раб з гонарам распальвае жароўню гаспадара.
- На, вазьмi, - кажа часам важак вязню.
Зараз гаспадар лагодны з рабом, бо зараз адбываецца адпушчэнне чыста ўсёй стомы, чыста ўсёй спякоты, бо зараз яны абодва, плячо ў плячо, спакваля ўступаюць у прахалоду. I ён дорыць яму шклянку чаю. I вязень у прылiве ўдзячнасцi за гэтую шклянку чаю будзе цалаваць ногi гаспадару. Раба нiколi не закоўваюць у ланцугi. Хай не будзе ў iх патрэбы! Хай будзе ён верны сам па сабе! Хай ён, пазбаўлены ўлады, разумна адмовiцца ад свайго каралеўскага трона! Зараз ён - вязень шчаслiвы.
Але некалi яму напраўду дадуць волю. Калi ён зусiм састарыцца i не зможа апраўдаць выдаткаў на ежу цi апратку, тады яму даюць неабмежаваную свабоду. Тры днi падрад, слабеючы ўсё больш i больш, ён дарэмна будзе сноўдацца ад шатра да шатра i прапаноўваць свае паслугi, а на зыходзе трэцiх сутак, як i раней, разумна i пакорна, распластаецца на пяску. Я бачыў у Джубi, як яны, голыя, памiралi гэтак. Маўры падганялi, але без жорсткасцi, iх марудную агонiю, а дзецi маўраў гулялi вобак гэтых сумных руiн i шторанку свавольна правяралi, варушыцца яна цi ўжо не, але без кепiкаў над старым слугой. Гэта была звычайная з'ява. Гэта выглядала так, нiбыта яму сказалi: 'Ты добра папрацаваў, ты заслужыў права на адпачынак, iдзi спаць'. Ён ляжаў, яму хацелася есцi, i толькi ад гэтага ў яго кружылася галава, а не ад несправядлiвасцi, бо катуе толькi несправядлiвасць. I спакваля перамешваўся з зямлёй. Трыццаць гадоў працы - i вось гэтае права на сон i на зямлю.
Калi я ўпершыню нагабаў такога раба, я не пачуў ад яго нiводнай скаргi: ды яму не было на каго i скардзiцца. У iм чыталася нейкая падсвядомая згода, згода горца, якi заблудзiўся i ўжо знясiлеў дарэшты i якi лягае на снег, зарываецца ў забыццё i ў снягi. Не пакута яго перавернула маё сэрца. Я не бачыў нiякiх пакут. Але са смерцю чалавека памiрае нейкi невядомы нам свет, i я ўсё думаў, што пагасла ў iм, якiя вобразы? Якiя плантацыi Сенегала, якiя белыя гарады паўднёвага Марока паволi адыходзiлi ў нябыт? Не было мне дадзена даведацца, цi ў гэтым чорным тулаве гаслi звычайныя мiзэрныя турботы гатаванне чаю, адвод жывёлы на вадапой..., засынала душа раба цi, уваскрэсены хваляй успамiнаў, памiраў чалавек ва ўсёй сваёй велiчы. Цвёрдая чарапная каробка нагадвала старадаўнi куфэрак з усялякiмi скарбамi. Я не ведаў, якiм квяцiстым шаўкам, якiм святочным малюнкам, якiм асiвелым, выключна бескарысным у гэтай пустынi рэшткам удалося пазбегнуць караблекрушэння. Скарбонка была замкнёная i цяжкая. Я не ведаў, якая частка свету руйнавалася ў чалавеку пры ўпаданнi ў беспрабудны валатоўскi сон, што руйнавалася ў гэтай свядомасцi i ў гэтай плоцi, якая спакваля вярталася ночы i зямлi.
- Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам.
Чорны нявольнiк Барк быў першы з маiх знаёмых нявольнiкаў, якi не скарыўся. Нiчога, што маўры гвалтам адабралi ў яго свабоду, у адначассе абабралi так, што ён стаў галей немаўляцi. Гэтак пасланая богам бура за гадзiну знiшчае ўвесь плён гадавой працы селянiна. Але не толькi ў страчаных дабротах была справа, куды сур'ёзней маўры пагражалi яму як асобе. I Барк не мiрыўся з гэтым, хоць столькi iншых нявольнiкаў так лёгка дазволiлi забiць у сабе немаёмнага перагоншчыка статкаў, якi круглы год нястомна здабываў свой хлеб!
Барк не прыстасоўваўся да рабства, як, страцiўшы надзею на лепшае, прыстасоўваюцца да пасрэднага шчасця. Ён не хацеў ствараць свае радасцi раба з паблажлiвасцi гаспадара рабоў. Ён i ў адсутнасць Магамета бярог той дом, дзе жыў гэты Магамет яго душы. Сумна бачыць пустым гэты дом, але нельга дапусцiць, каб нехта iншы пасялiўся ў iм. Барк нагадваў ссiвелага вартаўнiка, якi памiрае ад вернасцi сярод зелянiны прысадаў i самотнай цiшы.
Ён не казаў: 'Я - Магамет бен Лаўсiн', ён казаў: 'Мяне завуць Магаметам' i марыў пра той дзень, калi гэты забыты персанаж уваскрэсне зноў, адным сваiм з'яўленнем адмятаючы прэч воблiк раба. Часам сярод начной нематы яго, як незабыўная песня маленства, апаноўвалi ўспамiны. 'Сярод ночы, - расказваў нам наш маўрытанскi перакладнiк, - сярод ночы ён раптам загаворвае пра Маракеш, гаворыць, а сам плача'. Нiхто не ўнiкае адзiноты ў такiх выпадках. У iм знянацку ачынаўся той iншы чалавек, ён усяляўся ў ягоную плоць, шукаў жанчыну тут, у гэтай пустынi, дзе нiводная жанчына нiколi не падыдзе да Барка. Тут, дзе не было i заваду крынiцы, да Барка даносiлася песня крынiчнай вады. Барк заплюшчваў вочы - i тут, дзе людское жыллё зроблена з грубага лямцу, дзе людзi жывуць як перакацi-поле, яму мроiўся яго белы дамок, над якiм штоночы гарыць адна i тая ж зорка. Перапоўнены гэтымi былымi, цудадзейна ўваскрэслымi радасцямi, нiбыта магнiт, ад якога яны зыходзiлi, быў зусiм побач, Барк iшоў да мяне. Яму хацелася сказаць мне, што ён наўзгатове, i што ўсе гэтыя радасцi наўзгатове, i што, каб раздарыць iх, засталося толькi вярнуцца дадому. I было б дастаткова аднаго майго знаку. I Барк усмiхаўся i падказваў, што я павiнен зрабiць, я ж, вядома, яшчэ не дадумаўся да такога:
- Заўтра ж адпраўляецца пошта... Ты схавай мяне ў самлёце на Агадзiр...
- Бедны дружа Барк!
Мы жылi на тэрыторыi няскораных арабаў, як мы маглi памагчы яму ўцячы? За гэткi грабеж, за гэткую абразу маўры назаўтра ж адпомсцiлi б жорсткай разнёй. Супольна з механiкамi аэрадрома Лабэргам, Маршалем i Абгралем я спрабаваў выкупiць Барка, але маўрам не штодня трапляюцца эўрапейцы, якiя пагалiлiся б на раба. I яны карыстаюцца выпадкам:
- Давайце дваццаць тысяч франкаў.
- Ты смяешся?
- А ты зiрнi, якiя ў яго дужыя рукi...
Гэтак прамiнула яшчэ некалькi месяцаў. Нарэшце дамаганнi маўраў паменшылiся, i я, напiсаўшы сваiм сябрам у Францыю i заручыўшыся iхняй падтрымкай, нарэшце ўбачыў, што здолею выкупiць старога Барка.
Што гэта былi за перагаворы! Яны цягнулiся цэлы тыдзень. Мы вялi iх, пасеўшы ў кружок на пяску, пятнаццаць маўраў i я. Адзiн сябар уласнiка, якi быў i маiм сябрам, Зiн Ульд Ратары, шэльма, спатайка дапамагаў мне.
- Прадай, ты ўсё роўна страцiш яго, - раiў ён гаспадару па маёй падказцы. - Ён хворы. Хвароба пакуль нябачная, але яна ўжо сядзiць унутры. Некалi ён у адначассе распухне i сканае. Не марудзь. Прадавай яго французу.
Я паабяцаў узнагароду яшчэ аднаму галаварэзу - Рагi, калi ён дапаможа мне спраўдзiць пакупку, i Рагi таксама спакушаў уласнiка:
- За грошы ты накупiш вярблюдаў, ружжаў i патронаў. I зможаш сабраць атрад i пайсцi вайной на французаў. Тады ты прывядзеш з Атара трох-чатырох свежанькiх рабоў. Збаўся ад гэтага старога.
I мне прадалi Барка. Цэлы тыдзень я трымаў яго пад замком у нашым бараку, бо калi б ён у чаканнi самалёта блукаў па волi, маўры маглi зноў злавiць яго i перапрадаць далей.
Але я вызвалiў яго з рабства. Гэта была яшчэ адна ўрачыстая цырымонiя. На яе сабралiся марабут, былы ўласнiк i Iбрагiм, джубiйскi каiд. Гэтыя трое пiратаў, якiя толькi дзеля таго, каб пасмяяцца з мяне, з задавальненнем перарэзалi б яму горла за дваццаць метраў ад форта, цёпла абнялi яго i падпiсалi афiцыйны дакумент.
- Цяпер ты нам сын.
Гэта значыць, i мне, згодна закону.
I Барк перацалаваў усiх сваiх бацькоў.
Да самага адлёту ён жыў у нашым бараку, але гэта было прыемнае зняволенне. Сто разоў на дзень у думках перажываў ён сваё нескладанае падарожжа: як ён выйдзе з самалёта ў Агадзiры, як на тым аэрадроме яму дадуць бiлет на аўтакар да Маракеша. Барк гуляў у вольнага чалавека, як дзiця гуляе ў даследавальнiка: гэтае вяртанне да жыцця, гэты аўтакар, гэтыя натоўпы людзей, гэтыя гарады, якiя ён хутка ўбачыць зноў...
Да мяне прыйшоў Лаберг, пасланы Маршалем i Абгралем. Нельга дапусцiць, каб Барк памiраў з голаду, прыляцеўшы на радзiму. Яны сабралi да яго тысячу франкаў: каб Барку было на што жыць, пакуль знойдзе сабе работу.
I я мiжволi прыгадаў старых пань з сентыментальных раманаў, якiя 'займаюцца мiласэрнасцю', раскашэльваюцца на дваццаць франкаў i патрабуюць удзячнасцi. Авiямеханiкi Лаберг, Маршаль i Абграль, даючы тысячу, не займалiся мiласэрнасцю i яшчэ меней патрабавалi ўдзячнасцi. I не з жалоты, як тыя разлетуцененыя пра шчасце старыя панi, рабiлi яны так. Проста яны садзейнiчалi таму, каб чалавеку была вернута яго чалавечая годнасць. Бо яны выдатна ведалi, што, як толькi пройдзе ап'яненне ад вяртання на радзiму, найпершай вернай сяброўкай, якая наведае Барка, будзе галеча i што не прамiне i трох месяцаў, як ён будзе вымушаны знясiльвацца на якой-небудзь чыгунцы, выварочваючы старыя шпалы. Ён будзе ўжо не