- Цямiш, - адгукнуўся на тое пiлёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.

- У прынцыпе, можна ўзьляцець i бяз кола, - iзноў падаў голас шараговец, трэба якi кавалак дрэва прымацаваць - зьняць кару, змазаць салiдолам...

Палкоўнiк страпянуўся, ляпнуў даланёй па абшыўцы, умольна зiрнуў на пiлёта. Пiлёт стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламi, церабiў падштанiкi i невядома колькi б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнiк ляпнуў пальцамi па шыi, зганяючы казытлiвую кузурку й пiлёт, па-свойму зразумеўшы такi жэст, нясьмела прамармытаў:

- Можна паспрабаваць.

'Канешне можна!' - хацеў было крыкнуць палкоўнiк, але стрымаўся, адно захоплена пацёр далоняй аб далонь, а калi хлопцы кiнулiся да элiнгу - за пiлой i сякерай, - воплескамi прысьпешыў iхны бег.

У нябесным прыцiне залiвалiся жаўрукi, пад нагамi гулi чмялi i восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнiк нiчога ня чуў i ня бачыў. Ён утрапёна хадзiў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьцi дарэшты няўцямнае, вадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы дзеяньнi на зьнiшчэньнi паветранага шара й маёру давялося гучна гвiздаць - у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнiк ачуўся i зiрнуў у бок легкавушкi. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф i палкоўнiк у вадказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму нiяк не выпадала.

... Мядовы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:

- ... Ажыцьцяўляем сачэньне... на перахоп паднятая эскадрыля зьнiшчальнiкаў... зьнiшчыць цэль загадана экiпажу самалёта... - галава маёрава на кароткае iмгненьне вытыркнулася з кабiнкi, - ... з бартавым нумарам ноль-дваццаць чатыры... Будзем рупiцца, таварыш генэрал...

'Як мянташкай лупiць', - прашаптаў палкоўнiк ды, цi не ўпершыню за ўвесь час знаёмства з маёрам, падумаў, што Кукарэка наогул някепскi малец.

- Квадрат чатыры-дванаццаць. Падлятае да базы, - крыкнуў тым часам Кукарэка, ляпнуў дзьверцамi ўазiка, а згледзеўшы шарагоўцаў, якiя цягнулi тоўстую лазовую крывулiну, пабег iм насустрач.

'Як Ленiн на суботнiку', - адзначыў палкоўнiк, пабачыўшы, што маёр падставiў плячо пад тонкi канец крывулiны i, цыкнуўшы сьлiнай, рушыў да пiлёта, якi цягнуў два тросы, скрутак дроту i яшчэ нейкае прычандальле.

Крывулiну прымацоўвалi ўсёй грамадой. Напачатку палкоўнiк ня мог дабраць ладу: як гэта можна прымацаваць гладкае бервяно да шпяня, на якiм сядзела кола. А хвiлiн праз дзесяць, калi, з дапамогаю кувалды, манцiроўкi i троса, крывулiна была прымацаваная, ляпнуў Кудзёлку па плячы i захоплена выдыхнуў:

- Зь мяне вядро гарэлкi!

Потым яны ўтрох - палкоўнiк з аднаго канца, два шарагоўцы з другога прыўзьнялi самалётны хвост на жалезным брусу, Кукарэка наехаў бампэрам уазiка на калоду, выпхнуў яе з-пад хваста, i пiлёт Кудзёлка, абабiўшы кальсоны, задыхана мовiў:

- Трэба выкiнуць усё лiшняе.

Праз пару хвiлiн з разнасьцежаных дзьвярэй 'кукурузьнiка' паляцелi мяхi з калiйнымi ўгнаеньнямi, падраная раскладушка, два магiльных жалезных крыжы ды iншае ламачча. Пакуль шарагоўцы выкiдвалi хломазд, пiлёт з маёрам наладжвалi радыёсувязь.

- Палiва зусiм мала. Можам не ўзьляцець, - зумкнуў у дынамiку кудзёлкавы голас, калi сувязь была наладжаная.

- А ў бочцы цi ёсьць што? - запытаўся палкоўнiк, перахапiўшы з маёравых рук слухаўку.

Палкоўнiк наструнiў слых, але сувязь перарвалася.

- Дзесьцi тут было, - гукнуў Кудзёлка, цяпер ужо з самалётнага нутра i неўзабаве на паляну са страшэнным бразгатам выкацiлася пакарабачанае вядро.

З аграмаднай бочкi, што стаяла на ўзьмежку лётнага поля, нацэдзiлi чатыры вядры, пры гэтым шмат палiва пралiлi. Ня бачылi, як поўнiлася вядро, бо ў восем рук, крахтаючы i выпускаючы паветра, прызьнiмалi бочку з дапамогаю ўсё таго ж жалезнага бруса.

I вось яна насьпела, тая шчымлiва-трывожная хвiлiна, калi Кукарэка ўскiнуў на плячук кулямёт, шырокiм крокам пайшоў да самалёта, а сьледам, спрабуючы iсьцi ў ногу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.

- З богам! - прашаптаў усьлед iм палкоўнiк, залез у машыну i, стоiўшы дых, утаропiўся на нерухомы крыж прапэлера.

У нутры 'кукурузьнiка' штосьцi загуло, заляскатала, прапэлер зварухнуўся, зрабiўся нябачным i пыльная вiхура, узьнятая самалётам, прымусiла прыкрыць даланёю вочы. Калi ж палкоўнiк растулiў пальцы й зiрнуў адным вокам на сьвет божы, самалёт з шалёным выцьцём бег па полю, не даючы рады ўзьняцца ў паветра, i з-пад лазовай крывулiны, здавалася, сыпалiся iскры.

Палкоўнiк iзноўку зьвёў пальцы, а калi чарговым разам расплючыў вока, дык убачыў, што самалёт адарваўся ад зямлi i, завалiўшыся на левае крыло, пачаў набiраць вышыню. Палкоўнiк налёг сьпiнаю на прыслон сядзеньня, сашчапiў за патылiцай пальцы рук, з палёгкаю ўздыхнуў, але празь iмгненьне прыхапiўся i акруглымi вачыма глянуў на хвост 'кукурузьнiка'. Прытарочаная да хваста крывулiна нечакана адарвалася, матлянулася на тросе й паляцела долу - акурат на хату, дзе жыла Сазонiха. Назiраючы такое, палкоўнiк ссунуўся на край сядзеньня, спрабуючы такiм чынам зьмянiць траекторыю палёту й яму гэта ўдалося: крывулiна грымнулася дзесьцi ў двары i, мяркуючы па тым, што ў неба ўзьнялiся куры й аблачына парахнi, патрапiла ў бабчын хляўчук.

Самалётны гуд паволi ацiх, над галавою iзноў засьпявалi птушкi, а ў мястэчку натужна забрахалi сабакi, устрывожаныя падзеньнем бервяна.

Палкоўнiк вылез з машыны, стаў ля задняга кола i з такiм шумам выпусьцiў паветра, што гракаўскiя сабакi разам ацiхлi, а потым забрахалi яшчэ больш зацята - з пiлiпаўскiм падвываньнем. Зашпiлiўшы прарэх, палкоўнiк агледзеўся, клiкнуў бялявага шарагоўца i калi той падбег, камандзёрскiм голасам загадаў:

- Шыбуй у краму, вазьмi скрыню гарэлкi... i што-небудзь на зуб... сказаўшы слова 'зуб', палкоўнiк задаволена крэкнуў, выпусьцiў з адчайдушнай натугай рэшткi паветра i толькi тады працягнуў шарагоўцу пачак паперак з выяваю гераiчнай Берасьцейскай цьвердзi.

Борт 0-24 адгукнуўся празь сем хвiлiн пасьля ўзьлёту.

- Цэль выявiлi. Пачынаю аблёт, - прасiпеў у дынамiку зьнявечаны радыёшумамi кудзёлкавы голас i пакуль палкоўнiк убiваўся ў кабiнку i хапаў трубку, борт адключыўся.

Справа, можна сказаць, была зроблена. Заставалася толькi прыцэлiцца ды нацiснуць на спускавы кручок. Аднак штосьцi непакоiла, штосьцi цьвелiла душу i халадок затоенай трывогi блукаў па целу - ад пахаў да самага нiзу жывата. Каб нечым заняць сьвярблiвыя рукi, палкоўнiк уключыў i выключыў 'дворнiкi', шчоўкнуў тумблерам вэнтылятара, нарэшце, падхапiў з-пад ног абрывак газэты, у якi былi загорнутыя пончыкi ды пачаў чытаць артыкул пра пастаноўку опэры 'Залатыя агнi ў вокнах Адмiнiстрацыi' i нечакана дынамiк iзноўку ачуўся, i эфiр апанаваў ашалелы голас маёра Кукарэкi.

- Увесь дыск выпусьцiў... Хоць парвiся... Ляцiць, сука... Можа гэта i ня шар зусiм...

- Не вырубай рацыю! - гракнуў палкоўнiк i, разабраўшы сярод шуму словы 'батарэi селi', спруцянелымi пальцамi расшпiлiў верхнiя гузiкi на кашулi.

'Што ж там лялiць, бляха!? I што будзе, як 'Казловiчы' ўзьнiмуцца ў паветра?' - палкоўнiк уявiў, зь якiм iмпэтам гакнуць усе дванаццаць балiстычнах ракетаў, змарнеў з твару i спалохана прыхапiўся, пачуўшы натужлiвы шум у дынамiку.

- Казлы драныя! Халастыя ўпёрлi... А я й не дагледзеў... - галёкнуў сярод шуму маёр Кукарэка, замармытаў штосьцi пра паляваньне на дзiкоў i палкоўнiк, баючыся, што сувязь адключыцца, умольным голасам запытаў:

- Што рабiць будзем?

- Iду на таран! - гойкнуў у вадказ пiлёт Кудзёлка, потым гойкнуў яшчэ нешта, ды голас ягоны зьмяшаўся з бязладным шумам.

- Аляксей! Алёша! - палкоўнiк падхапiўся на ногi, упёрся макаўкай у пругкi брызэнт, а калi сувязь адключылася, бязвольна плюхнуўся на сядзеньне.

У тую хвiлю галава палкоўнiцкая стала дарэшты пустой, а таму й лёгкай. Такою лёгкай, што паспрабавала адарвацца ад тулава й палкоўнiк, прашаптаўшы: А што ж гэта дзеецца! - абхапiў голаў далоньмi.

Так ён i сядзеў, сьцiснуўшы вушы - аглухлы, невiдушчы й нават зумэр мабiльнага тэлефону, якi раней прымушаў спалохана схамянуцца, гэтым разам ня здолеў разьвеяць хваравiтай замарачы. Калi ж ён, зрэшты

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату