небяспечна. На дапамогу прыйшла мiсiс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушнiны за грошы - звычайныя камiсiйныя ў такiх здзелках. Рой згадзiўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацанiў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мiнiяцюрная гараджанка, якая так i не вызвалiлася ад сваiх гарадскiх звычак i манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульнi з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якiм яе аўтарытэт гараджанкi i мiнiяцюрная знешнасць спаборнiчалi з даверлiвасцю iнспектара i праставатасцю акружной палiцыi, - паядынак, якi яна вяла тымi ж макiавелеўскiмi метадамi, якiмi змагаўся супраць iнспектара сам Рой.

- Калi iнспектар зловiць вас, - сказаў ёй аднойчы Рой, - ён адпусцiць вас, калi вы скажаце яму, у каго ўзялi пушнiну.

Яе адказ дадаў штосьцi новае ў iх адносiны.

- Па-першае, спачатку iнспектар зловiць вас, - адказала яна, - а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькi ад вас. Не iначай. - Яна прамовiла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапiлi позiрк Роя, абвяргаючы i пацвярджаючы яе ж словы.

Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала iх. Iхняя блiзкасць узнiкла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае i нечаканае, i сумленне мучыла Роя толькi тады, калi ў гэта ўмешвалiся iншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставiўшы заўвагу пра 'гэтую мiсiс Эндрус', магла ў грахоўным святле выставiць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калi б яна сказала яму: - Мы не павiнны, Рой, - ён падпарадкаваўся б голасу сумлення i нiколi больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блiзкасць гэтак жа проста, як i сам Рой. Эндзi яе кiнуў; нiякiя абавязацельствы яе не звязвалi; грамадскiя ўмоўнасцi не ў залiк; з Эндзi было скончана.

I ўсё адно, кожны раз, iдучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкiя хвiлiны. А раптам Эндзi вярнуўся! - i, стукаючыся ў дзверы i адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.

- Ну i чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывiд з хворымi нервамi, - сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як i Руф Мак-Нэйр, i Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькi ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля i таму, як яна гэта прамовiла. Ён ведаў, што нiводнай тутэйшай жанчыне такое i ў галаву не прыйшло б.

- Хэло, мiсiс Эндрус, - прамовiў Рой i ветлiва, i нiякавата.

- Хэло, Рой, - адказала яна.

- Я прынёс пушнiну. - Ён дастаў звязкi.

- А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, - сказала яна.

Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго i iнспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панiбрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркi на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала iх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкi i дастаў адтуль некалькi старых газет.

- Толькi чатырнаццаць, - сказала яна. - Дрэннае паляванне, Рой.

- Яшчэ нiколi не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, - сказаў ён.

- Затое добрыя. - Яна падняла скурку лiсы.

- Гэта праўда, але якiя яны хiтрыя, - сказаў Рой. - Пакуль вось гэтую даставаў з пасткi, я i не думаў, што яна жывая. А як толькi вызвалiў ёй галаву, яна ўкусiла мяне за руку i стала ўцякаць. Давялося застрэлiць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапiў проста ў вока. Паляўнiчае шчасце, - дадаў ён.

- Якое варварства, - зазначыла мiсiс Эндрус.

Рою зусiм не падабалася, што яго лiчаць жорсткiм, але нязвыклы выраз развесялiў яго i ён упершыню з часу з'яўлення тут зiрнуў на мiсiс Эндрус.

Яна была невысокага росту, крыху нiжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая i гладкая; i нiякай вясковай грубаватасцi не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкi. Рухi яе былi больш рэзкiя i хуткiя, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў iншым яна была даволi вытанчаная. 'Нарадзiлася ў трамваi, выхоўвалася на далiкатэсах', - гаварыў Рой, калi даведаўся пра Джын гэтулькi, што пачаў заўважаць яе рэзкiя рухi i празрыстую скуру. Гледзячы як яна налiвае ваду для кавы ў вялiкi эмалiраваны iмбрык i ставiць яго на плiту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасцi. Яе тонкiя рукi i доўгiя пальцы пастаянна рухалiся, але заўсёды мэтанакiравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабiрала пальцамi кароткiя валасы з завiткамi, i кожны з гэтых рухаў быў трошкi мiтуслiвы, недастаткова сцiплы для такой жанчыны. Рой назiраў, як яна сыпала каву ў заварнiк. Яна рабiла гэта менавiта так, як зрабiў бы сваiмi агрубелымi рукамi няўклюдны лесавiк Рой, i гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласцi ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай i строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калi маўклiвая, але яўная незадаволенасць Роя прымусiць яе зразумець i зрабiць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. I адначасна як любiў ён нямы смех, якi свяцiўся ў яе ярка блакiтных вачах, гарэзлiвасць i гумар за звычкамi цiхонi.

- Пра Эндзi нiчога не чуваць? - спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркi ў газету i ўкладваючы iх у куфар ля акна.

На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круцiла галавой.

На гэты раз яна ўзяла газету з палiчкi над камiнам i падала яе Рою.

- Не ведаю, цi Эндзi гэта, цi не, - сказала яна, паказваючы на заметку. У яго ёсць iншае iмя?

Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкi Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесiяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа i за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.

- Падобна на Эндзi! - з адабрэннем зазначыў Рой.

- Дык гэта ён?

Рой сказаў:

- Не, Эндзi завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элiстэр Гардон Эндрус. Хiба яна не ведае?

- Я не ведала iншага iмя, акрамя Эндзi, - сказала яна. - Дзякуй Богу, што ён не ў турме.

- Бедны Эндзi, - сказаў Рой.

Ён гартаў газету далей. Гэта была 'Таронта стар энд Джорнел'.

- Дзе вы гэта ўзялi? - спытаўся ён.

- Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.

Рой успыхнуў i шпурнуў газету, нiбыта гэта была сама Руф.

- Руф сказала мне, што Эндзi бачылi тут.

- Нехта сказаў ёй, што Эндзi працуе на руднiках у Сэдберы, - патлумачыла яна. - Але Эндзi нiколi не працаваў бы на руднiку. Праўда?

Рой пацiснуў плячыма i не адказаў.

Мiсiс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, i сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважлiва кантралявала свае жэсты i адразу пачала прыбiраць на кухнi. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзiнота Роя ў лесе рабiла надта высокай яго патрабавальнасць да iншых, асаблiва да яе. А Джын ведала, што яна даволi неахайная: не ў адзеннi, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоiкаў на стале, у якiя яна налiла ўжо воцат са спецыямi, каб марынаваць радыску, рэпу, буракi i зялёныя памiдоры. Яна засунула тазы з рэшткамi гароднiны пад стол i разгладзiла на буфеце дарожкi з цыраты. Хацела падмясцi падлогу, але перадумала.

Рой назiраў за гэтым i зразумеў, чым гэта выклiкана. Усё, што яна зараз рабiла, было крыху знарочыстым. Яна нiбыта пакеплiвала з яго ўяўленняў пра чысцiню i парадак. Яна дабiлася свайго, ён памякчэў i ўжо быў гатовы рассмяяцца, калi ў кухню зайшоў яе чатырнаццацiгадовы сын.

- Хэло, мiстэр Мак-Нэйр, - прамовiў ён. Пры iншых абставiнах ён назваў бы Роя па iменi, але пры мацi гэта быў мiстэр Мак-Нэйр.

- Добры вечар, Джок, - сур'ёзна адказаў Рой i зазначыў, як i штогод, якiм падобным на Эндзi расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, вiдавочная незалежнасць - усё гэта было ад Эндзi.

- Учора я сустрэў iнспектара, - сказаў Джок, - ён спытаўся ў мяне, цi ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька i што ў горадзе яго няма, а калi ён з'явiцца, вы ўсё адно яго не зловiце. - Джок засмяяўся, засмяялася i яго мацi.

- А што ён хацеў, той iнспектар? - спытаў Рой. Больш ён нiчога не прамовiў, i яго пытанне прагучала занадта заклапочана.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату