палюеш, пра яе зусiм не думаеш, нiчога не баiшся. Ты ж сам казаў: варта табе толькi ў чым-небудзь правiнiцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, i прасядзiш ужо там ад званка да званка.

- Правiльна. Так мне сказалi. Але хiба гэта парушэнне, калi сядзеш тут адпачыць цi ноч на голай зямлi захочаш пераначаваць? Нiкому нiякай шкоды. Гэта ж не тое, што напiцца цi дэбашырыць.

М'юлi засмяяўся:

- Вось убачыш. Пасядзi тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўiлi Фiлi, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: 'Чаму парушаеш правы ўласнасцi?' Ты ж ведаеш, ён добры паганец, i ты яму скажаш: 'А табе што?' Тады Ўiлi ўзлуецца i зараве: 'Марш адсюль, а то арыштую'. А ты ж не дазволiш кожнаму Ўiлi Фiлi камандаваць табой i раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, i яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглi закусiў i напралом iдзеш... Не, чорт, залегчы ў мiжраддзi куды прасцей, няхай шукаюць. I да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосцi, а зрабiць нiчога не могуць, а ты ляжыш сабе i толькi пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уiлi цi з якiм iншым начальнiкам, яны цябе давядуць, ты кiнешся на iх, а яны цап! - i арыштуюць, i вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады.

- Талкова разважаеш, - сказаў Джоўд. - Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмi ўжо не хочацца скакаць пад iхнюю дудку. Рукi так i свярбяць на гэтага Ўiлi.

- У яго стрэльба, - сказаў М'юлi. - Уiлi будзе страляць,бо ён шэрыфскi наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэлiць цябе, альбо ты яго, калi стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлi, Томi. Ты проста скажы сабе: я схаваюся i яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроiць сябе - i ўся справа. - Яркае святло фар цяпер скiравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора. - Пайшлi, Томi. Далёка забiрацца не будзем - радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за iмi.

Том падняўся.

- Правiльна кажаш, далiбог, - сказаў ён. - Будзе так цi гэтак, мне ўсё роўна нiчога не свецiць.

- Дык гайда. Вось сюды. - М'юлi абагнуў дом i вывеў iх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. - Гэтага досыць, - сказаў ён. - Галаву толькi нiжэй апускайце, калi фары на вас накiруюць - i ўсё. Во будзе пацеха! - Усе трое разлеглiся на ўвесь рост на зямлi i аблакацiлiся. Раптам М'юлi ўскочыў на ногi, кiнуўся да дома, праз момант-другi вярнуўся i кiнуў у кусты скрутак пiнжак i загорнутыя ў яго чаравiкi. - А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, - паяснiў ён. Святло фар паднялося па схiле, потым нырнула ўнiз i скiравалася проста на дом.

Джоўд запытаўся:

- А не пойдуць яны з кiшэннымi лiхтарыкамi шукаць нас тут? Шкада, палкi няма.

М'юлi хiхiкнуў:

- Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўiлi паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Звалiўся, як калода. Пасля ўсiм расказваў, што на яго пяцёра напалi.

Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар.

- Галовы нiжэй, - сказаў М'юлi. Паласа халоднага белага святла працягнулася над iмi i пачала гойсаць па полi. Уцекачы не бачылi, што робiцца каля дома, але пачулi, як бразнулi дзверцы машыны, i галасы. - На святло пабаяцца выходзiць, - прашаптаў М'юлi. - Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уiлi асцярожны. Сёння не адзiн прыехаў. - Яны пачулi скрып маснiчын, потым убачылi святло лiхтарыка ў доме. - Можа, пальнуць? - шэптам спытаўся М'юлi. Яны не ўбачаць, адкуль стралялi. Няхай галаву пачэшуць.

- Не трэба, - прашаптаў Кейсi. - Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабiць, каб ва ўсiм сэнс быў.

Недзе каля дома пачулiся рыплiвыя гукi i шолах.

- Жар топчуць падэшвамi, - шапнуў М'юлi. - Пяском засыпаюць. - Зноў бразнулi дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабiла паўкруг i скiравалася на дарогу. - Нiжэй! - сказаў М'юлi, i ўсе трое ўткнулiся галовамi ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над iмi i прачарцiў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка i знiкла з вачэй.

М'юлi сеў на градку.

- Уiлi заўсёды робiць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, i я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хiтры.

Кейсi сказаў:

- Можа, хто-небудзь прытаiўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць.

- Усё можа быць, - адказаў М'юлi. - Вы тут пачакайце. Я ўсе iхнiя штучкi ведаю. - Ён асцярожна пайшоў да дома - толькi лёгка пахруствалi сухiя камякi зямлi пад нагамi. Кейсi i Джоўд напружана ўслухоўвалiся, але там, куды пайшоў М'юлi, было ўсё цiха. Праз колькi хвiлiн з боку дома да iх данёсся яго голас: - Няма нiкога! Iдзiце сюды!

Яны адарвалiся ад зямлi, паднялiся i пакiравалi да чорнай плямiны дома. М'юлi чакаў iх каля кучкi пяску, з якой выбiвалiся струменьчыкi дыму, - усё, што засталося ад iхняга вогнiшча.

- Я так i ведаў - нiкога ў засадзе не пакiнулi, - сказаў М'юлi з гордасцю. - Уiлi я тады з ног збiў, па фарах разок-другi стрэльнуў - цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль iм ведаць, хто тут хаваецца. А я iм так проста ў рукi не дамся. Каля жытла не начую. Калi хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас нiхто не спатыкнецца.

- Вядзi, - пагадзiўся Джоўд. - Мы пойдзем з табой. Нiколi i ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь.

М'юлi выйшаў у поле, Джоўд з Кейсi пайшлi следам. Ступалi проста па кустах бавоўнiку.

- Табе яшчэ шмат ад чаго i ад каго давядзецца хавацца, - сказаў М'юлi. Яны iшлi адзiн за адным цераз грады. Неўзабаве апынулiся перад глыбокай прамыiнай i саслiзнулi на падэшвах на самае дно.

- Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу! - усклiкнуў Джоўд. - Пячора ў адхоне?

- Правiльна. А як ты здагадаўся?

- Сам яе капаў, - адказаў Джоўд. - Разам з братам Ноем. Усiм гаварылi, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалi пячоры, як усе малыя. Берагi былi цяпер вышэй iх галоў. - Недзе тут, ужо блiзка. Помнiцца, павiнна быць ужо зусiм блiзка.

М'юлi сказаў:

- Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлi. - Дно яра выраўнялася, ногi цяпер ступалi па пяску.

Джоўд сеў на чысты пясок.

- У пячору я спаць не пайду, - сказаў ён. - Лягу вось тут. - Ён згарнуў пiнжак i падклаў пад галаву.

М'юлi рассунуў рукамi сухое галлё i запоўз у пячору.

- А мне добра тут! - крыкнуў ён адтуль. - Прынамсi, адчуваеш сябе ў бяспецы.

Джым Кейсi сеў на пясок каля Джоўда.

- Паспi крыху, - сказаў яму Джоўд. - Як толькi развiднее, рушым да дзядзькi Джона.

- Я спаць не буду, - адказаў прапаведнiк. - Ёсць над чым галаву паламаць. - Ён сагнуў ногi ў каленях, абняў iх рукамi, падняў вочы ў неба i ўтаропiўся на яркiя зоры. Джоўд пазяхнуў i закiнуў руку за галаву. Абодва маўчалi, i мала-памалу зноў ажыло мiтуслiвае жыццё зямлi - норак, падземных хадоў i хмызу: зашнарылi суслiкi, асцярожна падкрадалiся да зялёнага лiсця трусы, снавалi мышы памiж камякамi зямлi, а крылатыя драпежнiкi бязгучна ляталi ў небе.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

У гарадах, на гарадскiх ускраiнах, пасярод палёў, на пустках - паўсюль паркi ўжываных аўтамабiляў, машын, адноўленых пасля аварыi, гаражы з зазыўнымi шыльдамi i плакатамi: Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Танны сродак перавозкi, тры прычэпы. 'Форд' 27-га года, новы матор. Правераныя машыны, якасць гарантуецца, бясплатнае радыё. Машына i 100 галонаў бензiну ў прыдачу. Заходзьце, самi пераканаецеся. Ужываныя машыны, накладныя выдаткi ў кошт не ўваходзяць.

Невялiкi ўчастак i будыначак, у якiм ледзь хапае месца сталу, крэслу i сiняй канторскай кнiзе. Пачак бланкаў, загнутых па ражках i змацаваных сашчэпкамi, побач - акуратны стос яшчэ чыстых, не запоўненых бланкаў. Вечная ручка - сачы толькi, каб у ёй заўсёды было чарнiла i каб пiсала. Здзелка не адбылася толькi таму, што ручка закапрызiла.

Вунь тыя сукiны дзецi нiчога не купяць. Такiя швэндаюцца па ўсiх гаражах. Проста разявакi. Iм абы падзiвiцца. Машыны такiм не патрэбныя, толькi час забiраюць. Iм напляваць на твой час. А вунь, глянь, парачка - не, тая, што з малымi. Пасадзi iх у машыну. Пачнi з двухсот i паступова збаўляй. З выгляду на сто з чвэрцю пацягнуць. Пракацi iх. Вунь у тым драндулеце. Дай iм жару! Толькi час з iмi марнуем.

Гаспадары машын з падкасанымi рукавамi. Прадаўцы - акуратненькiя, бесстароннiя, маленькiя

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату