Цяпер у яго словах адчулася ненатуральнасць, глыбока схаваная кпiна. Зрабiлася нiякавата ад таго, што стаiць у купальнiку перад хлопцам, якога нiколi раней не бачыла i зусiм не ведае. Калi гулялi ў валейбол i вакол гаманiлi дзяўчаты i хлопцы, гэтае непамыснасцi не ўзнiкала, але цяпер Васiлiна адчула яе i, калi Вiцька адвярнуўся, хуценька накiнула плацце. Ён заўважыў гэту паспешлiвасць, але нiчога не сказаў, нават не пажартаваў, а толькi ледзьве ўлоўна ўсмiхнуўся, даючы ёй магчымасць апрануцца як след.
У горад яны варочалiся разам. Час быў раннi яшчэ, i Васiлiна ахвотна пагадзiлася не ехаць на аўтобусе, i ганарылася сваёй смеласцю, i была ўдзячна Вiцьку за яго прапанову. Няхай берагам удвая далей, але затое як хораша iсцi басанож па пясчанай, цвёрдай i халоднай, як асфальт, палосцы ля самай вады, захапляцца сонечным бляскам, свежым ветрам, сiнечай чыстага неба. Па рацэ праносiлiся маторкi; буркатлiвыя хвалi з шумам накатвалiся на бераг, казыталi ногi, i трэба было ўцякаць ад першых, самых вялiкiх; Васiлiна, гуляючы з хвалямi, смяялася, а потым стаяла, чакаючы, пакуль накоцiць i бухне па нагах хваля - мяккая, ласкавая i цёплая.
У маленькiм залiўчыку, сярод багавiння, гайдалася на плынi белая кветка. Гарлачык? Так, ён. Белы гарлачык!
- Дастаць? - дзелавiта спытаў Вiцька.
- Не трэба. Там глыбока.
- Нам гэтая глыбiня па калена. Наперад, сябры!
Вiцька кiнуў на траву Васiлiнiну сумачку i свой маленькi рукзачок i храбра рынуўся ў раку. Там сапраўды было глыбока, але ён дастаў гарлачык; хацеў сарваць яшчэ i светла-зялёны, падобны на слiву, гарлачыкавы пухiрок, але яна забаранiла. Не расцвiў жа гарлачык. Вiця згадзiўся i, шумна разганяючы ваду нагамi, выбраўся на бераг i падаў гарлачык Васiлiне.
- На шчасце. Iх на рацэ рэдка стрэнеш.
- Я iх увогуле на Дзвiне не бачыла.
- Летась мы знайшлi iх за мостам. А на азяро ездзiлi - ажна белая вада ад гэтых гарлачыкаў. Ды бярыце ж!
Яна ўдзячна ўсмiхнулася Вiцьку i ўзяла кветку. Белыя пялёсткi, запакаваныя ў зялёныя крышачкi, яшчэ раздвiнулiся слаба, сярэдзiна гарлачыка была закрыта, i буйныя кроплi вады на ёй зiхацелi смарагдавым бляскам. Здалося: у руках цудоўная, казачнай прыгажосцi скрыначка, якую забаронена адчыняць - адчынiш, а яна знiкне зусiм.
Яны рушылi далей, але цяпер iшлi не ля самай вады, а крыху вышэй, па вузкай сцежцы; ногi грузлi ў гарачым сыпучым пяску. Сцежка ўзбiралася ўсё вышэй i вышэй, пад самы ўзвал, i ўрэшце ля другога ручая, што стрэўся на iх шляху, згубiлася ў густым спляценнi вербалозаў i чаромхi.
- Мо адпачнем? - спытаў Вiцька i адразу ж дадаў, як бы сцвярджаючы неабходнасць свае прапановы: - Пасядзiм у засенi. У мяне тут у рукзачку i перакус знойдзецца. А?
- Не, не!
Васiлiна пайшла наперадзе i iшла хутка, у трывожным чаканнi чагосьцi страшнага i незвычайнага. Сумачку яна ўзяла ў Вiцькi i болей не аддавала, i, калi ён раптоўна кашлянуў, яшчэ больш паскорыла хаду, i ўвесь час прыслухоўвалася да блiзкiх крокаў за спiною. З жалобным чаканнем мiльгалi над вадою стрыжы, i ад iх кароткiх высвiстаў у сэрцы то знiкала, то зноў паяўлялася падазроная недаверлiвасць да Вiцькi. Хiба вядома, якi ён чалавек?..
Яна так i не паспела даўмецца, што рабiць у выпадку Вiцькавага нападу: гушчар лазнякоў скончыўся, i наперадзе, за рэдкiмi бярозамi, што шнурам цягнулiся па ўзвалу, у дрыготкай туманна-белай сiнечы ўзнiклi гарадскiя гмахi. Па рацэ плылi чоўны. Васiлiна ўздыхнула з палёгкай i вiнавата зiрнула на Вiцьку - зрабiлася сорамна за свае благiя думкi аб iм.
- Вось i дайшлi. Мне тут блiзенька, праз замчышча.
- А чым гэта пахне? - Вiцька, зморшчыўшыся, круцiў галавою.
- Палын. Разагрэўся на сонцы. Таму...
Палын рос на ўзвалу густа, i пах яго быў гаркаваты, змешаны з пылам, а таму яшчэ больш рэзкi i густы, чым звычайна; вецер гайдаў нiзкiя сцяблiны, лiсце паварочвалася то адным, то другiм бокам, i ад гэтага палыновыя купкi хутка мянялi колер - то рабiлiся бледна-зялёныя, то сiвелi, быццам пасыпаныя попелам.
- А мо падсiлкуемся? - зноў прапанаваў Вiцька. - Гладка ж я прыбiўся. Ды i не цягнуць жа дамоў перакус гэты...
Вейкi ў Васiлiны тарганулiся, i яна ўзялася церцi вока - зрабiла выгляд, што нешта трапiла туды. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васiлiна наважылася было, як гэта вучыла яе Адэля, пагадзiцца не адразу, i тут жа напалохалася, што Вiцька можа пакрыўдзiцца, змянiла свой намер. Чаго ёй баяцца? Горад вунь жа, побач зусiм! Да яе зноў прыйшла ўпэўненасць, бесклапотная цiхая радасць, адчуванне свае прывабнасцi, жаданне слухаць Вiцьку, смяяцца разам з iм, падабацца яму i адчуваць гэта. Яна зноў, як у гульнi ў валейбол, была роўная з iм, не саромелася, нiчога не баялася i адчула сябе вольна i незалежна.
Бярозкi на ўзвале былi нiзенькiя, але шырокiя - галiны з гэтым лiсцем пачыналiся ад самае зямлi. Раслi i дзве ялiнкi, кучаравыя, з доўгiмi i густымi лапкамi.
- Ой! Ялiнкi-сястрынкi! - зарадавалася Васiлiна i пабегла.
Вiцька мернай хадою наблiзiўся да ялiнак, па-гаспадарску агледзеўся вакол; прывабiла яго бярозка, што расла побач; ён паўглядаўся i нечакана падскочыў уверх, схапiў i прыгнуў дрэўца.
- Навошта ты ламаеш? - абурылася Васiлiна. Было трывожна i радасна ад таго, што яна асмелiлася сказаць яму 'ты'. - Такая бярозка прыгожая...
- Шкада табе? Ха-ха! На наш век iх хопiць. Затое па-а-сядзiм. А пах ад бярэзнiку - любата!
Смеючыся, ён круцiў-ламаў вецце, i хутка наскiдаў пухлую грудку, заслаў яе пiнжаком i шмякнуўся на гэтую пасцель.
- У-ух! Слаўна! Мой рукзачок нам ай-яй як спатрэбiцца. А ты чаго стаiш? Сядай!..
Маленькi рукзачок быў умяшчальны. Вiцька выцягнуў адтуль гуркi, каўбасу, сыр, нарэзаны тонкiмi лустачкамi, два вялiзныя памiдоры i нават вузкую i плоскую, як дошчачка, пляшку з вiном. Васiлiне адразу захацелася есцi i зрабiлася нiякавата, што давядзецца браць Вiцькаў пачастунак. А яна можа i не есцi. Яблыкi ёсць!
Яна выцягнула iх з сумачкi, i Вiцька вiтаў гэта. Яблыкi? Цудоўна! Калi яна не хоча браць яго пачастунак, дык можа абмяняць на яблык усё, што ёй захочацца, нават вiно. Праўда, у яго няма кiлiшкаў, але ён зробiць iх з гурка, гэта вельмi проста: разрэзаў, сярэдзiну выскраб i - налiвай.
Васiлiна прысела, але рашуча запярэчыла: вiно пiць не будзе! Навошта ёй пiць вiно? Але ў душы была ўзрадавана i гэтымi iмправiзаванымi кiлiшкамi, што стаялi ўжо на газецiне, i тым, што Вiцька прапанаваў памяняць яблыкi на свой пачастунак, i нават тым, што дужа хочацца есцi. Яна пагадзiлася - гэтак ужо ён прасiў! - выпiць адзiн кiлiшак, даўшы сабе строгае абяцанне, што нi кропелькi болей не возьме. Але Вiцька ўвесь час даводзiў, што кiлiшак зусiм маленькi дзве чайныя лыжкi, не больш. Васiлiна прыдзiрлiва агледзела разрэзаны гурок, убачыла Вiцькаву праўду i дала згоду на яшчэ адзiн кiлiшак, але патрабавала, каб Вiцька выпiў два, бо ён жа мужчына i сорамна пiць вiно аднолькава з ёй. Вiцька не пярэчыў.
Пляшка зусiм незаўважна апусцела. Але затое цяпер Васiлiна ведала - гэтак ёй, прынамсi, здавалася - пра Вiцьку лiтаральна ўсё: i тое, што ён нарадзiўся ў Расонах, i тое, што скончыў тэхнiкум i цяпер працуе на электрастанцыi. Ён мала гаварыў пра сваю работу i яшчэ меней распытваў Васiлiну пра будоўлю, i яна была ўдзячна яму за гэта: цi ж цiкава будзе такому вясёламу хлопцу слухаць пра тое, як тынкуюць сцены!
Вiцька быў дужа ласкавы i ўважны, i яна пачынала верыць кожнаму яго слову. Смешнымi i нерэальнымi здавалiся ёй нядаўнiя падазронасць i жах. Во каб на яе цяпер паглядзела Адэля! Наўрад цi пахвалiла б яна Васiлiну за такiя паводзiны. Але што ёй Адэля!
Весялосць у душы мацнела; смех выклiкаў кожны жарт Вiцькi, кожнае яго слова, i Васiлiна заўважыла, што ўсё вакол яе - i неба, i ялiнкi, i лiстота бярозак - смяецца i вагаецца. Напоўлежачы на Вiцькавым пiнжаку, яна закiнула галаву i гучна засмяялася - галава зрабiлася нейкай дужа цяжкай i сама апусцiлася долу, i салодкая млявасць была ва ўсiм целе. На твар навiсала тонкае голле ялiнкi. Васiлiна заплюшчыла адно вока, i сiнявае неба стала падобным на мора, шыпулькi склалiся ў абрысы нейкага карабельчыка, i ён, крыху пагойдаўшыся, паплыў, паплыў гэтым морам; а насустрач паўзла чорная калматая хмара, наблiжалася, шырэла, i карабельчык знiк у ёй, бы хмара праглынула яго. Васiлiна паўглядалася яшчэ i