Калiну прыемна было хоць чым-небудзь развесялiць Аннушку. Аднак смех у Калiны праходзiў хутка. Было не да смеху. У школу прыводзiлi людзей на допыт, i знаёмых i незнаёмых. Калiна i Аннушка чулi i бачылi ўсё. Тых, каго прыводзiлi, называлi партызанамi i пасля допыту кудысьцi адпраўлялi. Дзiўна i балюча было чуць, калi замест вясёлых дзiцячых галасоў i смеху са школы даносiўся немы енк, галашэнне жанок, адтуль выводзiлi скрываўленых людзей. А калi ў школу прывялi падлетка, вучня сёмага класа, Калiна не стрымаўся. Вочы яго пацямнелi, твар перакасiўся, i Калiна стаў не падобным да сябе.
- Што зробiм, Аннушка?!
- А што ты зробiш? Сядзi i маўчы, пакуль за цябе не ўзялiся.
Аннушка стаяла перад Калiнам i плакала. З-пад хусткi, якая некалi была белай, выбiлiся чорныя з сiвiзной валасы. Слёзы разышлiся па маршчынках, як дажджавая вада па градках. Калiна пацямнеў з твару.
- Трэба далажыць дылектару, Аннушка.
Аннушка маўчала. Назаўтра яна пайшла ў сяло i ўсiм расказвала, як катавалi Янку, вучня сёмага класа. Гэта падобна было на заклiнанне кабет, каб пайшоў дождж у засуху цi каб хвароба адышла ад чалавека. Кажуць людзi, што чуткамi поўнiцца зямля. Пачуў дырэктар. Пачуў ён на другi цi на трэцi дзень. Не ведала Аннушка, што яна гаварыла i са звычайнымi людзьмi i з партызанскiмi сувязнымi. Неўзабаве ў зямлянку зайшла дзяўчынка. Ох узрадавалася Аннушка, дык гэта ж Ядзя, самая цiхая вучанiца ў школе. Аннушка кiнулася пачаставаць яе малаком, але так i паставiла конаўку на месца: казы ўжо не было.
- Гэта вам, дзядзька Калiна, - падала Ядзя бляшаную ручку, у якой з аднаго боку ўстаўляўся аловак, а з другога пяро.
Калiна агледзеў ручку з усiх бакоў i дастаў з сярэдзiны паперку. Аннушка надзела акуляры i доўга сядзела перад акенцам. Цяжка было ёй разбiраць лiтары, але яна разабрала.
- Дзякуй, Ядзя, усё зробiм. Толькi як жа ты скажаш дырэктару?
- Нiчога, скажу, - заспакоiла дзяўчынка.
Вечарам Аннушка чытала па складах:
'Дарагi Калiна Iванавiч!
Дзякую табе i Аннушцы за чэснае выкананне службовага абавязку. Я ведаю аб вас усё. Партызаны рашылi ачысцiць вёску ад акупантаў. Але каб ачысцiцца ад iх, нам трэба ваша дапамога. Да вас зойдзе Юзiк, памятаеце, што ў восьмым класе вучыўся, такi шчупленькi хлапчук у чорным фрэнчыку. Дык вось, ён прыйдзе. Раскажыце яму, калi ласка, колькi пры камендатуры ўсяго жандараў i палiцыi; дзе яны начуюць, чым узброены, дзе стаяць вартавыя. А што далей вам рабiць, скажа Юзiк. Бывайце здаровы. Да хуткай сустрэчы, дарагi Калiна. Гэтую запiску, як прачытаеш, спалi.
Канстанцiн Фёдаравiч'.
Калiна не спаў усю ноч. Шумелi, гайдалiся бярозкi за акенцам зямлянкi. Да шыб прылiпала мокрае лiсце. Сукi перапляталiся памiж сабой, то апускалiся, то з шумам ускiдалiся ўгару. Вецер блытаўся ў галiнках, то шыпеў, як сырое галлё на агнi, то завываў ваўком. Калiну мроiлiся ў гэтым шуме невыразныя затоеныя скаргi, енк i мальба. Ён хацеў зразумець гэтую музыку начы i не мог...
Ранiцай прыбег Юзiк. Ён скiнуў ватоўку i пачаў заўзята церцi рукамi, каб сагрэцца.
- Золка. Замерзнуць можна.
Кашаль разбiваў Юзiку грудзi.
- Выпi вару з малiннiкам. Я табе драбок цукру знайду. - Аннушка была ласкавая да Юзiка, як мацi.
Юзiк, спяшаючыся, сёрбаў, ажно капелькi поту выступiлi ў яго на лбе. Калiна распытваў пра Канстанцiна Фёдаравiча.
- Дылектара бачыў?
- Угу, - сцвярджальна кiваў галавой Юзiк, - гаварыў з iм.
- Што гаварыў дылектар?
- Гаварыў, Калiна Iванавiч, што вы добры чалавек, што вас не трэба баяцца.
Калiна насцярожыўся.
- Нехарашо гаварыць так: баяцца Калiну...
Неўзабаве Юзiк меў поўную iнфармацыю аб камендатуры. Цяпер яго ўжо нельга было стрымаць. Ён быў настолькi шустры, што Калiна i не заўважыў, як хлапчук выслiзнуў з хаты.
- Бывайце! - толькi пачуў Калiна з дзвярэй.
Доўга не выходзiў з галавы Калiны вобраз гэтага хлапчука. Хударлявы беленькi тварык, завостраны носiк i быстрыя, як у мышкi, вочы. Пабачыўшыся з iм, Калiну здавалася, што ён сустрэўся з Канстанцiнам Фёдаравiчам, i стары аддаўся ўспамiнам пра любiмую школу. Аднак нядоўга лашчылi душу чалавека гэтыя салодкiя думкi. Нехта штурхнуў нагой дзверы, яны са скрыпам расчынiлiся.
- О-о-о! Ён тут! - пачуўся знаёмы голас. - Уставай, стары. Цябе патрабуе камендант.
Калiна не мог спачатку разабраць, хто гэта быў. Толькi, калi яго вывелi на вулiцу, а ў зямлянцы пачалi пераварочваць усё на свеце, ён зразумеў, што яго вядуць у камендатуру як арыштаванага. Аннушка стаяла з вёдрамi пасярод двара.
- Аннушка, я пашол! - толькi кiнуў ёй Калiна i ў суправаджэннi салдат упершыню пры акупантах пераступiў парог школы...
Ачнуўся Калiна позняй ноччу ад частай стралянiны. У калiдоры чуўся тупат i крык. На дварэ глуха страчылi кулямёты. Калiна паспрабаваў падняцца, але толькi заенчыў ад болю. Яго бiлi гумавымi палкамi, ажно трашчалi косцi. Калiна маўчаў. Хiба ён мог сказаць, чаго да яго прыходзiлi дзецi? Старому не так балюча i памiраць, думаў ён, а дзецям вучыцца трэба. I ўсё сцярпеў. Хоць бы атруты якой падкiнула iм Аннушка, хоць бы смалы прынесла. Думкi мроiлiся ў галаве Калiны. Акно, падзеленае дротам на роўныя квадраты, было чырвоным. У якi квадрат нi зiрнi, усюды чырвань. Можа гэта кроў залiвае вочы?.. А можа гэта трызненне? Не, ён выразна чуе знаёмы голас:
- Дзе ты там? Выходзь, Калiна Iванавiч!
Гэта клiкаў дырэктар. Калiна толькi застагнаў у адказ. Яго паднялi на рукi i вынеслi з цёмнага пакойчыка.
- Эх, Калiна, Калiна! Яшчэ адзiн бы дзянёк. Як жа цяпер школа без гаспадара будзе?! Занядужаў ты.
Яму абмывалi твар халоднай вадой, падносiлi нашатыр. Калiна заматаў галавой i крышку прыўзняўся. Каля яго стаялi ўзброеныя людзi, а старшакласнiца даставала з сумкi аптэчныя пакеты.
Калiну перанеслi ў кабiнет дырэктара, дзе паспеў быў ужо звiць сабе гняздо камендант, i палажылi на мяккую канапу. Аннушка прынесла лямпу. Канстанцiн Фёдаравiч сеў побач на табурэтцы.
- Ну i маршчын, брат, на табе стала, не палiчыш, як зорак на тым небе.
Калiна ўбачыў сваiх людзей, адчуў даваенны ўтулак i паспрабаваў усмiхнуцца. Але з гэтага нiчога не выйшла. Аннушка сашчапiла рукi.
- Божачка, дык у яго ж i зубоў няма! Чым жа я яго кармiць буду?
- Малачко ж у вас, Аннушка, знойдзецца пакуль што...
- Дзе там! Гэты чорт загадаў, каб духу маёй рыжухi i блiзка не было. Дык я ў сяло адвяла. Можа ўжо зарэзалi... Каб яго трасца ўзяла. Старых нас без малака пакiнуў. А што ж нам больш есцi было? Ты, саколiк, на бок ляж, параiла яна Калiну. - Табе лепей будзе.
Калiну давалi лекi. Стары пацiху стагнаў i ўсё клiкаў дырэктара:
- Дылектар, дылектар, вазьмi ключы ад школы... Калiна больш не начальнiк. Цяжка быць начальнiкам. Пашол, Аннушка, пакажы дылектару, дзе ўсё закапана дзецям.
- Дзякуй табе, Калiна, шчырае дзякуй, - гаварыў расчулены дырэктар. I табе, Аннушка, таксама дзякуй!
Ранiцой школьную маёмасць, якую захаваў Калiна, перанеслi ў больш бяспечнае месца, а ў той яме закапалi каменданта i яго паплечнiкаў, якiя былi забiты ў баi. З гэтага часу i вёска i школа адышлi да партызанскай зоны. Калiна ачуняў i стаў ездавым у гаспадарчым узводзе.
Калi я вярнуўся са шпiталя ў свой вызвалены раён, школы ўжо не было. Яна была спалена ў час блакады. Замест яе стаяў часовы будынак. Класы не ўмяшчалi ўсяго даваеннага школьнага абсталявання. Але дзецi вучылiся. У iх былi карты i мiкраскопы, глобусы i сшыткi. А на сценах былi развешаны партрэты.
Аднаго з першых я сустрэў Калiну. Ён, увесь белы i маршчынiсты, у парыжэлым салдацкiм шынялi, ехаў у лес па дровы.