
Праз вароты ўвайшоў салдат з лiхтаром у руцэ. Я пачаў цiха плакаць - не таму, што спалохаўся, а шкадуючы Орвара. Якiм жорсткiм будзе яго лёс, калi яны прыйшлi за iм менавiта ў гэты момант.
- Орвар з Далiны Дзiкай Ружы, падрыхтуйся, - сказаў салдат. - Праз хвiлiну цябе павядуць да Катлы. Чорная ахова наблiжаецца сюды.
Пры святле лямпы мы ўбачылi вялiзную драўляную клетку, змайстраваную з грубых прутоў, i зразумелi, што ўсярэдзiне гэтай клеткi трымалi Орвара, як жывёлiну.
Салдат паставiў лямпу на падлогу каля клеткi.
- У твой апошнi час лямпа можа быць з табой, Тэнджыл лiтасцiва дазволiў гэта, каб ты зноў прывык да святла i здолеў убачыць Катлу, калi ты трапiш да яе, чаго, я ўпэўнены, ты вельмi хочаш.
Ён зарагатаў i знiк, i вароты з грукатам апусцiлiся за iм.
Мы тут жа падскочылi да клеткi з Орварам i пры святле лямпы ўбачылi, якое жахлiвае вiдовiшча ён уяўляў сабою: ён ледзьве мог рухацца, але сяк-так падпоўз да краю клеткi i працягнуў нам памiж прутоў рукi.
- Джанатан Львiнае Сэрца, - сказаў ён, - чуў пра цябе дома, у Далiне Дзiкай Ружы, i вось ты прыйшоў сюды.
- Так, я прыйшоў сюды, - прамовiў Джанатан дрыготкiм голасам. Ён тут жа выцягнуў ножык, якi быў прывязаны ў яго да пояса, i пачаў рэзаць пруты.
- Давай, Сухарык, дапамагай, - загадаў ён, i я пачаў рэзаць сваiм ножыкам таксама, ды што мы маглi зрабiць сваiмi ножыкамi? Тут патрэбны былi сякера i пiла.
Мы працавалi да таго часу, пакуль на руках не паявiлася кроў. Мы рэзалi i стагналi, усведамляючы, што прыйшлi надта позна. Орвар гэта ведаў таксама, ды ён i не хацеў верыць, што гэта праўда. I ўсё-такi мiтусiўся па клетцы ў хваляваннi, паўтараючы зноў i зноў: 'Хутчэй! Хутчэй!'
Мы рэзалi, укладваючы ў справу ўсю злосць. Бо кожны момант чакалi, што вось-вось адчыняцца вароты i ўвойдзе чорны канвой. 'Тады будзе канец i Орвару, i нам, i ўсёй Далiне Дзiкай Ружы, тады ўжо забяруць не толькi яго аднаго, падумаў я, - да Катлы трапяць усе трое'.
Я адчуў, што не магу больш трымацца. Мае рукi трэслiся так, што я ледзьве трымаў ножык. А Джанатан крычаў i злаваўся на гэтыя пруты, на гэтыя пераборкi, якiя не паддавалiся нiяк, хоць мы рэзалi iх так настойлiва. Ён грукаў па iх, крычаў i рэзаў зноў, i нарэшце адна пераборка трэснула, а потым другая. Гэтага было дастаткова.
- Зараз, Орвар, зараз, - казаў Джанатан. Але ў адказ прагучаў толькi стогн. Джанатан прасунуўся ў клетку i выцягнуў Орвара, якi не мог нi стаяць, нi iсцi. Ды i я таксама не мог ужо рухацца, але ўсё ж iшоў паперадзе з лiхтаром, а Джанатан пачаў цягнуць Орвара да нашай выратавальнай дзiркi. Ён, вядома, вельмi стамiўся i ажно задыхаўся, мы ўсе задыхалiся, як загнаныя жывёлiны.
Нарэшце Джанатану ўдалося перацягнуць Орвара ў пячору, працiснуўшыся праз дзiрку. Орвар быў нi жывы нi мёртвы - як i я, дарэчы. Настала мая чарга ўпаўзаць у дзiрку, але я не паспеў, бо пачулася рыпенне варот, i ўся энергiя пакiнула мяне, я не мог нават варухнуцца.
- Хутчэй, хутчэй, дай лiхтар, - прашаптаў Джанатан. Я перадаў яму лiхтар, хоць рукi ў мяне дрыжалi. Трэба было схаваць лiхтар, бо нават маленькае святло магло выкрыць нас.