- Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былi, абсаджана апельсiнамi, лiмонамi, глiцынiямi i ружамi... Але нашы ружы здзiчэлi, прыйдзецца зноў iх прышчапляць... Калi ласка, унiз па гэтай дарожцы...
- А вы самi не здзiчэлi тут, Антуан, адзiнокi, забыты?
- Я?.. Я заўсёды быў дзiкуном... Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямi басейна - зараснiкi цынерарый... Прынцып планiроўкi саду - супрацьпаставiць колерам цёмным - фiялетаваму, сiняму ярка-жоўтыя сонечныя плямы... Ва ўсякiм разе такой была задума Франсуазы... Тут на схiле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры - жаўтазель, масцiкавае дрэва, папараць, царская карона...
- Мне прыемна пабыць з вамi адной, Антуан... Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былi вялiкiмi сябрамi перад тым, як вы з ёю сустрэлiся... Вы яшчэ не забылi?
На ўсякi выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блiзка.
- Як можна, Сабiна!.. Вядома, успамiнаю... Не, iдзiце прама, нiякага павароту, зараз будзе масток... Вось i манастыр... Што за кветкi памiж плiт? А гэта браткi, звычайныя браткi...
- А вы помнiце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлi дадому ў машыне вашага дзеда... Мае бацькi ўжо спалi; мы разам увайшлi ў маленькую гасцiную, i вы, не сказаўшы нi слова, абхапiлi мяне, i мы, шчаслiвыя, закружылiся ў танцы. |
- У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?
- Здаецца!.. Мы цалавалiся цэлую гадзiну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былi маiм героем.
- Падмануў я вас, ашукаў!..
- Наадварот, у пачатку вайны вы былi такiм малайцом!.. Вы мне так падабалiся!.. Я помнiла ўсе вашы ўзнагароды. Я i цяпер iх помню, магу вам назваць... Потым, калi вас паранiлi на фронце i, папраўляючыся, вы абручылiся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкi. Што ж тут дзiўнага!.. Я вамi так захаплялася! Калi я ўгледзела, што вы жэнiцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзiвiлася, я засмуцiлася... I не толькi я - увесь горад...
- Але чаму?.. Франсуаза i я - мы людзi аднаго кола, добра падабраная пара... Палюбуйцеся, Сабiна: гэта сцяна, усыпаная агнямi - скала Манака... Не нахiляйцеся!.. Тэраса крутая i над самым морам... Асцярожна, Сабiна!..
Мiжвольна ён прытрымаў яе за талiю. У тое ж iмгненне яна павярнулася i горача пацалавала яго ў губы.
- Тым горш, Антуан... Я тады страшэнна раўнавала... Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любiш!.. А помнiце, як мы цалавалiся, гуляючы ў тэнiс?.. О! Вас гэта шакiруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былi верным мужам...
- Самым верным... Нi разу не саграшыў...
- За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. I вы былi шчаслiвы?
- Вельмi шчаслiвы.
- Тады ўсё к лепшаму, даражэнькi Антуан... А толькi цiкава тое, што выгляд ваш зусiм не сведчыць аб шчасцi.
- З чаго вы ўзялi?
- Сама не знаю... Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасцi цi што... I ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергiчны, гаспадар... I вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў... Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалi густам вашай жонкi. Але не можа быць, каб вы не шкадавалi аб гэтым?
- Магчыма, спачатку, калi выехаў, i сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут iншае поле дзейнасцi. Я заўсёды захапляўся гiсторыяй... Я працую... Апублiкаваў некалькi кнiг, якiя мелi пэўны поспех.
- 'Пэўны поспех'? Яны мелi надзвычайны поспех, Антуан, гэта - выдатныя кнiгi... Асаблiва ваш 'Людовiк Адзiнаццаты'...
- Вы iх чыталi?
- Каб я ды не чытала! Мо сто разоў... Спачатку таму, што, як i вы, люблю гiсторыю... А потым шукала ў iх вас. Я нiколi не была раўнадушнай да вас, Антуан... Вы - цудоўны пiсьменнiк... Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калi за абедам Франсуаза не прамовiла нi слова пра творчы бок вашага жыцця... Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнiгах, Франсуаза яго спынiла. Па-мойму, яна павiнна ганарыцца вашымi кнiгамi...
- А чым тут асаблiва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цiкавiцца маiмi работамi гэтага кiрунку.Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галiне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнiтур, навесцi парадак у садзе... Уявiце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцiк дагледжаны ёю асабiста... З таго часу як крызiс закрануў Пон-дэ-Лёр i нашы прыбыткi намнога ўпалi, Франсуаза ўсё робiць сама.
- 'Франсуаза ўсё робiць! У Франсуазы выключны густ!' I што смяшней за ўсё, ён у гэта верыць!.. Ах, якi вы непераборлiвы чалавек, Антуан! Я ж ведала Франсуазу дзяўчынкай... Тады ў яе не было нiякага густу... альбо не, была прагнасць да розных цацак, бляшак, аздоб... Нешта манернае, штучнае... Гэта вы яе выхавалi, прывучылi да хараства лiнiй строгiх, натуральных, да парадку... I што самае галоўнае, гэта вы далi ёй сродкi, каб яна магла жыць, не абмяжоўваючы сябе... Яе вячэрняе плацце - прыгожае, якраз па фiгуры, але не забывайце, мiлы мой, што гэта плацце ад Скiпарэлi... А там лёгка праявiць густ.
- Вы памыляецеся, Сабiна... Гэта плацце Франсуаза пашыла сама разам са служанкай.
- Дзiва што! Хто вам дасць веры! Даражэнькi Антуан, не расказвайце падобных баек жанчыне... Ёсць тэхнiчныя тонкасцi - розныя вытачкi, складкi... Апроч таго, атэлье Скiпарэлi ахоўвае свае сакрэты: спалучэнне залацiстых гузiкаў са стракатым барвенкам могуць вынайсцi толькi там... Але гэта не мае значэння...
- На жаль, гэта мае большае значэнне, чым вы думаеце... Я вам сказаў, прыбыткi нашы зусiм не тыя, што былi раней... Далёка не тыя! Пон-дэ-Лёр не дае мне нiчога, i Бернар пiша, што гэты спад можа цягнуцца некалькi год... Ну, кнiгi мае разыходзяцца нядрэнна... Я надрукаваў некалькi артыкулаў... Але гэтага мала, каб бедная Франсуаза магла заказваць плаццi ў модных атэлье.
- Тады гэта цуд, даражэнькi Антуан... Цуд, недаступны розуму... З пашанай схiляю галаву... Мiж iншым, я заўсёды адчувала прыхiльнасць да Франсуазы... Толькi нiяк не магла зразумець, чаму яе людзi не любяць.
- А хiба яе не любяць людзi?
- Ненавiдзяць... Вы што, не ведалi? Мяне страшэнна здзiвiла, што i ў Нiццы яе асуджаюць гэтак жа, як i ў Пон-дэ-Лёры.
- За што ж яе асуджаюць?
- О! Усё тое самае. Эгаiстка... З мужчынамi - какетка, з жанчынамi хiтруля. За крывадушнасць... Нарэшце, адсутнасць такту... Я яе заўсёды абараняла. Яшчэ школьнiцай, калi мы жылi разам у iнтэрнаце Сэн-Жана, я казала: Франсуаза Паскаль-Бушэ куды лепшая, чым здаецца на выгляд... Непрыемны голас i фальшывы тон, вось што ў ёй абурае...
- Вы знаходзiце, што ў яе непрыемны голас?
- Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць... Зрэшты, гэта не яе вiна, i я не папракаю... Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапiўшы сабе такога мужа, як вы, яна...
- Што яна?
- Ды так, нiчога...
- Вы не маеце права, Сабiна, пачынаць фразу з намёкам i абрываць яе. Цi не шапнулi вам вашы iнфарматары, што ў Франсуазы былi палюбоўнiкi?
- Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?
- Зусiм сур'ёзна, магу вас запэўнiць...
- Вы ведаеце добра, мой мiлы, што гэтак гавораць пра ўсякую прыгожую жанчыну... Хто яго знае?.. Бывае дым i без агню... Франсуаза неасцярожная. Прыпамiнаю, што ў Пон-дэ-Лёры сцвярджалi нават, што яна кахала вашага брата.
- Бертрана?
- Ну так, Бертрана.
- Чыстае iдыёцтва... Бертран увасабленне сумленнасцi.