ды iншыя рэчы. Мужчына штосьцi запытаў, Матруна кiўнула i праз колькi хвiлiнаў госьць вынес з хаты спачатку тэлевiзар, потым згорнуты ў трубку кiлiм, нарэшце, журнальны столiк i люстру, якая суцiшна зазьвiнела на ветры.
- А ты думала, што табе далi назаўсёды? - гукнуў ад сваёй хаты Канавальчык, калi машына ад'ехала.
Матруна нават не зiрнула ў суседавы бок i Канавальчык, абражаны такiмi абыходзiнамi, падцягнуў зацухмоленае галiфэ, жвавым трухам перабег дарогу.
- Гэта сынок таго фрыца прыехаў, якога мы шлёпнулi? - сусед вытрымаў паўзу, чакаючы, што Матруна абзавецца хоць словам, але тая маўчала. - Тут да мяне чалавек прыходзiў... з Камiтэту... - Канавальчык вытрымаў яшчэ адну паўзу, - мiж iншым, пра цябе пытаўся... Я яму ўсё i распавёў. Як мы таго немца вялi, як той немец жыць прасiўся. Гэта ж я яго i шлёпнуў, а Мiцька Дзянiсенка на сябе запiсаў... Хiтры быў, хахляра, таму i выбiўся ў людзi.
Нейкая дзiўная сiла падняла Матруну на ногi i яна, зьлёгку хiтаючыся ўбокi, пасунулася дадому. Убiўшыся ў хату, Матруна глынула збружэлага квасу, няўмела перахрысьцiлася i, не распрануўшыся, лягла на ложак. Жанчына цяжка ўздыхнула, зьмежыла павекi, а калi зноўку расплюшчыла вочы, дык убачыла ў пройме прачыненых дзвярэй Бэртрама. Бэртрам пасьмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, паставiў у кут стрэльбу i, ня ведаючы - чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.
- Сын твой прыяжджаў, мы яго ўсёй вёскай сустракалi, - прамовiла Матруна i, прыкусiўшы дрыготкую вусну, скрозь сьлёзы прашаптала: - Замуж я так i ня выйшла.
- Ведаю, - азваўся Бэртрам i голас ягоны прагучаў гулка, няўцямна, нiбыта з калодзежу.
Згадка пра калодзеж на кароткае iмгненьне абудзiла Матруну; жанчына страпянулася, памкнулася разьвязаць хусьцiнку, якая душыла яе, ды нечакана скацiлася з ложку i паляцела ў халоднае i сырое прадоньне, на дне якога плюскала вада i хтосьцi голасна гукаў ейнае iмя.
Iмжыстым ранкам ў шыбу пастукалi i на падворку прастуджана кашлянуў Канавальчык.
- Гэй, Матруна, выганяй карову!
Канавальчык кашлянуў другiм разам, прыпаў тварам да шыбы i на вiльготным шкле - у тым месцы, куды тыцнуўся канавальчыкавы нос, утварылася буйная кропля. Хвiлiну яна нявыплаканай сьлязiнай трымцела на ветры, а потым сарвалася долу, не пакiнуўшы па сабе нiякага сьледу.