палiцы.

Пасля нейкi час мы плавалi, i я ныраў пад мост. Нават i не ведаю, як я асмелiўся. Потым Джанатан зрабiў мне вуду, i мы злавiлi некалькi рыб, якiх хапiла нам на абед. Я злавiў цудоўнага акуня, Джанатан - двух.

Мы зварылi рыбу на вялiкiм вогнiшчы ў кацялку, падвешаным над агнём на ланцугу, а калi ўсё з'елi, Джанатан сказаў:

- Зараз, Сухарык, паглядзiм, якi ты стралок. Калi-небудзь табе давядзецца iм стаць.

Ён павёў мяне да стайнi, i там, дзе была ўся збруя, вiселi два лукi. Я здагадаўся, што iх зрабiў сам Джанатан, таму што ён заўсёды iх рабiў дзецям у двары нашага дома ў горадзе. Але гэтыя былi большыя i лепшыя - два сапраўдныя лукi.

Мы прымацавалi мiшэнь да дзвярэй стайнi i стралялi па ёй цэлы дзень. Джанатан паказваў мне, як гэта робiцца. Я страляў няблага, але, вядома, не так добра, як Джанатан, таму што ў яго было натрэнiраванае трапнае вока.

З Джанатанам было добра. Хаця ён рабiў усё спраўней за мяне, ён нiколi не лiчыў, што робiць штосьцi асаблiвае. Ён нiколi не хвалiўся i рабiў усё так, быццам наогул пра гэта не думае. Бывала, я быў амаль упэўнены, што яму хацелася, каб я рабiў усё лепш, чым ён.

Калi пачало сутонець, Джанатан сказаў, што надышоў час адпраўляцца ў 'Залаты Пеўнiк'. На яго посвiст прыбеглi Грым i Ф'ялар. Мы iх асядлалi i памчалiся да вёскi.

Раптам я адчуў сябе няёмка i сумеўся. Я не прывык знаёмiцца з людзьмi, асаблiва з такiмi людзьмi, якiя жылi ў Наджыяле, i сказаў пра гэта Джанатану.

- Чаго ты баiшся? Няўжо ты думаеш, што хтосьцi зробiць табе благое?

- Не, вядома, але яны могуць пасмяяцца з мяне.

Мабыць, гэта прагучала смешна i неразумна, але мне заўсёды прыходзiлi ў галаву такiя думкi.

- Ведаеш, мы цябе будзем называць Карлам, таму што Львiнае Сэрца твая мянушка, - сказаў Джанатан. - Сухарык Львiнае Сэрца - гэта сапраўды можа рассмяшыць iх.

Я быў не супраць, каб мяне называлi Карлам. Iмя гэта сапраўды больш падыходзiла да майго прозвiшча.

- Карл Львiнае Сэрца, - прамовiў я. - Карл i Джанатан Львiнае Сэрца едуць вярхом на конях.

'Што ж, гучыць зусiм няблага', - падумаў я.

- Хаця для мяне ты ўсё яшчэ мой Сухарык, - сказаў Джанатан. - I ты гэта ведаеш - цi не так, маленькi Карл?

Неўзабаве мы ўехалi ў вёску. Дарогу было знайсцi няцяжка, таму што яшчэ здаля чулiся гаворка i смех. А крыху счакаўшы, мы ўбачылi i знак у выглядзе вялiзнага пазалочанага пеўня: гэта i быў 'Залаты Пеўнiк', падобны на ўсе заезныя дамы, пра якiя мы прывыклi чытаць у кнiгах. Калi святло сяброўства струменiцца з акон, сапраўды перажываеш пачуццё навiзны, iмкнучыся трапiць у заезны дом. Хоць да гэтага я нiколi ў заезных дамах не быў.

Першае, што мы зрабiлi, заехаўшы на двор, - гэта прывязалi коней. Праўдай аказалася ўсё тое, што гаварыў Джанатан аб значэннi коней у Наджыяле. Вiдаць, кожны жыхар Наджыялы прыбыў у гэты вечар да 'Залатога Пеўнiка' на канi. Мужчыны i жанчыны, маладыя i старыя - усе былi тут, сядзелi, размаўлялi, некаторыя дзецi ўжо спалi на руках у бацькоў.

Якое ўзрушэнне пачалося, калi мы ўвайшлi!..

- Джанатан! - крычалi яны. - Джанатан прыехаў!

Гаспадар двара - высокi, чырванашчокi, даволi сiмпатычны чалавек, крычаў так, каб перакрычаць усiх у гэтым шуме.

- Джанатан! Не - тут два браты Львiнае Сэрца, божа мой! Абодва!

Ён падышоў i падняў мяне ўгору - так, каб кожны мог мяне бачыць, а я адчуваў, што твар мой да самых валасоў залiвае чырвань.

Але Джанатан сказаў:

- Вось мой любiмы брат, Карл Львiнае Сэрца, якi нарэшце прыбыў да нас. Вы павiнны быць добрымi да яго, такiмi ж, якiя вы добрыя ў адносiнах да мяне.

- Можаш разлiчваць на гэта, - сказаў гаспадар i апусцiў мяне. - Мы з iм пасябруем. Мы станем такiмi ж добрымi сябрамi, як з Джанатанам. Мяне завуць Джосi. Хаця мяне амаль усе называюць Залатым Пеўнем. Вы можаце прыходзiць у 'Залаты Пеўнiк', калi вам захочацца. Не забывайце пра гэта, Карл Львiнае Сэрца.

Сафiя была за сваiм столiкам, i мы падселi да яе. Здаецца, яна гэтаму ўзрадавалася. Яна ўсмiхнулася i спытала, як мне спадабаўся мой конь i цi не мог бы Джанатан прыйсцi i як-небудзь дапамагчы ёй. Далей яна маўчала, i я заўважыў, што яе штосьцi турбуе. Заўважыў я i яшчэ сёе-тое. Кожны, хто сядзеў у святлiцы, ставiўся да Сафii з пашанай i, перш чым пайсцi, кiваў у знак развiтання спачатку ёй, нiбыта яна была нейкая асаблiвая, ды толькi я не мог вырашыць, у чым была гэта асаблiвасць. На ёй была простая сукенка, на галаве хустка, яе загрубелыя ад работы на сонцы рукi ляжалi на каленях. Што ж было ў ёй асаблiвага?

Тут было весела. Мы шмат спявалi, некаторыя з песень я ўжо ведаў, а некаторыя пачуў упершыню. Усе былi шчаслiвыя. А можа, не?.. Зрэдку ў мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсiх гняце нейкая таямнiчая заклапочанасць, такая ж, як i Сафiю. Здавалася, што зрэдку ўсе пачыналi думаць пра тое, чаго яны больш за ўсё баяцца. Але Джанатан казаў, што жыццё ў Наджыяле лёгкае i простае, дык чаго ж iм баяцца? Калi ўсе шчаслiвыя i ўсе, як здавалася, адно аднаго любяць. Але больш за ўсё яны любiлi Джанатана. Акурат так, як i дома, у горадзе. Сафiя яго, па-мойму, таксама любiла.

Потым, калi мы збiралiся дадому i выйшлi ў двор, каб адвязаць нашых коней, я спытаў i Джанатана:

- Джанатан, а чым такiм асаблiвым валодае Сафiя?

I тут жа мы пачулi сярдзiты голас ззаду: 'Во-во! Што асаблiвага ў Сафii, часта думаў i я'.

У двары было цёмна, таму я не мог бачыць, хто гэта гаварыў. Але раптам ён выступiў наперад на святло, i я пазнаў чалавека, якi сядзеў каля нас за сталом, чалавека з чырвонымi кучаравымi валасамi i з маленькай чырвонай бародкай. Я заўважыў яго раней, калi ён сядзеў сумны i маўчаў, у той час калi ўсе спявалi.

- Хто гэта? - спытаў я ў Джанатана, калi мы ехалi назад.

- Яго завуць Губерт, - сказаў Джанатан. - I ён добра ведае Сафiю.

Станавiлася холадна, непрыкметна апусцiлася ноч. Нiколi ў жыццi я не бачыў так багата зорак, i такiя яны былi яркiя. Я iмкнуўся ўгадаць, дзе была зорка Зямля.

Але Джанатан сказаў:

- Зорка Зямля недзе вельмi далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе.

Мне стала ад гэтага сумна.

5

Але нарэшце надышоў дзень, калi я даведаўся, што ўсё- такi ёсць асаблiвага ў Сафii.

Неяк ранiцай Джанатан прапанаваў:

- Давай паедзем да Каралевы Галубоў...

- Дык гэта ж цудоўна! - узрадаваўся я. - А якая яна, Каралева?..

- Гэта Сафiя, - адказаў Джанатан. - 'Каралева Галубоў' - гэта я яе так называю, проста дзеля жарту.

Неўзабаве я зразумеў чаму.

Да Сядзiбы Цюльпанаў, дзе жыла Сафiя, было даволi далёка. Яе дом стаяў на ўскрайку Вiшнёвай Далiны, там адразу ж пачыналiся высокiя горы.

Мы прыехалi туды ранiцой, Сафiя кармiла галубоў, усiх сваiх беласнежных галубоў. Сярод iх я пазнаў тую галубку, якая сядзела ў мяне на падаконнi, як мне цяпер падалося, амаль тысячу год таму.

- Паглядзi, - шэптам звярнуўся я да брата. - Цi не тая гэта галубка, якая дапамагла табе дабрацца да мяне?

- Напэўна... Бо iначай я не змог бы трапiць да цябе. Толькi галубы Сафii могуць лётаць так далёка.

Галубы нагадвалi мне белую пушыстую аблачынку, сярод якой стаяла Сафiя. Цяпер яна сапраўды была як Каралева Галубоў.

Заўважыўшы нас, Сафiя ветлiва, як звычайна, павiталася. Але штосьцi яе трывожыла, i яна цiха сказала Джанатану:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату