Аднак мяне гэта пагроза насцярожыла. Але што ж будзеш рабiць? Думаю, урэшце, улада наша, за нас. Нiчога ён не зробiць, хоць i злуецца... Так i супакоiўся.
Надышла восень. Я ўжо, як i ўсе людзi, з поля ўсё сабраў, нават бульбу выкапаў. Ну, пачаў рыхтавацца да зiмы. Усё на лад iдзе нiбы.
I вось паехаў я аднойчы на начлег. Сам паехаў, бо жонку ж не выправiш.
Ноч была цёмная, бы нетра. А тут яшчэ вецер узняўся ды дожджык зацерушыў.
Расклалi мы агеньчык (са мною было яшчэ траiх пасялкоўцаў). Сядзiм, гутарым. Пасля паляглi. Мае хаўруснiкi спяць, а я варочаюся з боку на бок. Штосьцi трывога мяне агарнула, зрабiлася моташна, ды так, што хоць ты жывы ў дамавiну лезь. Па скуры дзiкi шораст iдзе. Раптам чую: 'А-я-я-яй!.. Лю-у-дзi!..'
Падхапiўся, гляджу i вачам сваiм не веру. Як змей чырвоны, полымя: палыхае-гарыць мая хата!..
- Што ты кажаш?! - жахаецца мужчына ў шэрым фрэнчыку. - I хата згарэла?
- Да звання.
- Як жа гэта здарылася?
- Як здарылася... Падпалiлi!.. Назаўтра непадалёк нават бутэльку з-пад газы знайшлi...
- I хто гэта зрабiў? Не даведалiся?
Янка жорстка засмяяўся.
- Хто зрабiў - я ведаю, але паспрабуй давесцi!
- Значыцца, адплацiлi за паратунак сына?
- Выходзiць - так. Але, я думаю, не ў гэтым справа: мы там, на фронце, былi ворагамi, мы iмi i тут засталiся... Галоўнае тут - зямля, прыватная ўласнасць на зямлю. Вось што!..
- Аб гэтым i гамонкi быць не можа, - пацвердзiў мужчына ў шэрым фрэнчыку.
- Не, - разважаў далей Янка, - рэвалюцыя яшчэ не даведзена да канца. Разбiлi Калчака, Дзянiкiна, Урангеля... Але давядзецца, бадай, яшчэ i з гэтымi крывасмокамi схапiцца...
- Вось гэта факт! - горача згадзiўся з Янкам яго субяседнiк, мужчына ў шэрым фрэнчыку. - Справiлiся на франтах, а тут i рабiць няма чаго...
Завознiкi пачалi пацiху разыходзiцца.
А бойкi паравiк, як i раней, да поту завiхаўся, заўзята прастрэльваў белай парай празрыстае асенняе паветра.
1927 г.