пачаў рыхтавацца да дому: цiшком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайнi чатыры кавалкi цукру, але акурат тым часам фiнская ваеншчына ўсчала правакацыi на гранiцы й пэўнай начы iхны полк узьнялi па трывозе. Станцыя Iдрыца - маленькая, хаця й вузлавая, - за ўсю сваю гiсторыю ня бачыла такога вэрхалу, якi панаваў у тую ноч... Цягам некалькiх гадзiнаў чырвонаармейцы ўсьпёрлi на пляцформы цяжкiя гарматы, загналi ў цяплушкi коней, загрузiлi фураж i на трох эшалёнах выехалi ў накiрунку Пскова.

У вапошнiм вагоне 'конскага' эшалёну выправiўся ў далёкi сьвет i чырвонаармеец Яўхiм. Цэлыя суткi ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы i сумнымi вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана.

У праломе шарэла асьлiзлае неба, дрыжэлi цьмяныя зоркi, гарэла ранiшняя палымнiца, чорны паравозны дым засьцiў халодную чырвань, i душа Яўхiмава не знаходзiла сабе месца ў стылай грудзiне. Яна, душа, трымцела ў чаканьнi невядомага, прагла вырвацца вонкi, i вось, дзесьцi пад Ленiнградам, калi Яўхiм канчаткова зьмерз i ад халадэчы пачаў трызьнiць, душа ягоная пакiнула грудзiну, сiганула ў пралом i паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Iдрыцу. Яўхiм убачыў хвост цягнiка, убачыў нейкую асьнежаную станцыю, доўгi шыхт пакгаўзаў i салодкае здранцьвеньне - падобнае на тое, якое ён зьведваў у дзяцiнстве, калi мацi перабiрала пальцамi ягоныя валасы на макаўцы, -да краю напоўнiла разьняволеную душу. Дзесьцi ўдалечынi гучалi людзкiя галасы, штосьцi грымела i бухала, гуло i стагнала, ён наструнiў слых i пачуў, як аднекуль - цi то з бочкi, цi то з таго сьвету прасьцюжана гракнуў старшына Хамук:

- Ты шчо там... вмэр? Выгружай фураж!

Душа вярталася ў цела зь неахвотаю. Яўхiм ачуўся, паспрабаваў падняцца, але ня здолеў нават паварушыць спруцянелымi пальцамi. Нейкая магутная сiла страсянула яго, паставiла на ногi, i яшчэ праз iмгненьне ён выляцеў з пульману, балюча стукнуўшыся лобам аб край дзьвярнога вушака.

У заiнелай галаве гуло i шумела. Усе навакольныя зыкi - конскае ржаньне, надрыўныя паравозныя гудкi, мацюгi старшыны Хамука зьлiлiся ў адзiн працяглы гул, i Яўхiм, ужо ўзвалiўшы на карак мех з аўсом, анiяк ня мог уцямiць - дзе ён, што зь iм i якая гэта халера ўсьпёрлася яму на сьпiну.

Потым ён, аглухлы й невiдушчы, цягаў мяхi з вагона, старшына Хамук бiў яго нагой пад зад - каб хутчэй варушыўся, - пасьля шостага цi сёмага высьпятку Яўхiм упаў у сьнег, i ў гэты момант слых i зрок дарэшты праясьнелi. Ён пачуў, як недзе непадалёку ўдарылi капыты па сходнях, як ля вуха чхнуў старшына Хамук i як на другiм баку эшалёну хтосьцi па-хахляцку закрычаў:

- Хлопцi, шчо за станцiя?

- Белавостраў... Белавостраў... - шматкроць паўтарылi навокал, i Яўхiм пачуў воклiч, якi прымусiў яго схамянуцца i ўстаць на ногi.

- Эй, Хамук, давай сюды трох чалавек, - крыкнуў ад суседняй цяплушкi палкоўнiк Хамiцкi.

Палкоўнiк стаяў на пагорку - вiдаць, гэта быў чыгуначны тупiк, а побач зь iм завiхаўся, махаючы рукамi, дзядок у белым халаце.

- Раненых трэба вынесьцi... - пасьпеў крыкнуць кампалка, перш чым голас ягоны пакрыў сiпучы паравозны гудок. Палкоўнiк крычаў яшчэ нешта - вялiкая радзiмка дрогалася на няголеным твары, - але паравоз гудзеў як ашалелы i ад таго гуду скаланалася зямля пад нагамi.

... Яны беглi ўздоўж доўгага шыхта вагонаў, сьледам трухаў сiвы дзядок, i ў сьпiну iм ляцеў ваяўнiчы палкоўнiцкi лямант:

- Даю трыццаць хвiлiн! Праз паўгадзiны дарога мусiбыць вольнай!

Будынак станцыi быў запоўнены раненымi: яны ляжалi на насiлках, цi то проста на падлозе, гучна стагналi, скрыгаталi зубамi; у паветры вiсеў пах крывi i карболкi, i ў Яўхiма ад усяго гэтага закружылася галава й халодны камяк падкацiў пад горла. Ванiтаваць, на шчасьце, не было чым i не было калi. Ён змучана вякнуў, праглынуў агiдны камяк i, ухапiўшыся за ручкi насiлак, патупаў да выхаду, утаропiўшыся на сьпiну напарнiка - нiзенькага каржакаватага санiтара.

Праз гадзiну, страшэнна стамлёны, ён праводзiў вачыма санiтарны цягнiк, у якi заносiлi раненых, сьледам за iм мiма праплылi пляцформы са спавiтымi ў брызэнт гарматамi, потым вагоны з конскiмi пысамi ў проймах разнасьцежаных дзьвярэй i, нарэшце, з жахам убачыў свой пульман, якi шарым прывiдам праплыў у вечаровым паўзмроку.

- Што стаiш? Раненых прывезьлi! - крыкнулi за сьпiнаю, потым ляпнулi мiж лапатак, нарэшце далi па карку, а ён усё стаяў, атарапелы, неадрыўна пазiраючы ў той бок, дзе асядаў паравозны дым, дзе тырчэў сэмафор i дзе ляжалi, зваленыя ў кучу, мяхi з фуражом.

Адстаць-адбiцца ад сваiх - справа не жартоўная. Гэта ўсё адно што дэзэртыраваць. У вачох Яўхiмавых паўстаў плякат, якi вiсеў у палкавой сталоўцы й на якiм быў намаляваны гэты самы дэзэртыр i левую нагу ягоную апанавалi нэрвовыя дрыжыкi. Праз хвiлю-другую магчыма б i ўвесь ён закалацiўся, ды тут напарнiк- санiтар агрэў яго па сьпiне насiлкамi i роблена-бадзёрым голасам выгукнуў:

- Не сумуй, артылерыя... Далёка ня зьедуць. Праз тры кiлямэтры гранiца.

Там, наперадзе, сапраўды штосьцi бухала, зусiм па-чалавечы стагнала й рыкала, а прыцемнае неба раз-поразу асьвечвала барвовая палымнiца.

Пасьля такой навiны заставалася толькi аддзьмуцца. 'Нiчога, сёньня пацягаю раненых, а заўтра даганю сваiх', - падумаў тады Яўхiм i пабег за напарнiкам, на хаду спавiваючы абрыўкам бiнта змазоленую руку.

Аднак нi на заўтра, нi ў наступныя днi даганяць сваiх ён так i ня выправiўся. Ад ранку да ночы цягаў раненых - выгружаў iх з вазоў i машын, заносiў у будынак вакзала, адтуль - у санiтарны цягнiк; спаў па чатыры гадзiны ў суткi, падбiўшыся пад бок якому-небудзь нябожчыку i, нагледзеўшыся людзкiх пакутаў ды наслухаўшыся страхаморлiвых аповедаў, зусiм ня прагнуў iсьцi на штурм лiнii Манэргейма.

Неўзабаве грымнулi маразы. Маразы былi такiя лютыя, што нават напарнiк сiбiрак Кармунiн - дзiвiўся такой халадэчы, - i на станцыю пачалi падвозiць ня толькi раненых, але й абмарожаных. У асноўным, гэта былi чырвонафлётцы, што выправiлiся на вайну ў зрэбных бушлатах ды закарэлых чаравiках, i Яўхiм, цягаючы абмарожаных балтыйцаў, у душы слаў падзякi сiвому дзядку - ваенлекару 2-га ранга Прыбышэўскаму, якi ня даў яму памерцi на марозе.

Блiзу месяца завiхаўся ён каля раненых, а пасьля Новага году, калi на фронце ўсталяваўся зацiшак, яго й яшчэ двух санiтараў паслалi зьбiраць на абшарах былых баёў трупы забiтых чырвонаармейцаў.

На мейсца прызначэньня ехалi ў кодабу iнтэнданцкага грузавiка, разам з кажухамi i валёнкамi, а прыехаўшы ў нейкi фiнскi пасёлак, атрымалi па пяць сухароў, кудлатага каня-'мангола' i апэратыўны загад: агледзець навакольны лес, выцягнуць адтуль усiх забiтых - як нашых, так i фiнаў, а выявiўшы сярод трупаў камкора цi палкоўнiка, тэрмiнова паведамiць пра тое камандаваньню.

Там, на ўзьлесьсi, Яўхiм i натыкнуўся на палкоўнiка Хамiцкага i ад тае пары палкоўнiк, а дакладней, ягоны зьнявечаны лiсамi труп прыходзiў у сны, спыняючы на iмгненьне збалелае сэрца.

Зiмовымi ранкамi, калi вочы самi сабою заплюшчваюцца, каб ня бачыць сьвятла, якое цэдзiцца з кухнi, адзiнае, што лагодзiць пагляд, гэта малiнавыя блiскi - адбiткi агню ў печы. Блiскi бягуць па цёмнай столi, дрыжаць i мiтусяцца, не раўнуючы як месячнае сьвятло на неспакойнай вадзе i калi доўга глядзець на тое мiгценьне, губляецца адчуваньне часу i асавелая галава анiяк ня можа ўцямiць: што на дварэ - позьнi вечар, ноч, альбо ранiца.

Гэтым разам, аднак, галава была на дзiва сьветлаю й адбiткi агню, што мiтусiлiся на столi, ня толькi не лагодзiлi зрок, але й выклiкалi лёгкае раздражненьне. Раздражнялi, зрэшты, ня толькi блiскi, але i тупы боль у сэрцы, трэск асiнавых дроў, ды шапатлiвыя жаночыя галасы на кухнi: апошнiм часам суседка Андросiха займела звычку завiтваць у хату з цёмнага ранку.

Ён ужо зьбiраўся быў рыпнуць ложкам, даючы зразумець, што прачнуўся, але нечакана перадумаў i, паклаўшы далонь на тое мейсца, дзе бiлася сэрца, наструнiў слых.

- ...У талерку дзьве сталовых лыжкi. Але толькi ў суп. У кашу нельга. Другую лыжку будзе ўлiваць - хай перахрысьцiцца i скажа: - Спрахнi, зельле! Адчапiся, гарэлка праклятая!

- Цi дапаможа? - азвалася на андросiшыны словы Агата.

- Дапаможа. Хай толькi кожны дзень дае... У Халiмонiхi сын быў зусiм сьпiўся. Ужо й на людзей кiдаўся. Дык казала: дала два разы, цяпер нават на Новы год нi кроплi ня выпiў.

Хвiлiну на кухнi было цiха, аж неўзабаве ў печы засiпелi мокрыя дровы й Агата, яшчэ раз уздыхнуўшы, прамовiла:

- Баюся i выпраўляць... Мiнулы раз паехаў, дык сэрца схапiла. I цяпер во на сэрца жалiцца... Кульнецца дзе-небудзь... Сёньня й сон дрэнны сьнiла. А як пайшла вочы прамываць, дык... цi паверыш... вунь той...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату