• 1
  • 2

быццам калядныя зоркi.

Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлiвага ёкату лiтфондаўскiх катоў i дзiўных гукаў зь нiжняга гаўбца ('Жыцьцё чуваць з усiх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок...'), зiрнуўшы куды, ты мiжволi ўбачыш, як перакладчык Ашот i жыдовачка Роза стоячы займаюцца любоўю.

У гэтую ноч ты будзеш пачувацца ў згодзе з усiм сьветам: з катамi, з армянскiм калегам, з Розай, якой ты гатовы будзеш прысудзiць званьне ня толькi 'мiс Дом творчасьцi', але й 'мiс СССР'... У гэтую ноч ты дасi веры, што недзе сапраўды ёсьць Беларусь, дзе жывуць беларусы. Ты будзеш пэўны, што з такой самай думкай ляжаў на Божай пасьцелi й Максiм Багдановiч. Таму што ён прыехаў сюды, каб у свае астатнiя днi мець ня толькi сонца ды сiнюю бухту, але й Беларусь.

Бо яна ў параўнаньнi зь любой iншай краiнаю мае адну асаблiвасьць: iснаваць адно тады, калi ты ад яе ад'едзеш, калi будзеш хадзiць сярод чужанiцаў, пакуль табе нарэшце ня здасца, што i ў вас усё, як у людзей.

Твая Беларусь праiснуе, пакуль ты ня выйдзеш з самалёту.

З куплёнае ў аэрапортаўскiм шапiку расейскае (бо iншых тут нямашака) газэцiны ты даведаесься, што Нiна Андрэева праводзiць у Менску зьезд сваiх пячорных бальшавiкоў. Сярод сваёй пошты ты знойдзеш акуратна ўскрытую бандэролю з Таронта, ад беларускага нацыяналiста i, як пiша дасьведчаны недзе беларускi пiсьменьнiк Барыс Iванавiч Сачанка, гiтлераўскага паслугача (якi чамусьцi служыў Гiтлеру, ваюючы супраць таго ў войску саюзьнiкаў), а таксама знойдзеш абы-як разадраны канвэрт зь лiстом ад беларускага нацыяналiста зь Вiльнi, якi не пасьпеў паслужыць гiтлераўцам, трэба меркаваць, толькi з тае прычыны, што позна нарадзiўся. Ты зойдзеш у краму, i разьлезлая злая кабецiна параiць табе гаварыць 'па-чалавечаску нармальным языком' i, пашкадаваўшы, растлумачыць, што 'эта называiцца сахер'. I хутка, вельмi хутка прыйдзе хвiлiна, калi нiякае тваё пачуцьцё ня здолее зраўняцца сiлаю з тваёй зайздрасьцю да Максiма, якi ляжыць над морам, i ягоная душа зьлятае пад кiпарысы, верачы, што недзе ёсьць Беларусь i даруючы гэтую веру тым, хто мяняе ваду ў алюмiневым iмбрыку.

Прыкладна ў той самы час удзячныя нашчадкi, пакрываючы помнiк белай татуiроўкаю, будуць пiсаць на бронзавым менскiм Максiме, што 'чеснок полезен для здоровья' i даваць суайчыньнiкам iншыя 'полезные советы'. А празь дзень да цябе зьявiцца нацыянальна заклапочанае дзяўчо з даўжэзным сьпiсам подпiсаў: не за тое, каб паставiць на ялцiнскай магiле прыстойны помнiк бяз зорачкi, а за тое, каб раскапаць паэтаву магiлу i, хоць ён нiколi нас пра гэта не прасiў ('I разрытаю магiлай вее сумна на мяне...'), прывезьцi Багдановiчавы косткi ў Менск, дзе нашчадкi займеюць мажлiвасьць пiсаць 'полезные советы' яшчэ й на надмагiльлi.

Ты будзеш марудзiць, перачытваючы знаёмыя прозьвiшчы, i дзяўчо пакрысе пачне пазiраць на цябе, як на ворага беларушчыны, i ты, слабы чалавек, ня вытрымаеш i паставiш свой подпiс. Вiзытантка з палёгкаю пацягне паперу на сябе, але ты не аддасi й дапiшаш побач з подпiсам: 'Калi Беларусь будзе Беларусьсю'.

Дзяўчо падзякуе й пойдзе, цешачыся ад усьведамленьня значнасьцi свае мiсii. Ёй будзе няўцям, што, калi Беларусь сапраўды стане Беларусьсю, нiхто й не надумае прыходзiць на паэтавыя магiлы ня з кветкамi, а з рыдлёўкай.

Лiпень, 1991 г.

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату