- 1
- 2
Яна зрабiла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васiлькi i некалькi сцяблiнак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласiпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькi прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькi гора, Рэно, напэўна, будзе здзiўлены, што яго хата i яго жонка вельмi мала змянiлiся... Праз акно яна бачыла сябе ў вялiкiм люстры. Мабыць, трошкi худаватая, але такая беленькая, маладзенькая i, адразу вiдаць, што закаханая... Яна адчувала сябе на сёмым небе.
'Пара! - сказала яна сабе, - трэба спяшацца... Каторая гадзiна? Божа мой, ужо дзевяць гадзiн!.. Нiколi не думала, што гэта зойме столькi часу... Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка'.
* * *
Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, i нiхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымi блiскучымi вачамi пралез у сад. Некалькi хвiлiн ён азiраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару i хараства кветак... Слухаў, як гудуць пчолы... Потым цiха паклiкаў:
- Элен!
Нiхто не адказваў. Ён паклiкаў гучней:
- Элен!.. Элен!..
Напалоханы маўчаннем, ён падышоў блiжэй i ўбачыў праз акно стол, сервiраваны на дваiх, кветкi i бутэльку вiна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахiснуўся i прытулiўся да сцяны.
'Божа! - падумаў ён... - Яна жыве не адна!'
Калi праз гадзiну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:
- Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён i твару не паказаў.
- Пабег?.. Куды? У якiм кiрунку?
- На Тывiе.
Яна кiнулася да мэра, якi нiчога не ведаў.
- Баюся, пане мэр... Страшэнна баюся... Рэно - чалавек уражлiвы i вельмi раўнiвы... На стале былi прыборы... Ён iх бачыў i не здагадаўся, што гэта яму... яму я паставiла... Пане мэр, знайдзiце яго зараз жа!.. Знайдзiце!.. Ён такi, што можа не вярнуцца... А я ж яго так люблю!
Мэр спешна паслаў веласiпедыста на станцыю Тывiе, падняў на ногi палiцыю, але Рэно Леймары знiк. Элен прасядзела каля стала ўсю ноч. Было душна, горача. Пачалi ўжо i кветкi вянуць... Яна нiчога не ела.
Прайшоў дзень, потым тыдзень, потым месяц...
Ужо больш як два гады мiнула з таго часу, а пра яго нiякiх чутак. Я запiсаў гэту трагiчную гiсторыю ў надзеi, што ён яе прачытае i вернецца.
Пераклад: Юрка Гаўрук
- 1
- 2