- Нiчога дзiўнага, - гаварыў ён часта, гледзячыся ў люстра, - нiчога дзiўнага, што я такi слабы. Як жа я выглядаю!..

- Ну, з твару чалавек заўсёды лёгка мяняецца, - сказала жонка.

- Гэта праўда, але ж я i на целе здаю...

- А можа, гэта толькi здаецца? - спыталася яна з вялiкiм сумненнем.

Ён задумаўся.

- Што ж, можа, i праўда... Бо нават... Некалькi дзён ужо я заўважаю, што камiзэлька мая... штосьцi...

- Ды пакiнь ты! - перапынiла яго жонка. - Не мог жа ты растаўсцець...

- Хто ведае? Бо калi глядзець па камiзэлi, то яно...

- Тады ж i мацнець ты таксама павiнен.

- Ну, ты ўжо хацела б адразу... Спачатку трэба ж трохi папаўнець. Нават, скажу табе, i папаўнеўшы, не адразу паправiшся... А што ты там робiш за шафай? - спытаўся ён раптам.

- Нiчога. Шукаю ў шафе ручнiк i не ведаю... цi ёсць чысты.

- Не пнiся там ажно так, што аж голас мяняецца... Куфар цяжкi...

Куфар i сапраўды павiнен быў важыць нямала, бо яна ажно зачырванелася. Але была спакойная.

З гэтага часу хворы ўсё больш ды больш увагi аддаваў сваёй камiзэлi. Дзён праз колькi зноў паклiкаў жонку i пачаў:

- Ну... глядзi. Сама пераканайся: учора я мог яшчэ прасунуць тут палец, вось тут... А сёння ўжо не магу. Я i праўда таўсцець пачынаю!..

А ўжо аднойчы радасць хворага была бязмежнай. Калi жонка прыйшла з урокаў, ён павiтаў яе вясёлым позiркам, вельмi ўзрушаны:

- Паслухай, што за сакрэт я скажу табе... З гэтаю камiзэлькай я трохi жульнiчаў. Каб супакоiць цябе, я кожны дзень сцягваў паясок, i таму камiзэля была цеснай... Такiм чынам учора я дацягнуў гэты паясок да канца. Ужо непакоiўся, што сакрэт мой раскрыецца, а тут сёння... Ведаеш, што я табе скажу?.. Сёння я, клянуся табе, замест таго, каб сцягваць паясок, павiнен быў трохi яго паслабанiць!.. Мне стала рашуча зацесна, хоць учора яшчэ было свабаднавата... Ну, цяпер i я веру, што папраўлюся... Сам ведаю!.. Няхай сабе доктар думае, што хоча...

Ад доўгай гутаркi ён так стамiўся, што павiнен быў вярнуцца на ложак. Аднак там як чалавек, што без сцягвання паяска пачынае таўсцець, ён не лёг, але нiбы ў мяккiм крэсле асеў у жончыных абдымках.

- Вось так яно! - шаптаў. - I хто б спадзяваўся?.. Два тыднi ашукваў жонку, што камiзэлька зацесная, а сёння яна i сапраўды сама зацесная!.. Вось яно як!..

I так, прытулiўшыся адно да аднаго, яны прасядзелi ўвесь вечар.

Хворы быў расчулены больш чым заўсёды.

- Бог мой! - шаптаў ён, цалуючы жончыны рукi. - А я ж думаў, што буду ўжо худзець да... канца. Два месяцы прайшло, а толькi сёння паверыў, што магу паправiцца. Каля хворых усе лгуць, а жонка найбольш. А камiзэлька - яна не зманiць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Сёння я, гледзячы на старую камiзэльку, бачу, што над яе сцяжкамi працавалi дзве асобы. Ён - кожны дзень пасоўваў спражку, каб супакоiць жонку, а яна штодня - падкарачала паясок, каб падбадзёрыць мужа.

'Цi яны калi-небудзь сустрэнуцца зноў, каб расказаць адно аднаму ўвесь сакрэт з гэтаю камiзэлькай?..' - думаў я, гледзячы на неба.

Неба ўжо амаль не было над зямлёю. Iшоў снег, такi густы ды халодны, што нават чалавечым прахам у магiлах было холадна.

Хто ж аднак скажа, што за гэтымi хмарамi няма сонца?..

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату