- Я маю паўсотнi! Удалыя хлопцы, зубры! Бяры нас з сабой, Ваявода, разам пойдзем. А, дабраўшыся да Слуцку - можа, i там сотню зьбяром, дык ня сорамна будзе й перад Вялiкiм Князем стаць.
Празь некалькi крокаў сталi паказвацца буды, збудаваныя з жэрдак i ламачча. Зь некаторых проста праз страху выходзiў дым. Прыемна пахла шафранам, смажаным мясам, гарачым хлебам.
Падыйшлi да невялiчкае халупкi. Тонкi дымок вiўся над яе саламянай страхой, у сярэдзiне нешта шыпела й апэтытна патрэсквала. Васiль адчынiў дзьверы й спынiўся, прапускаючы Ваяводу ўперад. Фёдар зрабiў крок праз парог, i раптам нешта моцна стукнула яго ў паранены бок, здалося - зь нейкiм сутыкнуўся. Мiмаволi, пахiснуўшыся, ён выцягнуў рукi й за кагось ухапiўся, каб ня ўпасьцi. З тылу падтрымаў Васiль. У паўзмроку памешканьня Ваявода ня мог нiчога разгледзець i моцна трымаў штось мяккае трапятаючаеся.
Паступова яго вочы прызвычаiлiся да змроку, i ён убачыў, што трымае ў сваiх жалезных абдымках маладую дзяўчыну з доўгiмi жоўтымi косамi. Шчокi яе аж гарэлi ад крыўды й сораму, яна вырывалася й выкручвалася як магла, але ня так гэта было латва. Разгледзiўшыся, у чым рэч, Ваявода вiнавата апусьцiў рукi. Дзяўчына ластаўкай выпырхнула з хаты, але Фёдар пасьпеў заўважыць яе надзвычайнае хараство, хаця простая й невыдумная вопратка не пасавала да яе прыгожай i шляхетнай постацi. Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Ваявода, загартаны й адважны ў баю, тут разгубiўся й не здагадаўся ў першы момант папрасiць выбачэньня.
- Гэта мая сястра, - прамовiў Васiль - сядай, Ваявода, пасьнедаем чым Бог паслаў. - Ён высунуўся зь дзвярэй i загадна гукнуў - Марыля, дай нам з госьцем пасьнедаць!
- Зараз! Iду! - пачуўся ў адказ звонкi й прыемны голас.
Пры дапамозе Васiля, Ваявода скiнуў цяжкi панцыр i, кусаючы ад болю вусны, прыняўся аддзiраць ад раны кашулю, прасякнутую крывёй i прысохлую. Васiль рыхтаваў бандаж, разьдзiраючы на паскi кавалак тонкага палатна. Раптам за сьпiнай Фёдара пачуўся йзноў той самы звонкi голас, але зараз ён дрыжэў i быў гатовы перайсьцi ў плач:
- Што вы робiце? Цi-ж можна так, ад жывога мяса йрваць? Гэта-ж балiць!
Фёдар азiрнуўся. У яго за сьпiнай стаяла Марыля, пужлiва ўтаропiўшы вочы ў пачаўшую сачыцца з-пад кашулi кроў.
- Гэта нам не ў першыню, - адазваўся з кута Васiль. - Ад татарына лёккiя раны застаюцца, а вось немец, дык дзiрку дзiркай пакiне, хоць латку прышывай. Кажуць, i шкоты ня горш за немца сякерай лашчаць?..
Ваявода хацеў штось дадаць, як Марыля ўскрыкнула:
- О, Божа коханы! Калi ўжо гэтыя няшчасьцi ды войны скончацца?! - i яна глыбака ўздыхнула.
Тут толькi Фёдар зьвярнуў увагу на рысы яе гнуткага стану й падумаў: 'Сапраўдная князёўна!' Яго пагляд не схаваўся ад увагi Марылi. Яна ўспыхнула, як полымя, i, залiўшыся чырваньню, хацела выбегчы з памяшканьня, але, угледзеўшы, што Ваявода йзноў бярэцца за кашулю, ускрыкнула:
- Ня рвiце, Ваша Сьветласьць! Дазвольце я зраблю!...
- Ну зрабi - пагадзiўся, няведама чаму радуючыся, Ваявода й, адразу-ж адвярнуўшыся да Васiля, прамовiў: - Загадай, каб таго павешанага зьнялi. Трэба-ж яго пахаваць па Хрысьцiянскаму звычаю... Хто ён такi, ня ведаеш?
- Здаецца, купец лацiнскi - адказаў той i выйшаў з хаты.
Марыля, мiж тым, абярнуўшыся каля вогнiшча, падыйшла да Ваяводы з чарапком цёплай вады. Асьцярожна прамываючы рану, яна адыймала размоклую кашулю, ня робячы нiякага болю. Паступова вызвалiўшы ад лахмоцьця ўвесь бок, яна прамыла пачаўшую гнаiцца крываточыну й памазала нейкай пахучай мазяй, каторая як агнём апякла скуру. Фёдар аж скрыпнуў зубамi.
- Гэтая мазь з жучкоў на вiшнях робiцца, - выпрасталася Марыля - Пасьля яе ўсякая рана загоiцца.
Але памылiлася дзяўчына, ня ведала, што сьвежую рану дастаў Ваявода, i ад гэтай раны няма лекаў, няма мазi - нават з кузуркаў на вiшнях...
- Зараз прынясуць яго, - паказаўся ў дзьвярах Васiль. Ён моўчкi прысеў на лаву й пачаў сачыць вачамi, як Марыля спрытна абмотвае бандажом магутную сьпiну госьця.
- А зараз, прашу за стол, - папрасiла яна Фёдара, закончыўшы зь перавязкай - Чым багаты, тым i рады. Але, здаецца, паастыла ўжо ўсё.
- Нiчога - усьмiхнуўся Васiль. - Апэтыту нам не забракуе. Праўда, Ваявода?
- Ды няма чаго грашыць, прагаладаўся...
На стале зьявiлася патэльня смажанага сала й блiны. Мужчыны адразу-ж навалiлiся на ежу так, што Марыля не пасьпявала падносiць. А смачныя яны, сьвежыя блiнцы, ды з хрусткай скваркай. Некаторы час было чуваць толькi смачнае хрумканьне - абодва не любiлi размаўляць у часе ежы. Раптам яны насьцяражылiся: здалёк наблiжаўся нейкi гуд i галасы. Наблiжаўся ня хутка, але ўпэўнена. Ужо можна было адрозьнiць паасобныя выгукi:
- ...На асiну!... Жыўцом у зямлю!... Бi яго!...
Ваявода й Васiль, схапiўшыся за мячы, як былi ў кашулях, выскачылi з хаты. Гоман, у якiм адчувалася нестрыманая прага помсты, наблiжаўся:
- ...Вяроўку!... На першы сук!...
Усё насельнiцтва ляснога паселiшча павысыпала з халупаў, i бегма, старыя й малыя, кiнулiся на крык. Ваявода запытальна зiрнуў на Васiля, той пацiснуў плячыма й уголас дадаў:
- Зараз даведаемся.
З кустоў вывалiла гаманяшчая й равушчая юрба людзей i накiравалася да Васiлёвай буды. Людзi размахвалi рукамi, сякерамi, дубiнамi. Ваявода ня мог дачакацца - калi яны ўжо наблiзяцца. Ён заўважыў, што людзi кагосьцi цi вядуць, цi цягнуць.
- Цiха! Што сталася? - закрычаў Васiль, калi разьюшаная юрба наблiзiлася даволi блiзка. - Бачыце, якi ў нас госьць?... Гаспадарскi Ваявода!
Людзi змоўклi й паскiдалi шапкi. Уперад выступiў той самы дзяцюк, што ночай пiльнаваў Ваяводу.
- Ваявода, глядзi што мы злавiлi! - i ён пацягнуў за вяроўку, каторую трымаў у руках. Людзi заварушылiся, прапускаючы кагось наперад. Перад вачамi Фёдара зьявiўся малады татарын з накiнутай на шыю пятлёй. Рукi палоннага скручаны матузамi за сьпiнай, але ён трымае сябе як належыцца мужчыне й вою. Яго вузкiя раскосыя вочы неспакойна перабягаюць з Ваяводы на Васiля, i назад. Нарэшце, ён такi выбраў Ваяводу, i нешта залапатаў. Але хутка зразумеў, што яго не разумеюць, i змоўк. Прымружыўшы вочы, стаяў, нешта надумваючыся, i час ад часу паводзiў плячыма, намагаючыся аслабiць сьцiскаючую шыю пятлю.
Натоўп пачаў нецярплiва варушыцца. Пачулiся йзноў выгукi:
- На асiну нехрыста паганага!... Загадвай, Ваявода! Мы яго хутка!... З намi яны ня дужа гутараць, прывяжуць да конскага хваста, i канец!... Давай, Ваявода!...
Фёдар тым часам моўчкi прыглядаўся да палоннага, каторы ўпарта нешта абдумваў: вопратка досыць прыгожая й дабраякасная, пас ды похвы ад кiнжалаў i шаблi ўпрыгожаны срэбнай насечкай, вельмi тонкай i мудрагелiстай. Саф'янавыя боты з гострымi й загнутымi ўверх насамi вышыты срэбрам - усё гаворыць аб радавiтасьцi й дастатку.
Гуд у натоўпе ўзрос у суцэльны роў, калi з кустоў выйшлi чатыры дзядзькi, нясучы на самаробных ношах зьнятага з дубу вешальнiка.
- Цiха! - злосна гукнуў Васiль, i зь нерашучасьцю зьвярнуўся да Ваяводы: Дык што зь iм зробiм? Хiба, напраўду, адправiм яго да прашчураў?...
- Гэта мы заўсёды пасьпеем зрабiць. Я хачу пагутарыць зь iм.
Ношы паднесьлi да Ваяводы й асьцярожна апусьцiлi на мокрую траву. Запанавала гнятучая цiшыня. Толькi лес шумеў ды дробна шархацеў дождж. Цяжка дыхаючы, людзi паглядалi то на Фёдара, то на татарына, то на нябожчыка...
Татарын некалькi разоў азiрнуўся наўкола i, раптам шырака раскрыўшы вочы, нешта йзноў залапатаў з выразам бязкрайнага жаху й крыўды. Ён зразумеў, што яго абвiнавачваюць у забойстве гэтага чалавека, але, згадаўшы, што яго не разумеюць, упаў на каленi перад ношамi й тры разы iм пакланiўся, кратаючы iх iлбом. Потым, не падымаючыся з каленаў, павярнуўся да Ваяводы, прыклаўся лбом да яго бота й адмоўна затрусiў галавой.
- Дзе вы яго злавiлi? - зьдзiўлена спытаў Фёдар.
- Ды яно, калi па праўдзе казаць, дык i лавiць ня трэба было, - загутарылi наперабой дзяцюкi, што