такое сказаць, каб больш верагодным здалося. 'Я прыйшоў агню ўзяць'. - 'А хiба няма суседзяў за стадый ад цябе?' - 'Я прыйшоў хлеба пазычыць'. - 'Але ж у цябе торба поўная яды'. - 'Мне трэба вiна'. - 'Але толькi ўчора цi заўчора збiраў вiнаград'. - 'За мною гнаўся воўк'. - 'А дзе ж воўчыя сляды?' - 'Прыйшоў я птушак палавiць'. - 'Чаго ж дадому не iдзеш, калi нешта ўпаляваў'. - 'Я хачу Хлою ўбачыць'. - 'Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку i мацеры дзяўчыны?' Усюды непярэлiўкi. Што нi сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзiмку'.
Так паразважаўшы, сабраў ён пацiху сваю здабычу i хацеў ужо iсцi; але злiтаваўся над iм Эрас, i вось што адбылося.
7
Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, вiно разбаўлена ў кратэры. Адзiн з аўчароў, улучыўшы хвiлiну, калi яго нiхто не бачыў, ухапiў кавалак мяса i ўцёк з iм праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапiў кiя i сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за iм, ён апынуўся каля плюшча i ўбачыў Дафнiса, якi, узвалiўшы сваю здабычу на плечы, якраз збiраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса i пра сабаку, стары голасна ўсклiкнуў: 'Здароў, сынок!', абняў, пацалаваў яго i, узяўшы за руку, павёў у хату.
Убачыўшы адно аднаго, Дафнiс i Хлоя ледзь не асунулiся долу; але авалодалi сабою i ўтрымалiся на нагах, прывiталiся, пацалавалiся; i ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлi, каб не ўпасцi.
8
Атрымаўшы насуперак спадзяванню i пацалунак, i спатканне з Хлояю, Дафнiс падсеў блiжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак i драздоў i расказаў, як ён, калi яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне i як ён налавiў птушак - адных сiлкамi, другiх клеем, калi яны ласавалiся ягадамi мiртаў i плюшча. Усе пахвалiлi яго руплiвасць i запрасiлi адведаць з таго, што не паспеў ухапiць сабака. А Хлоi сказалi налiць вiна. I яна радасна падала ўсiм, а Дафнiсу пасля ўсiх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубiла, перш чым яму паднесцi, i толькi ўжо тады падала. А ён, хоць яго i даймала смага, пiў паволi, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.
9
Хутка стол апусцеў ад хлеба i мяса. Але яны аставалiся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мiрталу i Ламана, называлi iх шчаслiвымi, бо доля паслала iм такую падпору на старасць. I ён быў рад пахвалам, iх жа чула Хлоя; калi ж яго папрасiлi астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесцi ахвяру Дыянiсу, ён з радасцi ледзь не схiлiўся ў паклоне перад iмi замест Дыянiса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў i злоўленых птушак, якiх i прыгатавалi на вячэру. Другi раз паставiлi кратэр з вiном i другi раз агонь распалiлi. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалi розныя паданнi, спявалi песнi, пакуль нарэшце не разышлiся спаць - Хлоя са сваёю мацi, Дрыяс з Дафнiсам. Хлоя не мела iншае радасцi, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафнiса, а Дафнiс радаваўся сцiплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоiным бацькам; так што ён абдымаў таго i не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робiць усё гэта з Хлояй.
10
Надышоў дзень - мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзянiў. Яны ўсталi, прынеслi ў ахвяру Дыянiсу гадавалага барана, развялi вялiкi агонь i падрыхтавалi яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафнiс i Хлоя, улучыўшы вольную часiну, выбеглi з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставiўшы сiлкi i намазаўшы галiнкi птушыным клеем, налавiлi нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў i радасная гаворка. 'Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя'. - 'Ведаю, Дафнiс'. - 'Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў'. - 'Што ж я павiнна зрабiць для цябе?' - 'Помнi пра мяне'. - 'Помню, клянуся нiмфамi, якiмi некалi паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькi растане снег'. - 'Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану'. - 'Мацуйся, Дафнiс, сонца ўжо грэе'. - 'О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што палiць мне сэрца'. - 'Жартуеш, дурыш мяне'. 'Не, клянуся тымi козамi, якiмi ты мне загадала клясцiся'.
11
Калi Хлоя Дафнiсу так адклiкалася, як Эхо, Напэ з дамашнiмi паклiкала iх, i яны прыбеглi, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлiлi яны Дыянiсу першыя кроплi з кратэра i пачалi банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкi з плюшчу. А калi надышоў час i адгучалi iх усклiкi 'Iакх!' i 'Эвоэ!', яны правялi Дафнiса, папоўнiўшы мясам i хлебам яго пастухову торбу. Далi i туркавак i драздоў аднесцi Ламану i Мiртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавiць, пакуль трывае зiма i не скончылiся ягады на плюшчы. I ён пайшоў, пацалаваўшы ўсiх iншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.
I ён не раз яшчэ хадзiў гэтаю дарогаю пад рознымi прычапкамi, так што не ўся зiма прамiнула для iх без кахання.
12
А ўжо калi надышла вясна, сышоў снег, выступiла зямля, адскочыла трава, пастухi пагналi статкi на пашы, а раней за ўсiх Хлоя i Дафнiс, бо служылi яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглi яны да нiмфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку i нарэшце да дуба, пад якiм яны i ўселiся, статкi пасвiлi i адно аднаго цалавалi. Пачалi яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамi статуi багоў; а тых толькi што выманiлi з зямлi зефiр, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлi фiялкi, нарцысы, кураслеп i ўсiх iншых узгадаванцаў вясны. Хлоя i Дафнiс надаiлi з-пад некалькiх коз i авечак свежага малака, зрабiлi ўзлiванне, пасля чаго ўпрыгожылi вянкамi статуi багоў. I на сiрынзе яны пачалi зноў iграць, як бы хацелi з салаўямi ў спевах паспрачацца; i тыя адклiкалiся з гушчарнiку i пакрысе ўдасканальвалi свае жальбы пра Iтыса, нiбы прыпамiналi сваю песню пасля доўгага маўчання.
13
Тут i там бляялi авечкi, тут i там падскоквалi ягняты i, залазячы пад маткi, ссалi вымя; за някотнымi авечкамi ганялiся бараны i, уздымаючыся на заднiя ногi, пакрывалi iх - адзiн адну, другi другую. Гэтак жа ганялiся казлы за козамi, скакалi ў нясцерпе вакол iх i змагалiся за коз; кожны меў сваiх i ахоўваў iх, каб нiякi iншы крадком не ўжыў з яго права.
Нават старых такое вiдовiшча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафнiс i Хлоя - маладыя, поўныя здароўя i сiл, i ўжо доўгi час прагнулi кахання; палымнелi яны, чуючы ўсё гэта, знемагалi, бачачы ўсё гэта, i самi шукалi чагосьцi большага, чым пацалункi ды абдымкi, а найбольш Дафнiс. Бо, вядома, прасядзеўшы зiму ў хаце, нiчога не робячы, ён узмужнеў, i рваўся да пацалункаў, i ўспыхваў ад абдымкаў, i ва ўсiм зрабiўся больш гарачым i адважным.
14
Вось i пачаў ён прасiць Хлою, каб дазволiла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым iм паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабiлi; бо толькi гэта ўпушчана з Фiлетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзiныя лекi, што iх каханне суцiшаюць.
Калi ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне i само ляжанне, i што ён будзе рабiць, калi будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: 'Тое самае, што бараны робяць з авечкамi, а казлы з козамi. Хiба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкi ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за iмi да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як вiдаць, гэтая работа, i яна адольвае горыч кахання'. - 'Але хiба не бачыш ты, Дафнiс, што козы i казлы, а бараны i авечкi робяць гэта стоячы, як козы i авечкi таксама стоячы iх прымаюць, тыя ж на iх скачуць, яны ж носяць iх на спiне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ i голая? Да таго ж наколькi шчыльней шэрсць iх пакрывае, чым мяне мая вопратка'. Паслухаўся Дафнiс, лёг пры ёй i ляжаў так доўгi час, але, не ўмеючы зрабiць тое, да чаго ён палка iмкнуўся, падняў яе i, абняўшы ззаду, прыцiснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў i заплакаў з таго, што ў каханнi ён яшчэ менш разбiраецца, чым бараны.
15
Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на iмя Хромiс, лепшыя гады якога ўжо адышлi. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквiце, куды больш прывабную за вясковых; Лiкэнiён было ёй iмя. Бачачы, як штодня Дафнiс праганяў сваiх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лiкэнiён захацелася, прынадзiўшы яго падарункамi, зрабiць сваiм каханкам. I вось неяк, падпiльнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сiрынгу, мёду ў сотах i пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоi: добра ж бачыла, як ён хiнецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з iх кiўкоў галавою i з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромiсу, што нiбыта iдзе адведаць парадзiху суседку, пайшла за iмi назiркам, схавалася ў гушчарнiку, каб яе не ўбачылi, i ўчула ўсё, што яны казалi, i пабачыла ўсё, што яны рабiлi; не прайшло паўз яе i што плакаў Дафнiс. Спачуваючы няшчасным i рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант - iх ад мук уратаваць, а заадно i сваю пажадлiвасць утаймаваць - прыдумала яна такую хiтрасць.
16
На другi дзень, нiбыта яна зноў выпраўляецца адведаць тую парадзiху, адкрыта iдзе да дуба, дзе сядзелi Дафнiс i Хлоя, i, спрытна ўдаючы перапалоханую, кажа: 'Уратуй мяне, Дафнiс, няшчасную, бо з маiх дваццацi гусей арол украў найлепшага гусака, але ноша яго была надта цяжкая, не змог ён занесцi на звычайнае месца - на высокую скалу, а мусiў апусцiцца там, у нiзкiм ляску. Дык хадзi - заклiнаю нiмфамi i тым Панам! - са мною ў лес (адна я ж баюся), выратуй мне гусака, не дапусцi ўбытку ў чарадзе. Можа, i самога арла зможаш забiць, i ён не будзе ўжо без канца цягаць у вас ягнят i казлянят. А тым часам статак паглядзiць Хлоя; козы ж добра ведаюць яе, яна ж заўсёды з табою пасе iх'.
17
Зусiм не здагадваючыся, што яго чакае, Дафнiс адразу ж падняўся, узяў пастуховы кiй i пайшоў за Лiкэнiён. Яна ж вяла яго як мага далей ад Хлоi; i, калi яны апынулiся ў