- 1
- 2
двара, колькi разоў пачынаў думаць пра свае ўцёкi з вёскi, надоўга, назусiм, - толькi вось каб разжыцца хлеба i выкрасцi суконную свiтку, а там - гайда ў мястэчка, i няхай тады шукаюць, няхай паплачуць i бабуля i матка. Яшчэ вось дзеда шкада, шкада, што не давядзецца пабiцца з 'палiцаем' гэтым, Змiцеравым Васiлём. Апошнi раз дык здолеў яго, нават рассек гэтаму смаўжу губу, але потым, калi прыбегла 'палiцаева' матка i стала крычаць i лаяцца, па-дурному расплакаўся, а гэты 'палiцай', мусiць, радаваўся, бо падбрэхваў матцы i не iшоў з вулiцы. Ну, няхай, будзе яшчэ яму. Сёння вось пераначуе ў кустах, а заўтра падпiльнуе 'палiцая' i адплацiць за ўсё.
Ён адчуў сябе моцным i адзiнокiм, i гэта было прыемна яму. Успомнiў, што сёння ранiцай не ўзяў яго дзед у лес, i яму цяпер зусiм не шкада было сыходзiць з дому, i ён падумаў, што трэба пакуль неяк ладкавацца нанач - стаў ламаць альховае голле i рабiць будан.
Тут, у будане, ён i заснуў - не чуў, як яго знайшла, перанесла ў хату мацi. Прачнуўся ён ужо, калi яго клалi на чыстай палавiне хаты ў ложак i ўкрывалi посцiлкай. Прачнуўся i не адразу сцямiў, што з iм, але першым ягоным адчуваннем быў страх. Ён не бачыў яшчэ нi бабулi, нi маткi, адчуваў толькi, што яны тут, ён думаў страхам i неспадзявана для сябе закрычаў: 'Дзед, дзед!' - i заплакаў. I адразу ж цiшыня ў хаце сказала яму, што дзеда няма, што нiхто не заступiцца, калi здарыцца тое, чаго так ён баяўся.
- Сынок, сынок, чаго ты? Не бойся, - спалохана гаварыла над iм мацi i накрывала яго, мацала рукою ягоны лоб. Была нястрашная, вялiкая i добрая гэта рука, i ён заплюшчыў вочы i, сцiшыўшыся, так ляжаў - паспакайнелы i бяздумны. Яму стала невыказна лёгка, ён не бачыў, як глядзела на яго мацi, ён толькi здзiвiўся, калi адчуў, як закалацiлася яе цела, як яна прыпала да яго, i тады нешта страшна i моцна тузанулася ў яе грудзях, дрыготка i моцна забiлася ў горле.
- А сыночак мой, а сiрацiначка мая, - жалiлася мацi, - нiхто цябе не пашкадуе, нiхто цябе не абаронiць. А цi ж ты вiнаваты, што бацька недзе злажыў галаву, што нiхто не ведае, дзе яго магiлка... I гэты Змiцераў смоўж цябе б'е - чаго ж ты, сыночак, яму паддаўся?
Яна забылася ўжо, што нядаўна думала пра жорсткасць да сябе i да людзей, адчувала, што гэта нядобра - так гаварыць над сынам i плакаць, але не магла стрымаць сябе i душылася плачам. I яна не бачыла, як да адчыненых дзвярэй, што вялi на чыстую палавiну хаты, падышла старая, цiха стаяла там, горбячы плечы, - яна схамянулася, калi пачула яе цiхi, трывожлiва выразны голас:
- Марусь, а Марусь?! Iдзi-тка сюды...
Яна адхiснулася ад малога, устала, паспешлiва выцiраючы слёзы, i пайшла да дзвярэй, не разумеючы, чаго хоча ад яе старая, але наперад абыякавая да ўсяго. I зноў каторы ўжо раз уразiў яе свякроўчын твар, пакутлiва невiдушчыя, стоеныя вочы. Яна не паспела яшчэ што-небудзь падумаць, як стараля здалося, пахiснулася перад ёй, сашчапiла ля твару рукi, i толькi тады яна зразумела: гора сваё не выплакаць ёй адной, старая плача пра тое, пра што плача i яна.
- Марусечка мая мiлая, - не гаварыла, а шаптала, нiбы дапытвалася ў некага, старая, - што ж нам цяпер рабiць без нашага Андрэйкi? За якiя ж грахi асiрацiў нас бог?
- Не трэба, мама, не трэба... Напалохаем малога.
Яны стаялi, як нiколi блiзкiя адна адной, падтрымлiвалi адна адну за плечы i цiха плакалi - ужо не столькi ад гора, колькi ад гэтай роднасцi адна адной.
А малы, адчуўшы нешта нядобрае, калi пайшла ад яго мацi, саскочыў з ложка i цяпер стаяў у дзвярах i спалохана, разгублена глядзеў на iх. Многа разоў ён плакаў сам, i часцей ад крыўды на дарослых, але гэта было не так i страшна, бо тыя ж дарослыя пасля ўшчувалi яго i ўсё даравалi яму. I цяпер, калi перад iм плакалi бабуля i мацi, яму здалося, што парушылася, разышлося, як вада, нешта зразумелае, звыклае, i яму чамусьцi падумалася, што гэта ён вiнаваты ва ўсiм, i ўпершыню можа не столькi зразумеў, колькi адчуў ён, якая хiсткая мяжа аддзяляе яго ад дарослых, i што, зразумеўшы гэта, трэба браць на свае плечы недзiцячы цяжар.
I ён тады кiнуўся да бабулi i мацi, угаворваў iх ушчуваў.
- Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба... Не плачце!.. Я не баюся Змiцеравага 'палiцая'... Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач...
...Было гэта на чацвертым годзе вайны.
1964 г.
- 1
- 2