напэўна сесьцi сам прывакзальны жалезны Ленiн. Карацей, канапе, нягледзячы на маштабныя посьпехi СССР у асваеньнi космасу, надыйшоў гамон, а на новую ў бацькоў бракавала грошай.

Калi ў часе выпрабаваньня цяжкагрузнага карабля 'Саюз' загiнуў касманаўт Камароў, цётка Роза Герцыковiч да нас ужо не завiтала. Яна не чытала гiсторыка Фэрнана Брадэля, якi аднойчы сфармуляў свой славуты пастулят, паводле якога 'калi габрэi прыяжджаюць у нейкую краiну, гэта адзначае, што жыцьцё там iдзе добра альбо пойдзе лепей, а калi ад'яжджаюць, - што яно iдзе дрэнна альбо зьменiцца на горшае'. Фiмава мацi проста дачакалася сына з турмы i зьехала зь iм у Iзраiль.

Маёй цётцы Вользе, той самай, што некалi афарыстычна выказалася наконт нашага бегу навыперадкi з Амэрыкай, не было куды зьяжджаць, i яна воляй-няволяй мусiла заняць нейкае месца ва ўсесаюзных шматмесяцавых размовах аб лёсе касманаўта Камарова.

Лёталi чуткi, што камандзiр 'Саюзу' не загiнуў пры пасадцы, а толькi пакалечыўся. Адны бачылi людзей, што на ўласныя вочы бачылi, як Камароў прызямлiўся на полi пад Новасiбiрскам, вылез з кабiны i папрасiў пiва. Другiя бажылiся, быццам чулi тое самае праз 'варожы голас'...

Я быў пэўны, што падзея гэткага сумеру не абмiне на яе гiстарычнай радзiме i носьбiтку старажытнага й слаўнага полацкага прозьвiшча Герцыковiч. Мне ўяўлялiся смуглявыя жыхары бэтлеемскiх ваколiцаў (зрэшты, вельмi падобныя да нашых нядаўнiх суседзяў), якiя чуюць з алейных цёткiрозiных вуснаў, што калi Камароў i ацалеў, дык яго ўсё адно зловяць i заб'юць альбо, у лепшым разе, назаўсёды куды-небудзь заканапацяць, каб нiхто не падумаў, што савецкiя газэты, радыё i тэлебачаньне схлусiлi савецкаму народу.

Пазыцыя цёткi Вольгi ва ўсёй гэтай гiсторыi вызначалася яшчэ большай бескампрамiснасьцю. Iканапiсна падцяўшы вусны, мамiна сястра сказала, што Бог нарэшце ўзяўся караць летуноў, якiя безь ягонага дазволу панарабiлi ў небе дзiрак i сапсавалi надвор'е дый жыцьцё наогул. Зраблю нотабэнэ: зь цёткаю была салiдарная большасьць кабетаў зь яе шклоўскае вёскi Капысiца, што квiтнела пад сонцам калгаснага ладу за тры кiлямэтры ад тады яшчэ невядомай нiкому Александрыi, чые жыхары гналi ня горшую ад капысiцкае самагонку i не падазравалi, што праз чвэрць стагодзьдзя адзiн iхны землячок узначалiць усенароднае змаганьне зь нейкай страшнай замежнай Натай.

Не, нiкому зь iх - нi колiшняму александрыйцу, нi першаму касманаўту-беларусу Клiмуку, нi другому, Кавалёнку, у якога ў дэбютным палёце нешта ня зладзiлася i назаўтра ж з хаты ў ягонае мацi забралi прывезены напярэдаднi тэлевiзар - я, хоць забiце мяне, не зайздросьцiў.

Калi нейкая кропля зайздрасьцi i атруцiла маю iстоту, дык гэта да зусiм нянаскага касманаўта Нiла Армстронга. Вось у яго быў сапраўдны палёт. Гэта, ведаеце, як круцiцца вакол несусьветнае прыгажунi безьлiч залётнiкаў, цалуюць ручкi, падносяць падарункi, нехта за бачок ушчыкне i ня болей, а потым зьяўляецца той, што бавiць зь ёю ноч i застаецца першаадкрывальнiкам.

I кволiцца недзе ў заканурках душы мара - знайсьцi, калi зноў патраплю ў Амэрыку, старыну Нiла й запытацца, што ён там такое на Месяцы, у тым Моры Спакою, убачыў цi адчуў, што, кажуць, завязаў з космасам i нават схаваўся ад людзей i жыве самотнiкам.

Разумею, што шанцы на адказ блiзкiя да нуля. Але мне падабаецца думаць, што - калi б яшчэ жыла бабуля Аўгiньня - старына Нiл мог бы, замест iхнага нядошлага вiскi, хапянуць са мною чыстага, нiбыта сьляза дзiцяцi, перагону i, як некалi дзед Грыша, раскалоцца ды паслаць усю гэтую касманаўтыку на...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату