так. Так, бiў яе, адымаў пенсiю, бо пiць трэба было. Так, гвалцiў, але калi быў п'яны. Так, малая хварэла, скардзiлася на болi ў жываце. Аднойчы па п'янцы стукнуў яе аб сцяну, i дзяўчынка страцiла прытомнасць.
I вось стала расказваць пра гэта сястрычка. Малая, а ўжо сутулая, з тонкiмi ножкамi, бледная, яна старалася i яшчэ больш сутулiцца, нiбы хацела зусiм стаць нечым малым, незаўважным. Вось так яна, вiдаць, скурчвалася кожны раз, калi брат прыходзiў дамоў.
- Ён i душыў мяне, - сказала яна.
- Як душыў, за што? - спытаў суддзя.
Дзяўчынка, гледзячы долу, памаўчала, а потым сказала, што яна пра гэта следчаму расказала i той усё запiсаў. Яна саромелася.
- А вы i суду раскажыце.
- Ну ён стаў мне... у рот пiхаць... А я адварочвалася, тады ён схапiў мяне за горла i душыць пачаў. I задушыў, бо я нiчога ўжо не помнiла.
Цiха было ў судзе, вельмi цiха. Суддзi, пракурор, адвакат, настаўнiца дзяўчынкi, канвойныя слухалi гэты аповяд малой з тварамi акамянелымi.
Слухаў, усё чуў i Волкаў.
На Волкава нiхто ўвагi не звяртаў. А ён стаяў збялелы, з заплюшчанымi вачамi. Ён у гэты момант успомнiў сваю, у такiм жа ўзросце, сястрычку i з такiм жа iмем, такую ж бялявую. Уяўлялася сястрычка, а ў судзе чулася:
- Ага, ён падняў мяне з ложка i аб сцяну ўдарыў. Я забылася. I ў мяне ў галаве доўга балела.
I Волкаву здаўся гэты слабы галасок голасам сястрычкi, i яму здавалася, што гэта яе б'юць аб сцяну. Рэальнасць i ўяўленне змяшалiся, i дзе родная сястрычка, дзе гэтая няшчасная дзяўчынка - на момант злучылася ў адно.
- Прасiла, малiла, не бi мяне, не муч, мне балiць. А ён мяне - па галаве, па галаве... - гучаў слабы галасок ужо нiбы яго, Волкава, сястрычкi.
У Волкава закружылася галава, i ён ухапiўся за загародку, за якой сядзеў падсудны, заплюшчыў вочы. Падсудны зiрнуў на яго i чамусьцi ўхмыльнуўся. Гэта ўхмылка i вырашыла яго лёс. Волкаў дрыжачай рукой расшпiлiў кабуру, выхапiў пiсталет i стрэлiў у тую ўхмылку. Апомнiўся ён, калi абяззброены сядзеў у камеры для падсудных, куды яго пасадзiў начальнiк канвою.
Суду засталося толькi вынесцi вызначэнне аб спыненнi справы ў сувязi са смерцю падсуднага.
Калi следства ў адносiнах Волкава было скончана, я спытаў у следчага:
- А як Волкаў характарызуецца начальствам, саслужыўцамi?
- Лялькi купляў.
- Не разумею, для чаго?
- Кожны раз, калi быў у гарадскiм звальненнi, купляў якую-небудзь ляльку i пасылаў дамоў сястрычцы. I яшчэ птушак кармiў: насыпаў на падаконнiк казармы крошкi хлеба сiнiцам.
- Усё, - сказаў я, - больш мне нiчога i не трэба ведаць пра чалавека.
Волкава не судзiлi, прызналi, што ўчынiў забойства ў стане афекту. Ну таксама ўлiчылi i асобу забiтага. Галоўны ваенны пракурор гэта вырашэнне ўхвалiў.