загарэлiся чырвоныя дудкi ад старога шчаўя - здавалася, i травы iнакшай на лагу не было, адно шчаўе.
Ззаду над самым лесам вiсеў месяц. Яны ўжо ад'ехалi логам далёка, i месяц быў добра вiдаць: белы, што глiнка, пацямнеў толькi збоку, сцiраўся.
Уперадзе цераз дарогу - над Боганчыкавымi калясьмi - пераляцела дзiкая качка - памалу, чуць несла цяжкае валлё, выставiўшы ўперад, як падплятанку, дзюбу i ледзь кратаючы крыллем. Здавалася, сарвецца на зямлю.
У нiцай лазе крычаў i крычаў дзяркач. Недзе ў самым кутку над логам зноў глуха каркалi вароны, што ўвосень дома на загуменнi.
Сонца паменшала, пабялела; зверху над iм ляглi, выцягнуўшыся, чорныя тулягi. На лагу было яшчэ больш холадна. Крэплi рукi - не бралi лейцаў - i шчыпала за вушы, як у мароз. З рота iшла пара i вiсела над калясьмi, што кудзеля. Туман падымаўся высока, уровень з лесам, i рудзеў - палосамi.
Тарахцелi калёсы, i скрыпелi драбiны; чыркалi дразды на лагу ў альшэўнiку, i шыпелi сiваваронкi ля дзвюх старых дуплаватых асiн - мусiць, ля гнёздаў.
Моклi, дастаючы да травы, спушчаныя з ляжэйкi ногi; на iх налiпала халоднае насенне ад мятлiцы, дробнае, што аўсюк.
Ззаду калёсы дагнаў Буланчык; выцягнуў шыю i даставаў з-пад меха зайцаў гарох, адвесiўшы губу i бразгаючы цуглямi. З-пад грывы, чорнай i мяккай, што воўна, глядзелi ў бакi вялiкiя i круглыя блiскучыя вочы. Збоку ля калёс па траве, узяўшыся рукой за ляжэйку, iшла Наста; другой рукой яна трымала паднятую вышай калень спаднiцу. З-пад спаднiцы ў яе была вiдаць белая палатняная кашуля - мокрая з самага нiзу ад расы i з дробным насеннем ад мятлiцы. Шчокi ў Насты былi чырвоныя, заружавелiся, што ля печы; яна выцiрала рогам белай хусткi лоб: мусiць, угрэлася, паганяючы Буланчыка.
Алёшу было здалося, што пацяплела на возе. Запахла з дарогi з-пад ног у каня сухiм сенам.
Канчаўся лог. Уперадзе блiзка быў лес - здалёку былi вiдаць чырвоныя, што ад агню, сосны.
Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза усё роўна як зграблi ў вал сухое сена i яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахiлiлiся старыя вольхi; з-за iх вытыркалiся востранькiя елкi; вiдаць быў i белы дробны бярэзнiк - за ракой. Там было балота.
Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлi духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскi.
Захацелася есцi - блiноў з бульбы, якiя мацi пякла кожную ранiцу, устаўшы такой парой.
Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусiць, iшоў гарой аж за Пунiшча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву i цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палiк. З Дальвы да Палiка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзiлi.
Ля самай дарогi рос верас, высокi, стары i руды; чапляўся дудкамi за атосы - яны аж звiнелi.
У каляiнах быў пясок, сухi, жоўты i глыбокi; у яго хавалiся колы, i конь iшоў навыцяжку. Ехалi памалу.
На самай гары, справа, дзе недалёка ўнiзе была рака, рос невысокi сасняк; над iм паказалася сонца i пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалi хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.
Мужчыны пазлазiлi з вазоў i iшлi ля Боганчыкавых калёс. Пярэднi iшоў Махорка. З мяхоў злез i Янук, узяўся за ляжэйку i трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты - асталася.
З-пад калёс падымаўся пыл, мяккi, як з-пад падсiтка, i лез у горла. Было чуваць, як цiха кашляе Панок: зацiскаў, мусiць, рот.
Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару iшлi леспрамгасаўскiя машыны з гружонымi прычэпамi.
Алёша пачуў, як яго кiнула ў стужу. Стукалi зубы, i траслося ўсярэдзiне. Так у яго траслося ўсярэдзiне, калi зганялi ўчора ўсiх да Махоркi на вулiцу.
Наперадзе ля Боганчыкавых калёс iшлi мужчыны, цiха, як баючыся. Панок усё азiраўся назад.
Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснiкам пыл, белы i рэдкi, як згледзець вокам.
Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў i падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснiкам больш не было, i Алёша падумаў, што яму здалося.
Сонца бiла ў вочы, i ад яго было ўсё жоўтае: i мяхi на калёсах, i пясок у каня пад нагамi, i мох на зямлi ў соснiку... Недзе над самай галавой застукаў дзяцел - мусiць, у гнiлую сухастоiну - моцна, што страляў усё роўна. Над дарогай запырхалi сiнiцы.
Пасля зноў за соснiкам загудзелi машыны. Алёша згледзеў, як сталi былi мужчыны, гаварылi, мусiць, тады зноў пайшлi кучкай - хутчэй, як спяшалiся куды.
Спускалiся з гары: конь пайшоў смялей, зусiм не напiнаючыся.
Зноў уперадзе над соснiкам закурэўся белы пыл, iшоў з зямлi, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калi хто чужы iшоў у хату...
Сцiх над галавой дзяцел - зляцеў.
- Мужчыны!.. Немцы!.. - закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката i сiпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...
Алёшу здалося, што закрычала мацi.
Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.
12
Алёша згледзеў спачатку кароценькi аўтамат, якi быў настаўлены якраз яму ў грудзi, блiзка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце кiнулася ў вочы - была вышаравана, i блiшчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпiла вялiкая, чырвоная, з тоўстымi пальцамi рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок i ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...
Алёша толькi цяпер убачыў немца. Немец быў высокi, увесь у сiвым сукне, што пацук. I на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сiвая пiлотка з сукна, ссунутая нiзка, на самы лоб.
- Вэр, вэр!.. - пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, i згледзеў, што той стаiць з разяўленым ротам i кiвае галавой - паказвае iсцi ўперад. Зноў яго таўханулi пад паху, моцна, як усё роўна хацелi прасадзiць. Калi Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнулiся збоку блiскучыя боты i асталiся ззаду.
Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзiн ля аднаго, падняўшы ўгару рукi, i глядзяць назад, на падводы. З аднаго i з другога боку ля iх блiзка стаялi немцы з аўтаматамi ў руках: па двое. Алёша падумаў, што i яго гоняць да мужчын, не загадалi толькi падняць рукi.
Ён хацеў азiрнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: 'Вэр! Вэр!' - i Алёша ўбачыў толькi яго блiскучыя боты.
Пасля Алёша згледзеў, як да доўгiх Панковых развод падскочылi два немцы, тоўстыя, у пiлотках, i пачалi торкаць аўтаматамi ў мяхi. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталi мацаць мяхi рукамi, кожны мех, i паказваць нешта адзiн аднаму пальцамi.
Немцы былi i ля Танiных калёс - стаялi, сагнуўшыся ў крук над мяхамi, на якiх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Танiных калёс была Наста, прыбегла, кiнуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала i махала рукамi - паказвала ўперад на дарогу - мусiць, на мужчын - i гаманiла, моцна, каб усе чулi. Алёша ўспомнiў, што яна i ў вёсцы, у Махоркi ля тыну, калi падыходзiла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вулiцу.
Немцы былi i на самай гары, абступiлi Буланчыка...
Больш Алёша не бачыў нi Насты, нi Танi на калёсах. Яго падагналi да мужчын i паставiлi збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукi, вышэй за ўсiх, - закасалiся рукавы, i ў яго былi вiдаць белыя локцi. Янук быў без кепкi: недзе, мусiць, згубiў цi пакiнуў на возе; мокрыя сiвыя валасы на галаве скруцiлiся ў каслаўкi i папрылiпалi да вушэй. Палатняная рубашка выехала з-пад паяснiцы i даставала падалом да калень. Янук павярнуўся i глядзеў на Алёшу нейкiмi балючымi вачыма, як шкадаваў усё роўна. Мужчыны, падняўшы рукi, стаялi цiха - нiхто не кратаўся. Алёша ўбачыў, як збялеў Панок; у яго памiнутне падскаквалi ўгары плечы - яму цяжка было стаяць, задзёршы рукi: кашляў.
Немец, якi прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялi ля мужчын, моцна i дзярката: 'Вэр! Вэр!..' - i тыя суса кiнулiся да Боганчыка i Махоркi i сталi мацаць далонямi па грудзях, па жываце, па штанах у паяснiцы. Перамацалi пасля ўсяго Панка - ён стаяў i без аддухi кашляў; тады - Янука, чапляючыся рукамi за падол яго доўгай палатнянай рубашкi. Алёшу не кранулi...
Пасля немец у шырокай разношанай пiлотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркi - Махорка стаяў пярэднi, - паказаў аўтаматам на дарогу i крыкнуў зноў моцна i дзярката: 'Вэр-вэр!..' Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукi: той быў апусцiў iх да самых плеч.