Крычаў дзед:

- Ратуйце хутчэй!

Мацi кiнулася да лямпы, усё не магла нiяк патрапiць на яе, каб запалiць хутчэй. А дзед усё крычаў:

- Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!

- Што з табой, дзеду? - кiнуўся да яго Мiколка.

- Ой, гiну! Звяруга нейкая ў бараду ўбiлася, стрыжэ яе, як нажнiцамi...

Мiколка сцямiў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:

- Уцякай, уцякай, звер i табе пальцы адгрызе!

Але Мiколка ўжо трымаў звера ў руках, толькi нiяк не мог вызвалiць яго з барады. Тут мацi лямпу паднесла, i ўсе ўбачылi ў дзедавай барадзе звычайнага рака, якi запоўз туды i заблытаўся ў валасах. Ледзь- ледзь супакоiўся дзед, пакуль Мiколка выблытаў рака.

- Гэта ж трэба! Сплю я i чую: нешта ў барадзе шамацiць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў - галаву адгрызе.

Тут мацi ўжо на Мiколку ўскiнулася:

- Вечна ты з бацькам з гэтымi ракамi носiшся. А каб прыбраць iх як след, дык гэтага нямашака... Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магiлу загнаць.

I смех тут быў, як кажуць, i грэх.

А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, i калi толькi даведваўся, што днём лавiлi ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класцiся спаць на падлозе. I мусiў тады Мiколка мяняцца з дзедам месцамi, даваў яму прытулак на сваiм тапчане, а сам iшоў на дзедава месца. Iшоў i папракаў дзеда:

- А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!

- Гарматы i ракi - розныя, браце, штукi... - уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.

- А яшчэ храбры! Вось я i то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!

- Ну што ж, на ракаў ты храбрэц... - згаджаўся дзед з Мiколкам i доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.

Выйшла з дзедам i другая штука, калi аднаго разу рыбу лавiлi. Праўда, i Мiколка з бацькам набралiся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлi рыбу лавiць на раку. Хоць дзед i не меў асаблiвай прыхiльнасцi да гэтага занятку, але паколькi ён быў вольны i хацелася яму крыху прайсцiся, дык i далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзiць ды парады дае.

- Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзiць! - радзiць дзед ды пiпку смыголiць.

Спачатку Мiколка з бацькам з таптухай цялёпкалiся, а потым узялiся рукамi плотак лавiць памiж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слiзкi, цяжка яго рукамi ўзяць. Бацька Мiколку на дапамогу клiкнуў. Ловяць рукамi, мiж карчоў шаруюць.

- Ну i вялiкi ж, няйначай хунтаў на шэсць! - кажа Мiколка, стараючыся спрытней падчапiць неўваротную рыбiну.

Але як ты яе нi бяры, выслiзгваецца, ды годзе. Выслiзгваецца ад Мiколкi, падаецца пад карчом да бацькi. Ад таго зноў назад.

- За зябры яго, за зябры, гада! - падае дзед параду.

- Ну, вядома, не за хвост... - адказвае бацька i яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нiчога не выходзiць. А дзеда тут ужо i нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацiкавiўся. Трэба-такi сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.

- Рыба, яна, браце, заўсёды рыбiна! Гэта табе не ракi, з якiх нi смаку, нi наедку, а адна толькi прыкрасць ды барадзе маёй непакой...

I вось аж усхадзiўся на беразе дзед, забегаў. I пiпка ў яго даўно патухла, знае толькi - рукамi махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:

- Яшчэ рыбаловы! Iм рыбу! Вам толькi прусоў ганяць!

- Сам злавi, - усердаваў тут не на жарты бацька.

- I злаўлю!

- А паспрабуй жа.

- I што ты думаеш? I паспрабую. Ён у мяне не выслiзнецца, як у вас, у няўмекаў...

I дзед самым рашучым чынам скiнуў адзежу i, павесiўшы яе на плечы баяўся пакiдаць на беразе, каб не скралi пастушкi, - смела рушыў у ваду.

- Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з iм разам распраўлюся, з супастатам!

Аж Мiколка падзiвiўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасцi - дзед так захадзiўся каля карча, аж вада кiпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:

- Ага! Папаўся-такi, не мiнуў маiх рук! А вы - няўмекi!

Мiколку з бацькам засталося толькi пераглянуцца мiж сабой. Ну i дзед, не чакалi такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымi пальцамi было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй i падчапiў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасцi, каб не ўпусцiць часам рыбiну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвiлiну.

Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Мiколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такi ж вялiкi. Але тут падзеi прынялi зусiм нечаканы зварот. Толькi гэта дзед, урачыста гледзячы на Мiколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулi на яго Мiколкаў бацька ды i сам Мiколка i, як бачыш, сiганулi на бераг. Толькi пырскi паляцелi па вадзе. Аж збялеў Мiколка, засопся. Выскачыў на бераг, азiрнуўся. Стаiць дзед i на iх глядзiць, дзiвуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далi. Тут як закрычыць Мiколка не сваiм голасам:

- Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!

Зiрнуў тады дзед на свайго ментуза - i ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кiне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубiў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавiў яго потым Мiколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.

I калi аддыхалiся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Мiколку i на яго бацьку:

- I якое лiха панесла вас вужаку лавiць?

- А цябе якое?

Змоўчаў дзед на якую хвiлiну. Гэтакi ж канфуз выйшаў - усё iшло так добра i гладка, i на табе, заместа ментуза гада злавiлi. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў нiколi болей у ваду не лазiць. I калi траплялася часамi Мiколку з бацькам лавiць якую рыбiну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзiць блiзка да iх, калi яны выцягвалi на бераг таптуху альбо брэдзень. I толькi здалёк пытаў:

- Ну што, шчупак цi акунь?

- А ты падыдзi, сам паглядзi!

- Хопiць ужо, нагледзеўся...

Прызнацца, i Мiколка з бацькам не адважвалiся болей мацаць ментузоў i, да вялiкай радасцi дзеда, баялiся лазiць i па ракавых пячорах.

- Яшчэ, чаго добрага, i адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...

А дзед толькi гаварыў:

- Цяпер-то я магу спаць спакойна!

Пасля ўсiх гэтых прыгод з дзедавым ракам i ментузом кончылiся i ранейшыя дыскусii дзеда з Мiколкам, хто з iх храбрэйшы. Абодва прыйшлi да таго вываду, што храбрасцi хапае ў iх абодвух... Нават сталi яны блiзкiмi дружбакамi i зiмнiмi вечарамi вялi доўгiя размовы аб тым, як бы гэта агульнымi сiламi адпомсцiць 'буржую' за Мiколкаву карцiнную галерэю. I аб тым, што яны будуць вясной рабiць, калi жаўранкi запяюць, калi зазвiняць ручаiны i ўкрыюцца лясы зелянiнай.

I парашылi ў адзiн голас - будуць яны ў вольныя ад работы днi заўзятымi паляўнiчымi, будуць качак бiць i ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вiсела без усякай карысцi пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, i парадкам заржавелая, страцiўшая ўсякi колер i вiд. Але як-нiяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялiкая штука. Прызнацца, i цяпер яна вiсела набiтая, бо колькi нi намагаўся дзед, каб разрадзiць яе, яму нiяк гэта не ўдавалася. I каб не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату