Я прадставiўся, паведамiўшы, што з'яўляюся аператыўным супрацоўнiкам вышукнога агенцтва 'Кантыненталь', якое мае цiкавасць да справы, звязанай са смерцю Ньюхаўса. Чалавек у канторы назваўся Бенам Соўлсам, сказаў, што працуе ў друкарнi Ньюхаўса майстрам. Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi. Соўлс запрасiў мяне сесцi ў крэсла насупраць, адсунуў убок паперы, кнiгу, з якiмi працаваў, i з агiдай на твары паскроб галаву алоўкам.
- Гэта жахлiва! - усклiкнуў ён. - Тут увесь час то адно то другое, спраў па горла, а я мушу корпацца ў гэтых паперах, хоць нiчога ў iх не разумею.
Соўлс перапынiў размову, каб адказаць на тэлефонны званок.
- Так... Гэта Соўлс... Яны якраз у рабоце... Я перадам iх вам не пазней паўдня ў панядзелак. Я ведаю, што мы абяцалi надрукаваць iх яшчэ ўчора, але... Я ведаю! Ведаю! Але ў сувязi са смерцю боса спазнiлiся. Растлумачце гэта мiстэру Кроствэйту... Абяцаю перадаць вам iх у панядзелак ранiцай, будзьце ўпэўнены! - Соўлс раздражнёна кiнуў трубку на апарат i зiрнуў у мой бок. Падумаць толькi, ягоная машына збiла шэфа, i ён тым не менш лiчыць прыстойным уздымаць вэрхал, калi крыху спазнiлiся з заказам!
- Кроствэйт?
- Ага, - я гаварыў з яго служачым. Мы друкуем яму нейкiя рэкламныя лiсткi - паабяцалi зрабiць iх учора, але тут загiнуў бос, нанялi пару новых людзей вось i затрымалiся. Я тут восем год працую, i гэта першы раз, калi мы спазнiлiся з выкананнем заказу - а ўсё адно кожны клiент горла дзярэ. Калi б мы працавалi як iншыя друкарнi, дык яны б прызвычаiлiся i чакалi, але мы былi да iх занадта добрыя. Ну i Кроствэйт! Як можна верыць у прыстойнасць гэтага чалавека, ён жа ведае, што бос загiнуў пад коламi менавiта ягонай машыны?
Я спачувальна кiўнуў галавой, пасунуў у бок Соўлса сiгару i, пачакаўшы, калi ён запалiць, спытаў:
- Вы сказалi нешта пра тое, што нанялi некалькi чалавек. Навошта?
- Так. Мiстэр Ньюхаўс звольнiў двух рабочых на мiнулым тыднi - Фiлчэры i Кi. Ён даведаўся, што яны належаць да арганiзацыi 'Iндустрыяльныя рабочыя свету', i таму вызначыў iм час на зборы.
- Што, з iмi былi нейкiя праблемы, нешта такое апрача iх сяброўства ў прафсаюзе?
- Не, яны былi даволi добрыя работнiкi.
- Можа, з iмi ўзнiклi праблемы пасля звальнення? - спытаў я.
- Сапраўдных праблем не было, хоць яны ўспрынялi гэта вельмi эмацыйна. Перад тым як пайсцi ад нас, усюды выступалi з заявамi.
- Памятаеце, калi гэта здарылася?
- На мiнулым тыднi, у сераду, здаецца. Так, у сераду, бо я наняў двух новых рабочых у чацвер.
- Колькi чалавек у вас працуе?
- Трое, апрача мяне.
- Мiстэр Ньюхаўс часта хварэў?
- Хварэў, але не так сур'ёзна, каб часта не выходзiць на працу, але ўсё ж раз-пораз сэрца напамiнала пра сябе, i ён дзён сем-дзесяць мусiў быць у ложку. Ён нiколi, у поўным сэнсе, не адчуваў сябе добра. Займаўся толькi канцылярскiмi справамi, друкарскiя - былi за мной.
- Калi ён захварэў гэты, апошнi раз?
- Жонка Ньюхаўса пазванiла ў аўторак ранiцай i паведамiла, што ў яго чарговы прыступ i што яго не будзе на рабоце некалькi дзён. У кантору ён прыйшоў учора, гэта значыць у чацвер - на хвiлiн дзесяць.
- Як ён выглядаў - быў вельмi хворы?
- Не вельмi. Вядома, ён нiколi не выглядаў добра, але ўчора я не заўважыў значнага адхiлення ад яго звычайнага стану. Мяркую, што гэты яго апошнi прыступ быў не такi моцны, як большасць папярэднiх - звычайна ён быў прыкаваны да ложка тыдзень цi больш.
- Перад тым як пайсцi, ён паведамiў, куды накiроўваецца? Я таму пытаю, што, паколькi Ньюхаўс жыў на Сакрамента-стрыт, ён, вядома, на той самай вулiцы i сеў бы ў трамвай, машына ж збiла яго на Клэй-стрыт.
- Ён сказаў, што пойдзе на Портсмускую плошчу, каб якiх паўгадзiны пасядзець на сонцы. Ён два цi тры днi не выходзiў з памяшкання i таму хацеў пабыць на сонцы, перад тым як вярнуцца дадому.
- Калi Ньюхаўса збiла машына, ён трымаў у руцэ замежную купюру. Вы што-небудзь ведаеце пра яе?
- Вядома, ён атрымаў яе тут. Наш клiент - па прозвiшчы Ван Пелт - зайшоў у кантору, каб заплацiць за работу, якую мы выканалi ўчора папалуднi, якраз у той час, як тут быў бос. Калi Ван Пелт выцягнуў партаманет, каб заплацiць па рахунку, тая паперка - я не ведаю як называюцца галандскiя грошы - была сярод iншых банкнотаў. Здаецца, ён сказаў, што яна вартая нешта каля трыццацi васьмi даляраў. Ва ўсялякiм разе, бос узяў яе, аддаўшы Ван Пелту рэшту. Ньюхаўс сказаў, што хоча паказаць галандскiя грошы сынам - а на даляры ён мог памяняць i пасля.
- Хто ён такi, гэты Ван Пелт?
- Галандзец, мяркуе праз месяц-два пачаць у нас бiзнес па iмпарту тытуню. Апрача гэтага, мала што пра яго ведаю.
- А дзе яго дом альбо кантора?
- Кантора знаходзiцца на Буш-стрыт, каля Сансома.
- Ён ведаў, што Ньюхаўс хворы?
- Не думаю. Выгляд боса не адрознiваўся ад звычайнага.
- Вы ведаеце поўнае iмя Ван Пелта?
- Хендрык Ван Пелт.
- Як ён выглядае?
Соўлс не паспеў дагаварыць апошнiх слоў, як праз грукат i гудзенне друкарскiх машын за сцяной пачулiся праз аднолькавыя iнтэрвалы тры званкi.
Я высунуў дула рэвальвера, якi ўжо пяць хвiлiн трымаў на каленях пад сталом, i зрабiў гэта так, каб яго заўважыў Бен Соўлс.
- Рукi на стол, - загадаў я.
Соўлс падпарадкаваўся.
Дзверы ў друкарскi цэх былi за яго спiнай, таму, трымаючы позiрк на Соўлсе, я мог бачыць iх за ягонымi плячыма. Аб'ёмiстая постаць Соўлса служыла заслонай для рэвальвера ад вачэй тых, хто мог увайсцi праз дзверы ў адказ на пададзены сiгнал.
Чакаць давялся нядоўга.
Трое, чорныя ад друкарскай фарбы, наблiзiлiся да дзвярэй i праз iх зайшлi ў кантору. Рухалiся яны бесклапотна, спакойнай хадой, перасмейваючыся i перакiдваючыся жартамi.
Але вось адзiн з iх аблiзнуў вусны, пераступаючы парог. Вочы другога шырока адкрылiся, выразна вылучыўшы бялкi вакол зрэнкаў. Трэцi аказаўся самым здольным акцёрам, але i ў яго напружылiся плечы, хоць хада па-ранейшаму здавалася спакойнай.
- Стаяць, нi з месца! - гаркнуў я, калi апошнi зайшоў у пакой, i ўзняў рэвальвер, каб i яны маглi яго бачыць.
Усе трое адразу ж спынiлiся, быццам iх тулавы былi пастаўленыя на адны i тыя ж ногi.
Я ўстаў, адкiнуўшы нагой крэсла.
Мне зусiм не падабалася пазiцыя, у якой я апынуўся. Пакой быў занадта малы. Праўда, у руках у мяне быў рэвальвер, а астатнiя, калi i размеркавалi памiж сабой зброю, не паспелi б яе выцягнуць. Але ўсе чацвёра былi занадта блiзка ад мяне, а рэвальвер - не здатны на цуды. Гэта ўсяго толькi механiчная штука, здольная на тое цi iншае, i не больш.
Калi б працiўнiкi хацелi кiнуцца на мяне, я змог бы ўлажыць толькi аднаго, пакуль астатнiя зрабiлi б тое самае са мной. Мне гэта было вядома, таксама як i iм.
- Рукi ўгору! - загадаў я. - Тварам да сцяны!
Нiводны не паварушыўся, каб выканаць загад. Адзiн перапэцканы фарбай рабочы зласлiва ўхмыльнуўся. Соўлс паволi пахiтаў галавой, астатнiя стаялi, па-ранейшаму пазiраючы ў мой бок.
Гэта паставiла мяне ў тупiк. Нельга страляць у чалавека толькi таму, што ён адмаўляецца выканаць загад - нават калi ён злачынца. Калi б яны сталi да мяне спiнай, я б паставiў iх уздоўж сцяны i, нейтралiзаваўшы такiм чынам, патэлефанаваў бы.
Але так не атрымалася.