- А ты сам адкуль?
- З Баранавiчаў, - без асаблiвай ахвоты адказаў Iван.
- З Баранавiчаў? - мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад i дзе ён знаходзяцца.
Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукi, акрыялым голасам зазначыў:
- А я зь Ленкаранi. Ты Ленкарань ведаеш?
Ленкаранi Iван ня ведаў.
- А Сальяны?
Сальянаў Iван ня ведаў таксама.
- У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клiчуць. Такога ж узросту, як i ты. - Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў i пачаў распавядаць Iвану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкiя Талыскiя горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавiлi памежнiкi. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму i прыканцы аповеду спытаўся:
- Прозьвiшча тваё як?
- Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Iван.
- Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?
Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць таварыша па няшчасьцi, Iван кiўнуў галавой i ўголас прашаптаў:
- Згода.
Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.
- Есьцi табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.
Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.
Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.
Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: 'Ваня, не пускаюць да цябе!' Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.
Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:
- Iван Iванавiч... Бянькоў...
Iван увайшоў у габiнэт, i першае, што ўбачыў, - гэта партрэт Леванiда Iльлiча Брэжнева, якi вiсеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў мiлiцэйскi мундур, Iван Iванавiч, якога Iван лiчыў генэралам i якi наяве аказаўся ўсяго толькi маёрам.
Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:
- На Мамедава даўно працуеш?
Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:
- Нядаўна.
- А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе - дык дурыла дурылам. Нiколi б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, - сказаўшы слова 'свалату', маёр зрабiў паўзу i кiўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.
- Сам хоць гэтую брыдоту ня палiш?
- Якую брыдоту? - не зразумеў Iван.
- Ды анашу... анашу... - грымнуў маёр i падняўся з крэсла. - Глядзi, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... - цяжкая маёрава рука апусьцiлася на стос папераў. - Болей не пападайся. Згнаiм! I мая табе парада - завязвай ты з гэтымi анашыстамi. Чуеш?
Маёр узяў Iвана за шкiрку, падвёў да дзьвярэй, i яшчэ празь iмгненьне падсьледны вылецеў з габiнэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя i ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калiдоры iшла знаёмая кабета ў караценькай спаднiцы, i Бянькоў, падаючы долу, мiжволi схапiў яе за голыя каленi.
- Ай, ай, хто гэта? - усклiкнула маладзiца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:
- Гэта яму на разьвiтаньне. Каб болей не пападаўся.
Стогнучы i трымаючыся за бакi, Iван выйшаў на двор, дацягнуўся да блiжэйшай лавы i, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькi нiжэй сьпiны, але i сама сьпiна, i карак, i галава, i суворы мiлiцыянт з плякату, што вiсеў на суседнiм будынку, замарачна мiтусiўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекi i ўбачыў перад сабою задаволеную фiзiяномiю Мамедава.
- Паехалi, абмыем свабоду, - прамовiў каўказец i паказаў рукой на шэрую 'Волгу', якая стаяла непадалёку...