Ключы нас не цiкавiлi б. I яшчэ адна рэч, ты зберажэш для бацькi добры пачак грошай. Калi ты падпiшаш гэта сведчанне, мы зможам высветлiць справу аб забойстве Мiёна, i ў выпадку поспеху я гарантую, што ў мiсiс Мiён не будзе нiякага жадання прад'яўляць iск твайму бацьку. Яна будзе занадта занятая адной справай. Так што не марудзь i падпiсвай, - дадаў я, прапаноўваючы Клары ручку.
Яна адмоўна, але не вельмi энергiчна пакруцiла галавой, бо мозг зноў уключыўся ў работу. Поўнасцю ўсведамляючы, што яе здольнасцi мыслiць былi далёка не спартыўнага ўзроўню, я цярплiва чакаў. Потым прынеслi новыя порцыi вiскi, i спатрэбiўся перапынак, бо не варта было спадзявацца, каб Клара думала i пiла адначасова. Але ўрэшце яна неяк здолела засяродзiцца на акрэсленым мною пытаннi.
- Значыцца, вы ведаеце, - заявiла Клара з задавальненнем.
- Мы ведаем дастаткова многа, - сказаў я змрочна.
- Вы ведаеце, што яго забiла яна. Вы ведаеце, што яна паклала рэвальвер назад на падлогу. Я таксама гэта ведала, я ведала, што гэта яна. I цяпер вы можаце гэта даказаць? Калi я падпiшу паперу, вы зможаце гэта даказаць.
Вядома, я мог бы схiтраваць, але падумаў - якога чорта!
- Вядома, мы зможам, - запэўнiў я Клару. - З гэтым сведчаннем мы зможам працягваць следства. Яно - якраз тое звяно ў ланцугу, якога не хапае. Вось ручка.
Клара ўзяла шклянку, апаражнiла яе, паставiла на стол, i галаву даю адсеч, калi яна не збiралася зноў адмоўна, але на гэты раз энергiчна пакруцiць галавой.
- Не, - сказала яна рашуча. - Я не падпiшу. - Яна выцягнула ў мой бок руку, трымаючы ў ёй дакумент. - Я прызнаюся, што ўсё гэта праўда, i калi вы перадасце справу ў суд i яна скажа, што паклала рэвальвер на падлогу, я пад прысягай засведчу, што я паклала рэвальвер на бюст, але падпiсваць я нiчога не буду, бо аднойчы я падпiсала штосьцi ў сувязi з нейкiм здарэннем, i бацька прымусiў мяне паабяцаць, што я нiколi не падпiшу нiводнай паперы, не паказаўшы яе перш яму. Я магла б узяць гэтую паперу, паказаць яму i падпiсаць, а вы б прыйшлi за ёй увечары цi заўтра. - Сказаўшы гэта, яна спахмурнела. - Толькi вось яму б стала вядома, што ў мяне быў ключ, але я змагла б усё растлумачыць.
Але дакумента ў яе ў руках ужо не было. Я паспеў узяць яго ў свае рукi. Вы скажаце, што я мог бы памяняць тактыку i працягваць барацьбу, але вы не былi сведкамi нашай размовы i ў адрозненне ад мяне не бачылi, што яна вырабляла, i не чулi, што гаварыла. Я здаўся. Узяў з кiшэнi запiсную кнiжку, вырваў з яе старонку i пачаў пiсаць.
- Я не супраць яшчэ адной порцыi, - заявiла Клара.
- Хвiлiначку, - прамармытаў я, працягваючы пiсаць наступнае:
'Нiра Вулфу:
Гэтым пацвярджаю, што Арчы Гудвiн зрабiў усё магчымае, каб угаварыць мяне падпiсаць напiсанае вамi сведчанне, i растлумачыў мне мэту гэтай паперы, а я сказала, чаму вымушана адмовiцца паставiць свой подпiс'.
- Вось, - сказаў я, перадаючы ёй тое, што напiсаў. - Такiм чынам вы не падпiшаце дакумента, а ўсяго толькi засведчыце, што адмаўляецеся падпiсваць гэтую паперу. Я вымушаны мець такое сведчанне, бо мiстэр Вулф ведае, як мяне вабяць прыгожыя дзяўчаты, асаблiва такiя элегантныя, як вы, i калi я прынясу яму гэтую паперу без подпiсу, ён падумае, што я нават не рабiў спробы. Ён нават можа звольнiць мяне. Проста напiшыце ўнiзе ваша прозвiшча.
Клара зноў прачытала тое, што было напiсана на лiстку, i ўзяла ручку. Яна ўсмiхнулася, зiрнуўшы на мяне сваiмi блiскучымi вачыма.
- Вы не жартуеце? - сказала яна без былой непрыязнi. - Я ведаю, калi мной цiкавiцца мужчына. Вы думаеце, што я халодная i хiтрая.
- Вось як, - адгукнуўся я крыху з горыччу, але не вельмi горка. - Ва ўсякiм разе, справа не ў тым, зацiкавiўся я вамi цi не, а ў тым, што падумае Вулф. Гэта значна дапаможа. Вельмi вам абавязаны. - Я ўзяў з яе рук паперу i падзьмуў на яе, каб хутчэй высахла чарнiла.
- Я ведаю, калi мной цiкавiцца мужчына, - зноў сказала Клара.
Болей ад яе мне нiчога не было патрэбна, але я, можна сказаць, паабяцаў яшчэ адну порцыю вiскi, таму зноў паклiкаў афiцыянта.
На заходнюю частку Трыццаць шостай вулiцы я вярнуўся толькi пасля шасцi гадзiн. Вулф ужо нанёс вiзiт у аранжарэю i цяпер сядзеў у кабiнеце. Я хуткiм крокам зайшоў у пакой i паклаў перад iм на стол паперу без подпiсу.
- Ну i што? - прабурчаў ён.
Я сеў i дакладна паведамiў Вулфу, як усё адбывалася да таго моманту, калi яна прапанавала ўзяць дакумент дадому i паказаць бацьку.
- На жаль, - заўважыў я, - некаторыя яе выдатныя якасцi засталiся непрыкметнымi ў натоўпе ў той вечар. Я гавару гэта не для таго, каб апраўдацца, проста адзначаю факт. Для ўсiх аперацый, што адбываюцца ў звiлiнах яе мозгу, хапiла б арэхавай шкарлупiны. Ведаючы вашыя адносiны да бяздоказных заяў i жадаючы запэўнiць у праўдзiвасцi менавiта гэтай заявы, я прынёс з сабой доказ. Вось папера, якую яна ўсё-такi падпiсала.
Я ўручыў яму лiсток, вырваны з блакнота. Вулф зiрнуў на паперу i падмiргнуў мне.
- Яна гэта падпiсала?
- Так, сэр. У маёй прысутнасцi.
- Сапраўды. Добра. Задавальняюча.
Я безуважным кiўком галавы пацвердзiў, што ўспрымаю выказаную падзяку. Маё самалюбства застаецца некранутым, калi ён вось так буркае: 'Задавальняюча'.
- Смелы шырокi почырк, - заўважыў Вулф. - Яна пiсала вашай ручкай?
- Так, сэр.
- Пакажы яе, калi ласка.
Я ўстаў i падаў яму ручку разам з некалькiмi аркушамi паперы, i спынiўся каля стала, зацiкаўлена назiраючы, як Вулф зноў i зноў пiсаў 'Клара Джэймс', параўноўваючы кожную спробу з прынесеным мной узорам. Адначасова ў перапынках перад наступнай спробай ён гаварыў:
- Малаверагодна, што нехта некалi ўбачыць гэта, апрача нашых клiентаў... Так лепш... Ёсць яшчэ час патэлефанаваць усiм iм да вячэры - спачатку мiсiс Мiён i мiстэру Ўэплеру - потым iншым... Скажыце iм, што я прыйшоў да высновы наконт iску мiсiс Мiён да мiстэра Джэймса... Спытайцеся, цi змогуць яны прыйсцi сёння ў дзевяць гадзiн вечара - калi гэта немагчыма, то, можа, заўтра ў адзiнаццаць... Потым звяжыцеся з мiстэрам Крэймерам... Скажыце яму, што, вiдаць, варта ўзяць з сабой свайго чалавека...
Вулф расправiў надрукаванае сведчанне на рэгiстрацыйным журнале, падрабiў унiзе подпiс Клары Джэймс i параўнаў са здабытым мною арыгiналам.
- Недасканала, як на спецыялiста, - прамармытаў ён, - але спецыялiст нiколi яго не ўбачыць. Што ж датычыцца нашых клiентаў, то нават калi яны ведаюць яе почырк, гэта пройдзе найлепшым чынам.
* * *
Спатрэбiлася добрая гадзiна, каб дамовiцца па тэлефоне аб сустрэчы ў той вечар, але ўрэшце мне ўдалося выканаць даручэнне. Я так i не змог злавiць Джыфарда Джэймса, але яго дачка згадзiлася знайсцi яго i прывесцi з сабой. Астатнiх я адшукаў сам.
Адзiныя, хто спрабаваў пярэчыць, былi клiенты, асаблiва Пегi Мiён. Яна ўпарта адмаўлялася прысутнiчаць на сустрэчы, якая павiнна была адбыцца пад маркай абмеркавання яе iску да Джыфарда Джэймса, i я мусiў звярнуцца за падтрымкай да Ўэплера. Фрэда i Пегi запрасiлi прыйсцi раней за iншых, каб перагаварыць асобна i потым вырашыць - заставацца iм цi не. Яна згадзiлася з такой прапановай.
Яны прыйшлi своечасова, да вячэрняй кавы. Пегi, вiдаць, пачысцiла зубы, паспала i прыняла ванну, ну, i што вiдавочна, - пераапранулася, але, нягледзячы на ўсё гэта, выгляд у яе быў далёка не блiскучы. Яна была ўся насцярожаная, стомленая, замкнёная i скептычная. З яе вуснаў не вырваўся паток слоў наконт таго, што яна шкадуе, чаму ў свой час за кiламетр не абышла Нiра Вулфа, але, вiдаць, ёй карцела гэта сказаць.
У мяне склалася думка, што настрой Фрэда Ўэплера быў такi самы, але ён iмкнуўся быць галантным i добразычлiвым. Справа ў тым, што на першым вiзiце да Вулфа настаяла Пегi i цяпер Фрэду не хацелася, каб яна думала, што ў вынiку атрымалася хутчэй горш, чым лепш.
Яны не ажывiлiся нават тады, калi Вулф паказаў сведчанне, падпiсанае прозвiшчам Клары Джэймс. Яны чыталi яго разам, яна - седзячы ў чырвоным скураным крэсле, ён - прысеўшы побач на падлакотнiк.
Прачытаўшы, яны адначасова зiрнулi на Вулфа.