- Зрэшты, гэта нiчога не даказвае, - растлумачыў Мелвенэй. - Мною раскрыта нямала бясшумных самагубстваў. Заўтра ў нас будуць весткi ад рачной палiцыi.

Я адразу ж паехаў да Мiрыям. Яна яшчэ спала. Пабудзiў i пачаў упiкаць. Яна доўга смяялася.

- Праўда, гэта я. Але выпадкова... Раскрыўшы сумачку, каб ад шчырага сэрца даць вам тое, што вы прасiлi, я заўважыла рэкламны бiлет, якi мне падсунулi ў краме i якi я чамусьцi захавала. Я ўявiла сабе вашу разгубленасць, калi шафёр адмовiцца ўзяць гэту пустышку. Я лiчыла, што жарт мой зусiм бяскрыўдны, паколькi ў сваiм гатэлi вы маглi пазычыць грошай у швейцара... Мне i ў галаву не прыходзiла, што вы надумаецеся сярод ночы выконваць ролю вандроўнага рыцара.

Праз тры днi Мелвенэй паведамiў мне па тэлефоне, што труп няшчаснай знойдзены ў водах Iст-Рывера. Следства так нiчога i не выявiла. Нi адна з зарэгiстраваных жанчын, што бясследна прапалi ў Ню-Ёрку i наваколлi, не была на яе падобна. Нiхто яе не апазнаў. Нi адна сям'я, нi адзiн мужчына не прад'явiлi прэтэнзiй. Я i цяпер не разумею, як магла дзяўчына такой рэдкай прыгажосцi расстацца са светам, не пакiнуўшы пасля сябе нi жалю, нi смутку.

Мiрыям i я, абое мы, прысутнiчалi на пахаваннi няшчаснай. Мы адчувалi, яна i я, што нейкiм чынам адказваем за гэта, хоць непасрэднай вiны за намi i не было. Мiрыям дазволiла ў адносiнах да свайго сябра нявiнны жарт. А я прабаваў, можа, i з пэўным разлiкам, але без лiхiх думак, выратаваць гэту дзяўчыну. Сiстэма перадач фатальнай машыны, прыведзеная намi ў рух, з няўхiльнай дакладнасцю прывяла няшчасную да гiбелi. Суладжанасць выключная: адзiн даляр, якi мне дала Мiрыям... адзiн даляр за нумар у гатэлi... адзiн даляр, якi выратаваў бы жыццё i, магчыма, перайначыў бы маё...

- Будуць гаварыць, - сказала Мiрыям, калi мы пакiдалi могiльнiк, - будуць гаварыць...

- Што?

- Нiчога. Я так...

I я падумаў тады, што яна ўспомнiла пра бязлiтасны лёс i пра кароткае наша жыццё ў гэтым дзiўным свеце.

Пераклад: Юрка Гаўрук

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату