Людзi перастануць языкамi мянцiць... Самае галоўнае цяпер - маўчаць... Вось такi быў план, i мяняць яго нiхто i не падумае. Тэрэзу адважылiся выпрагчы з аглобляў... Ах, як хацелася, каб зрабiлi гэта хутчэй!

Канчалася зiма. Тэрэза любiла гэтую пару, калi стаялi сонечныя днi, чыстае блакiтнае неба цешыла вока, а голыя палеткi i дрэвы (толькi на дубах сям-там было леташняе лiсце) чакалi ўжо новага веснавога ўбору. Якраз у гэты час адкрыла для сябе Тэрэза, што тая самотная, пакутлiвая цiшыня, якая, здавалася, вечна будзе прыгнятаць i душыць яе, знiкла. Нават у самую цiхую часiну лес нешта напяваў, нiбы скардзiўся цi закалыхваў сябе. Нават ноччу даходзiў да Тэрэзы таямнiчы лясны шэпт... А будучыня ўяўлялася ёй цьмяна. I хто ведае, можа, ёй калi-небудзь яшчэ давядзецца сустракаць новы дзень у такой млоснай адзiноце, што яна пашкадуе i Аржалузу, i гэтае прадвесне, i лясны гоман, i дружны хор пеўняў, i стракатанне конiкаў, i начны скрып цвыркуноў... Парыж... Там мяне будуць акружаць не знявечаныя чалавекам сосны, а хцiвыя, небяспечныя людзi... Замест бясконцых дрэў - натоўп людзей...

I Бернар, i Тэрэза здзiўлялiся, што цяпер пры сустрэчах i размовах яны не адчувалi, бадай, нiякай збянтэжанасцi i няёмкасцi. Тэрэза нават падумала, што чалавек спакайней ставiцца да самых непрыемных суседзяў, калi ўпэўнены, што хутка назаўсёды паедзе ад iх. Цяпер Бернар цiкавiўся i яе здароўем, i яе вагою, i нават планамi на будучыню. А Тэрэза як нiколi адказвала шчыра, адкрыта:

- У Парыжы... Калi я буду ў Парыжы...

Там яна будзе жыць у атэлi, а можа, i пашукае кватэру. Яна збiралася хадзiць на лекцыi, на даклады, на канцэрты. Яна хацела 'пачаць з азоў сваю адукацыю'. Цяпер Бернар зусiм не асцерагаўся яе, спакойна еў i пiў за адным сталом. Доктар Педмэ, якi часам сустракаў iх на прагулцы, не раз казаў сваёй жонцы:

- Ведаеш, што самае дзiўнае. Калi глядзiш, як буркуюць гэтыя галубкi, нi за што не паверыш, што яны прытвараюцца...

XIII

Цёплай сакавiцкай ранiцай, гадзiн каля дзесяцi, людская плынь ужо цякла па вулiцах Парыжа, падступалася да тэрасы 'Кавярнi дэ ля Пэ', дзе сядзелi Бернар i Тэрэза. Яна кiнула дакураную цыгарэту i, як гэта робяць у ландах, старанна патушыла яе.

- Баiцеся падпалiць тратуар? - няшчыра засмяяўся Бернар. А ў душы ён ужо дакараў сябе за тое, што надумаўся праводзiць Тэрэзу да Парыжа. Вядома, на другi дзень пасля вяселля Анны так i трэба было зрабiць: менш будзе плётак. Але галоўная прычына была ў тым, што на гэтым настойвала Тэрэза, i ён не змог ёй адмовiць. У гэтай жанчыны сапраўдны талент ствараць недарэчныя сiтуацыi. I пакуль яна пэўным чынам будзе звязана з яго жыццём, Бернару, вiдаць, давядзецца яшчэ не раз патураць яе бяздумным жаданням. Нават на такога сталага, ураўнаважанага чалавека, як ён, гэтая вар'ятка мае нейкi ўплыў. Вось i цяпер, калi прыйшоў час развiтвацца, ён не змог адагнаць ад сябе пачуцця смутку i журбы, i сам не паверыў у гэта... Цяжка было знайсцi чалавека, скупейшага на такiя сантыменты, чым Бернар. А ў адносiнах да Тэрэзы iх тым больш быць не магло. Як жа хацелася яму хутчэй вызвалiцца ад усяго гэтага!.. Толькi ў цягнiку ён нарэшце ўздыхне вольна. Сёння вечарам у Лангоне яго будзе чакаць аўтамабiль. Адразу за станцыяй пачынаецца сасновы лес... Ён паглядаў на профiль Тэрэзы, бачыў, як яе позiрк спыняўся на якiм-небудзь чалавеку на вулiцы i сачыў за iм, пакуль той зусiм не губляўся ў натоўпе.

- Тэрэза... Я хацеў спытацца...

Ён адвёў вочы, бо нiколi не мог вытрымаць позiрку гэтай жанчыны, i з ходу выпалiў:

- Я хацеў бы ведаць... Чаму вы тады зрабiлi гэта? Таму што ненавiдзелi мяне? Я наводзiў на вас страх? Я брыдкi?..

Ён аж здзiвiўся, пачуўшы свае ўласныя словы. А на душы стала пуста i прыкра. Тэрэза ўсмiхнулася, а потым з сур'ёзным выглядам падняла на яго вочы. Нарэшце! Вось калi Бернар задаў тое пытанне, з якога Тэрэза i пачала б, калi апынулася б на яго месцы. А можа, i не будзе дарэмнай тая сумная споведзь, што падрыхтавала Тэрэза па дарозе з суда ў Аржалузу? Можа, цяпер i настала хвiлiна, калi прыйдзе адплата за ўсе яе бяссонныя ночы, за цяжкi одум, за пакутлiвыя спробы разабрацца ў сабе i знайсцi вытокi свайго ўчынку?.. Вiдаць Тэрэза, сама таго не жадаючы, прымусiла-такi Бернара завагацца, засумнявацца, разгубiцца. I вось ён звяртаецца да яе, як чалавек, якому шмат што незразумела ў гэтай гiсторыi, i ён не ведае, што пра яе думаць. Цяпер ён не такi ўжо i прасцяк i не такi бязлiтасны. Тэрэза паблажлiва, амаль па-мацярынску паглядзела на гэтага новага для яе Бернара. А адказала з насмешкай:

- А хiба вы не ведаеце, што прычына ўсяго - вашы лясы, спадчына? Я адна хацела валодаць усiм!

Ён пацiснуў плячыма:

- Калi я нават i лiчыў так раней, то цяпер я гэтаму не веру. Чаму вы гэта зрабiлi? Цяпер жа вы можаце мне сказаць?

Яна глядзiць перад сабой: там, па брудным тратуары, спяшаюцца прахожыя. Яшчэ хвiлiна - i яна таксама ўвальецца ў гэты натоўп. I раптам, нiбы зара, перад Тэрэзай паўстае карцiна яе вяртання ў цiхi, спакойны куточак у ландах, вяртання да цiшынi Аржалузы, дзе ўсё жыццё пойдзе на роздум, на ўдасканаленне сваёй душы, на пошукi Бога... Мараканец, якi гандляваў маленькiмi дыванамi i шклянымi пацеркамi, прыняў яе ўсмешку ў свой адрас i падышоў са сваiм таварам. Але яна, не заўважаючы гандляра, сказала з iронiяй у голасе:

- Толькi што я збiралася адказаць вам: 'Я не ведаю, чаму так зрабiла', але цяпер, уявiце сабе, я, здаецца, ведаю гэта. Магчыма, я зрабiла гэта дзеля таго, каб убачыць у вашых вачах трывогу, сумненнi, разгубленасць - тое, што я ўжо цэлую хвiлiну бачу ў iх.

Ён прабурчаў сярдзiтым тонам, якi нагадаў Тэрэзе iх вясельнае падарожжа:

- Дасцiпнасць - ваш канёк... Нават i цяпер... А калi сур'ёзна?

Яна перастала ўсмiхацца i замест таго, каб адказаць, спыталася:

- А вы, Бернар, вы заўсёды ведаеце, чаму вы робiце так, а не iнакш?

- Вядома... Ва ўсякiм разе мне так здаецца.

- Мне так хацелася, каб нiчога, нiводная дробязь не засталася схаванай ад вас... Калi б вы толькi ведалi, якiя пакуты мне давялося перажыць, каб самой ва ўсiм разабрацца... I я дайшла да гэтых прычын, але варта было паспрабаваць перадаць iх словамi, як яны здалiся мне фальшывымi, iлжывымi...

Бернар ужо трацiў цярпенне:

- Але ж быў дзень, калi вы надумалiся... Калi вы зрабiлi першы крок?

- Гэта было тады, калi быў вялiкi пажар каля Мано.

Яны падсунулiся адно да аднаго блiжэй i загаварылi напаўголаса. У гэтым тлумным шматлюдным горадзе пад яснымi промнямi сонца i подыхам лёгкага ветрыку, што калыхаў чырвоныя шторы i прыносiў з сабою водар заморскага тытуню, Тэрэзе было нiякавата гаварыць пра той спякотны дзень, пра чорны дым, якi засланiў сонца i блакiт неба, пра ўедлiвы пах гару i пра сваё здранцвелае сэрца, дзе ўжо выспявала злачынства...

- Вось як гэта было. Мы сядзелi ў сталовай. Як заўсёды, у гарачыя днi аканiцы былi зачыненыя i там было цемнавата. Вы гаварылi з Бальёнам, павярнуўшы да яго галаву, i забылiся палiчыць кроплi, што падалi ў шклянку...

Тэрэза не глядзела на мужа, гаварыла i баялася толькi аднаго: не забыцца нiводнай дробязi. I раптам пачула, што ён смяецца. Яна зiрнула на яго: ён смяяўся сваiм звычайным дурным смехам, а потым прамовiў: 'Ну, вы зусiм... За каго вы мяне лiчыце?' Ён не паверыў ёй (i сапраўды, хiба можна было паверыць у тое, што яна гаварыла?). Ён усё з'едлiва хiхiкаў, i яна пазнавала сапраўднага Бернара - самаўпэўненага, самазадаволенага, якi не дасць абвесцi сябе вакол пальца. Ён зноў стаў самiм сабою, i Тэрэза разгубiлася. Ён здзекаваўся:

- Такiм чынам, думка пра забойства вас ахапiла нечакана, так сказаць, па волi божай?

Як жа ён цяпер дакараў сябе, што надумаўся распытвацца пра ўсё гэта! Ён жа мог страцiць сваю прывiлею мучыць гэтую вар'ятку нямой пагардай! I яна ўжо ўзнiмае галаву, каб на яе чорт! I навошта ён паддаўся гэтаму раптоўнаму жаданню зразумець? Як быццам штосьцi зразумееш у гэтай вар'яткi. Але вось ляпнуў, не падумаўшы...

- Паслухайце, Бернар, я зусiм не збiраюся пераконваць вас у маёй бязвiннасцi!

I з нейкай утрапёнасцю яна ўзялася абвiнавачваць сябе: няхай яна рабiла гэта, як у сне, няхай! Але ж перад гэтым спатрэбiлiся месяцы, каб яна ўсiм сваiм сэрцам прыняла думку пра злачынства, песцiла i выношвала свой чорны намер. А калi першы крок быў ужо зроблены, з якой свядомай лютасцю, з якой неймавернай упартасцю, з якой лагiчнай паслядоўнасцю iшла яна да канчатковай мэты!

- А жорсткай я адчувала сябе толькi ў тыя iмгненнi, калi мая рука марудзiла i дрыжала. Я злавалася на сябе, што вашы пакуты зацягнуцца. Трэба было iсцi да канца, i хутчэй! Я нiбы выконвала нейкi жудасны абавязак. Хутчэй за ўсё гэта i быў абавязак.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату