- Гэтак жа, як i ў першы дзень?
- Мацней, чым як у першы дзень.
Iнспектар Франк нахмурыўся:
- На вялiкi жаль, пры такiх умовах я не магу вам даць вiзы.
- Але ж я хачу выехаць!
- Вы гаворыце, што хочаце выехаць, але хто ж гэта ахвотна расстаецца са светам, пакiнуўшы там такую дарагую iстоту?
- Вы не разумееце мяне, - зазлаваў я, - iменна каб вызвалiць яе, я i хачу выехаць. Вось ужо тры месяцы, як я павiс грузам у яе на шыi. Навошта псаваць ёй маладое жыццё!.. Мне трэба выехаць!
Франк закiваў галавой:
- Шкада, шкада... Мы нiколi не давалi вiзы людзям, што захоўваюць такi запал... Мы iх ведаем... Забранiруеш iм месца, за кошт iншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошнi момант бягуць ад нас - i месца прападае, нiкiм не выкарыстанае.
Я ўявiў сябе зноў выкiнутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханiну, на шумныя вулiцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат i скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанiшча, без сiлы... Жах агарнуў мяне, i я пачаў прасiцца:
- Калi ласка... Знайдзiце хоць якi-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькiх пакут перабрацца ў iншы свет. Я стамiўся. Дайце мне спакой. Калi ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час... толькi не выкiдайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары... Не выкiдайце.
Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваiмi цяжкiмi вачамi, пад якiмi вiселi пухлыя мяшкi; ён пакручваў у пальцах аловак i нейк дзiўна прыцiскаў яго да нiжняй губы.
- Лепш за ўсё вам падыдзе, - прамовiў ён павучальным тонам, - транзiтная вiза ў Лiмб*.
* Лiмб - мясцiна на тым свеце для праведнiкаў дахрысцiянскай эры i няхрышчаных дзяцей (у католiкаў).
- Калi гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.
- Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.
- А ад каго залежыць?
- Ад ККК... Камiсii Каматознасцей i Каталепсiй.
- О госпадзi! А дзе яна знаходзiцца?
- Невялiчкi асобны будынак у паўднёва-заходнiм канцы поля.
Ён зiрнуў на гадзiннiк:
- Але вы не паспееце туды да закрыцця.
- Што ж мне рабiць?
- Вярнуцца ў горад... Прыйсцi заўтра.
- У мяне сiл няма.
- Ну так, ну так... Усе вы на гэта спасылаецеся... I будзеце хадзiць дзесяць дзён, дваццаць дзён... Наступны!..
* * *
I вось я зноў апынуўся на балоцiстай сумнай пляцоўцы, якую агортвалi адразу ноч i туман. Iзноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вiльготнай цемры прахадную будку. Iзноў трамвай са скрогатам даставiў мяне ў душны пакой, у якiм мiгаценне светлавой рэкламы i грукат электрычкi не давалi заснуць. Гэта была жудасная ноч. Аблiты потам, я задыхаўся. На свiтаннi ўзяў чамадан i паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явiўшыся ў такi нялюдскi час, пападу адным з першых. Аднак iншыя пасажыры разважалi гэтак жа, i яшчэ нiколi я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргi. Выстаяўшы гадзiны тры i дабраўшыся да будкi, я сказаў вартаўнiку тонам бывалага пасажыра:
- Вы мяне ўжо бачылi.
- На якi рэйс?
- На аб'яднаны.
Ён мяне прапусцiў. Цяпер мне трэба было знайсцi кантору ККК. 'Паўночна-заходнi канец поля', - даў адрас Франк... Я прабаваў арыентавацца, як умеў... Сонца хавалася ў тумане, але расплывiстая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблiзна знаходзiцца. Я перайшоў цераз iмшыстую нiзiну, дзе сярод чахлага трысця i нiзкарослага хмызняку варушылiся слiмакi i жабы. Нарэшце я заўважыў адзiнокi будынак з чырвонай цэглы, на якiм выдзялялiся тры белыя лiтары 'ККК'. Дом быў невялiкi, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў i дарог на французскiх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават i ў гэтым глухiм кутку, перад дзвярамi варушылiся сотнi наведвальнiкаў; некаторыя з iх горка плакалi.
Не буду апiсваць гэта новае чаканне. Я так стамiўся, што не меў сiлы нi скардзiцца, нi пакутаваць. Калi надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакiтнай унiформе. Яна не была прыгожай нi з твару, нi з фiгуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзiй; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэднiка, увiхалася спрытна i шпарка. Вiдаць, яна не належала да той катэгорыi служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды i ўскладняючы становiшча.
- Вы гаворыце, што бачылi пана Франка?.. У вас ёсць накiраванне ад яго?
- Ёсць. Калi ласка.
- Добра... Пагляджу... Значыць, вы просiце вiзу на часовы прытулак... Колькi часу, думаеце, спатрэбiцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабiць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?
- Не ведаю... У маiм узросце...
- У вас няма ўзросту... Дзесяць год хопiць?
Яна ў момант запоўнiла друкаваныя бланкi, дала iх мне падпiсаць, потым праводзiла мяне да вельмi старога чалавека, якi сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.
- Пан камiсар, - далажыла яна. - Гэта пропуск на пэўны тэрмiн па просьбе пана Франка... Усё ў парадку.
Дзядок падпiсаў, не чытаючы, i паставiў штэмпель з датай.
- А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, - спагадлiва параiла дзяўчына. Зараз пятнаццаць гадзiн. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.
'Хутчэй бегчы...' Нiшто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногi. Знадворку туман згусцiўся яшчэ больш. Я хутка згубiў сцежку, заблытаўся ў калючым трысцi i ўпаў. Падняўся ўвесь у гразi, калоцячыся ад холаду, i ў такiм нервовым напружаннi, што патрацiў некалькi гадзiн, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.
- Вам трэба вярнуцца ў горад i прыйсцi заўтра, - сказаў швейцар.
Але я так стамiўся, што, карыстаючыся цемрай i туманам, цiхенька зайшоў за будынак i правёў ноч у нейкiх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранiзаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах i канцылярыях толькi цяпер упершыню выблiснула сонца. Мне здалося, што яно стаiць надта высока, i я з трывогай зiрнуў на гадзiннiк. Было ўжо за поўдзень. Нiякага сумнення, што я заснуў толькi пад ранiцу i страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак i ўбачыў чараду мужчын i жанчын такой даўжынi, што вартаўнiкi былi вымушаны падзялiць яе на групы.
Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзiннiка, як удары нажа ў сэрца. Раз... Два... Чаканне перад лiфтам... Тры... Чатыры... Нiякiх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч... Ранiшняя беганiна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад лiфтам. Марудны пад'ём да калiдора трыццаць чацвёртага паверха... 1451... 3452... 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла... 'Наступны!' Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.
- А! Гэта вы! Прынеслi вiзу?
- Прынёс, - адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасцi. - Вось яна.
Спачатку ён глянуў з задавальненнем i добразычлiва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:
- Чаму ж вы не прыйшлi ўчора? Ваша вiза несапраўдная.
- Як несапраўдная? Чаму?
- Тэрмiн годнасцi вiз ККК - адны суткi. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыi. Такое правiла. Хутчэй бяжыце да iх у кантору i папрасiце прадоўжыць тэрмiн. Яны вам зробяць адразу... Наступны!
Ад гэтых слоў я налiўся гневам. З нянавiсцю ўявiў свае бясконцыя бадзяннi, гразiшчу, слоту, марную мiтусню i, без усякай павагi да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалi мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваiм голасам: