Мы ўжо звярнулi далёка ў горы, але пакуль яшчэ былi ўперадзе Катлы. А яна гналася за намi. I вось мы пад вадаспадам Карма. На нейкае iмгненне Катла спынiлася, таму што гэта была менавiта яе строма, менавiта тут яна звычайна стаяла, углядаючыся ўнiз. Яна спынiлася i ўгледзелася на вадаспад, дым i агонь усё яшчэ вырывалiся з яе храпы. Але вось яна ўспомнiла пра нас, паглядзела на нас нерухомым паглядам.

'Ты, жорсткае стварэнне, - падумаў я, - чаму б табе не застацца тут, на сваёй скале?'

Але я ведаў, што яна пойдзе далей.

Мы дайшлi да той скалы, адкуль убачылi яе страшэнную галаву, калi першы раз трапiлi ў Карманьяку. Раптам нашы конi спынiлiся. Жахлiва, калi конь падае пад табой, але менавiта гэта i адбылося. Грым i Ф'ялар проста павалiлiся на дарогу, а мы ж так спадзявалiся на дзiва, што яны выратуюць нас. I вось не заставалася нiчога iншага, як адмовiцца ад гэтай надзеi.

Мы прапалi, i мы гэта ведалi. Катла ведала гэта таксама, i агонь д'ябальскай радасцi паявiўся ў яе вачах. Яна нерухома стала на сваёй строме i жэрла нас сваiмi вачыма. Я быў упэўнены, што яна смяялася з нас. Цяпер ёй не трэба было спяшацца. Здавалася, нiбыта яна думае: 'Я прыйду ў патрэбны час, вы мяне дачакаецеся, не турбуйцеся!'

Джанатан паглядзеў на мяне так, як мог паглядзець толькi ён.

- Даруй мне, Сухарык, за тое, што я згубiў рог, але я невiнаваты.

Я хацеў сказаць Джанатану, што ў мяне нiколi-нiколi не было таго, за што б яму трэба было дараваць, я проста анямеў ад страху.

Катла стаяла ўнiзе, агонь i дым працягвалi струменiць з яе храпы, ногi рыхтавалiся да скачка. А мы стаялi, схаваўшыся за вялiзным каменем так, што яе полымя не магло дастаць нас. Я моцна ўчапiўся ў Джанатана, а ён глядзеў на мяне, i з вачэй яго лiлiся слёзы.

Але хутка гнеў ахапiў яго, i ён, нахiлiўшыся наперад, крыкнуў Катле:

- Не надумай чапаць Сухарыка, чуеш ты, страшыдла! Ты не можаш яго чапаць!

Ён ашчаперыў гэтую глыбу, як быццам быў волатам i як быццам хацеў напалохаць яе. Ён не быў волатам i не мог напалохаць Катлу, але глыба на краi стромы была рухомая. 'Нi стрэлы, нi коп'i, нi мячы не могуць забiць Катлу, успомнiлiся мне словы Орвара. - Яе не зможа забiць нават самая вялiзная глыба'.

Сапраўды, Катлу не забiла глыба, якую Джанатан штурхнуў на яе, але калi глыба пацэлiла ў Катлу, тая з рычаннем, якое магло б разбурыць горы, звалiлася ўнiз у вадаспад Карма.

16

Так, Джанатан не забiў Катлу. Яе забiў Карм. А Катла ў сваю чаргу забiла Карма. Прама перад нашымi вачыма. Мы ўсё гэта бачылi. Нiхто, акрамя нас, не бачыў, як два страшыдлы са старадаўнiх часоў нiшчылi адно аднаго. Мы бачылi, як яны змагалiся ў вадаспадзе.

Калi Катла зараўла i знiкла, мы спачатку не паверылi сваiм вачам, - цяжка было паверыць, што яе ўжо няма. Дзе яна ўтапiлася, мы не бачылi, бачылi толькi, як пена ў рацэ стала дыбам. Нiчога больш. Катлы не было.

Але затым мы ўбачылi змея. Ён высунуў сваю зялёную галаву з пены, яго хвост бiў па вадзе. О, ён быў жахлiвы, гэты гiганцкi змей, даўжынёй ва ўсю шырыню ракi - такi, якiм яго апiсвала Эльфрыда.

Змей, пра якога яна чула ў сагах, калi была маленькай, быў не толькi сагай, як i Катла. Ён iснаваў, i гэта было такое ж страшыдла, як i Катла, яго галава хiсталася ва ўсе бакi ў пошуках... I раптам ён убачыў Катлу. Яна вынырнула з вады i апынулася ў вiры, i змей кiнуўся наперад i абвiў яе. Яна дыхнула на яго сваiм смертаносным агнём, але ён схапiў яе так моцна, што выцiснуў агонь з яе грудзей. Яны кусалi i ламалi адно аднаго, iмкнучыся забiць. Мяркую, што яны чакалi гэтай сустрэчы яшчэ са старадаўнiх часоў, цяпер бiлiся, як дзве звар'яцелыя iстоты, кiдаючыся i сплятаючыся ў пенным патоку ў адзiн жахлiвы клубок. Катла ўвесь час раўла, а Карм змагаўся бязгучна, чорная кроў чорнай крыважэрнай драконiхi i крыважэрнага змея афарбавала белую пену, якая стала чорнай i брыдкай.

Як доўга ўсё гэта працягвалася? Мне здавалася, што я стаяў на гэтай сцяжыне тысячу год i не бачыў нiчога, акрамя гэтых страшыдлаў у iх апошняй бiтве.

Гэта была доўгая i жахлiвая бiтва. Нарэшце яна закончылася. Катла выдала свой апошнi немы роў, перадсмяротны, i сцiхла. У Карма не было ўжо галавы, i яны ўтапiлiся разам, абвiўшы адно аднаго. I вось, нi Карма, нi Катлы ўжо не было, яны знiклi, як быццам нiколi не iснавалi. Пена зноў стала белай, мярзотная кроў страшыдлаў была аднесена магутнай плынню вадаспада. Усё стала як i раней, як i было ў старажытныя часы.

Мы стаялi на сцяжынцы i глядзелi, хаця ўсё ўжо мiнулася. Мы доўга не маглi сказаць нi слова. Нарэшце Джанатан спахапiўся:

- Мы павiнны з'ехаць адсюль хутчэй, хутка стане цёмна, а я не хачу, каб ноччу мы заставалiся ў Карманьяцы.

Бедныя Грым i Ф'ялар! Не ведаю, як мы змаглi падняць iх i як паехалi. Яны былi такiя стомленыя, што ледзьве цягнулi ногi.

Але мы паехалi з Карманьякi i апошнi раз перасеклi мост. Конi больш iсцi не маглi. Як толькi мы даехалi да канца моста, яны павалiлiся i засталiся ляжаць, нiбы думаючы, што яны зрабiлi ўсё, што маглi - дапамаглi нам дабрацца да Наджыялы, i гэтага было дастаткова.

- Мы на старым месцы распалiм касцёр, - сказаў Джанатан, маючы на ўвазе строму, дзе мы правялi тую навальнiчную ноч, калi я ўпершыню ўбачыў Катлу. Я схамянуўся, калi прыгадаў гэта, таму што мне не хацелася б спыняцца ў iншым месцы. Але далей мы нiкуды не маглi пайсцi.

Перад тым як уладкавацца нанач, трэба было напаiць коней. Мы далi iм крыху вады, але яны не хацелi пiць. Яны ператамiлiся, i я непакоiўся за iх.

- Джанатан, яны нейкiя дзiўныя, - усё больш трывожыўся я. - Як думаеш, iм будзе лепш пасля сну?

- Так, усё будзе добра, калi яны паспяць, - супакоiў мяне Джанатан.

Я пагладзiў Ф'ялара, якi ляжаў з заплюшчанымi вачыма.

- Якi ў цябе быў цяжкi дзень, - сказаў я. - Але заўтра ўсё будзе добра...

Мы распалiлi касцёр якраз на тым месцы, дзе i раней. Гэта строма была самым лепшым месцам для прывалу, калi не думаць пры гэтым, што побач Карманьяка. За намi сцяной стаялi горы, яны былi цёплыя ад сонца i прыкрывалi нас ад ветру. Перад намi цяснiна абрывалася да вадаспада Карма, а ад моста да зялёнага лужка таксама быў круты схiл, i лужок адсюль выглядаў маленькiм зялёным лапiкам, далёка-далёка ўнiзе.

Мы сядзелi ля кастра i глядзелi, як цемра ахутвае горы i раку.

Я быў вельмi стомлены i думаў пра тое, што нiколi ў маiм жыццi я не перажываў такiх цяжкiх дзён. Ад свiтання да вечара я нiчога не бачыў, акрамя крывi, страху i смерцi. 'Ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было', - казаў неяк Джанатан. А сёння ў нас было якраз дастаткова такiх прыгод. Дзень бiтвы, ён быў доўгi i цяжкi, але цяпер ён, нарэшце, закончыўся.

Але нашаму гору не было канца. Я прыгадаў Мацiяса i вельмi смуткаваў ля кастра. Таму запытаў у Джанатана:

- Як ты думаеш, дзе цяпер Мацiяс?

- Ён у Наджылiме, - упэўнена адказаў Джанатан.

- У Наджылiме? Я нiколi не чуў пра яе, - пацiснуў плячамi я.

- Не, ты чуў, - сказаў Джанатан. - Цi ж ты не памятаеш тую ранiцу, калi я пакiдаў Вiшнёвую Далiну, а ты так баяўся? Цi ж ты не памятаеш, што я сказаў тады? 'Калi я не вярнуся, мы сустрэнемся ў Наджылiме'. Вось там цяпер Мацiяс.

Потым ён расказаў мне пра Наджылiму. Ён не расказваў мне гiсторый вельмi даўно, у нас не было часу. Але цяпер, калi мы сядзелi каля кастра i размаўлялi пра Наджылiму, усё было дакладна так, як бы мы сядзелi скрайку на маiм ложку дома ў горадзе.

- У Наджылiме... У Наджылiме... - сказаў Джанатан такiм голасам, якiм ён звычайна расказваў казкi. - У ёй яшчэ жывуць казкi, i легенды, i кастры.

- Бедны Мацiяс, i там, значыцца, таксама ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было.

Але Джанатан адказаў, што там няма дрэнных казак, а якраз наадварот, там вельмi добра.

'Людзi там шчаслiвыя, так, яны працуюць, вядома, дапамагаюць адзiн аднаму ва ўсiм, але яны i спяваюць, гуляюць, расказваюць казкi, - гаварыў ён. Зрэдку яны палохаюць дзяцей жахлiвымi, жорсткiмi сагамi пра страшыдлаў, такiх, як Карм i Катла, i пра такiх жорсткiх людзей, як Тэнджыл. Але потым яны смяюцца над усiм гэтым'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату