- 1
Чекану Дориан
Срэбная ружа (на белорусском языке)
Дарыян Чакану
Срэбная ружа
Пераклад: Галiна Шаранговiч
У гэтую ноч у мяне расцвiла ружа. За адну ноч, зусiм нечакана, ды яшчэ якая! Яе срэбныя пялёсткi прамянiлiся таямнiчым святлом, абуджаючы пачуццё нейкага дабратворнага супакаення.
Я адчынiў акно, каб ружа магла дыхаць свежым паветрам. Ад лёгкага ветрыку яе пялёсткi трапяталiся, яны быццам струменiлiся, напаўняючы наваколле спакоем i цiшынёй.
Я паклiкаў жонку, каб яна таксама ўбачыла дзiвосную кветку:
- Сiльвiя!
Вiдаць, яна спала.
- Сiльвiя! - крыкнуў я. - Iдзi сюды! У нас расцвiла ружа!
Яна з'явiлася за спiною, зiрнула на маё стварэнне.
- Прыгожая.
Пазяхнула i пайшла з пакоя. Я праводзiў яе збянтэжаным позiркам. Жончына абыякавасць была незразумелая: ружа не проста цвiла, яна пульсавала, рухаючыся ў танцы пад гукi нейкай, адной ёй чутнай музыкi.
- Сiльвiя! - зноў паклiкаў я. - Не, ты паглядзi, якое хараство!
- Ну я ж сказала, што прыгожая.
- Ты толькi мiмаходзь зiрнула, а на такое трэба глядзець i глядзець!
- Ты б лепей схадзiў кавун купiў. Тры днi дзецi ныюць, просяць кавуна, а iх бацька з ружамi няньчыцца... Чуеш?..
Ружа ўсё танцавала i танцавала. Потым пачала спяваць. Я слухаў яе як зачараваны. Добра, што яна не чуе Сiльвiю! Добра, што i я не чуў Сiльвiю!
У пакой зайшоў Раду.
- Ого, якая прыгожая ружа, - сказаў ён, пазяхаючы, i тут жа пайшоў прэч.
- Раду, сынок, пачакай, куды ж ты? Ты бачыў ружу?
- Бачыў, бачыў.
- I табе падабаецца?
- Падабаецца.
I Раду нiчога не разумее.
Я падняў з ложка свайго малодшага, Сэндзела, i панёс яго да кветкi. Ён быў яшчэ сонны i супрацiўляўся, а калi зразумеў, што гэта не паможа, залiўся горкiмi слязьмi.
- Не плач, мой маленькi, паглядзi, якая прыгожая кветка.
Ружа, аднак, анi яго не супакоiла.
- Сэндзел, сынок, панюхай гэтую кветачку!
- Не хасю! - адварочваўся Сэндзел. - Хасю кавуна!
- Не чапай дзiця, што ты яго мучыш?! - накiнулася на мяне жонка.
Да мяне нiяк не даходзiла, што, нарэшце, адбываецца: як можна заставацца абыякавым побач з такой прыгажосцю? Срэбная ружа! I справа не ў тым, што я яе вывеў, выпесцiў i аддаў ёй некалькi гадоў жыцця, я быў у страшэннай роспачы, бо не было ў маiх сямейнiкаў элементарнага пачуцця прыгожага...
- Не журыся, добры чалавек, - пачуўся аксамiтавы голас.
Я здзiўлена азiрнуўся.
- Гэта я.
Гаварыла... ружа!
* * *
Праз два днi ў дзверы пастукалi, i Сiльвiя пабегла адчыняць.
На парозе стаяў высокi стройны мужчына. Ён паправiў сонцаахоўныя акуляры i ветлiва ўсмiхнуўся.
- Панi Сiльвiя, я ад вашага мужа.
- Праходзьце. Што з iм?
Незнаёмы зайшоў у кватэру.
- Калi ласка, не турбуйцеся. Я лiтаральна на некалькi хвiлiн.
- Што з маiм мужам? - настойлiва паўтарыла Сiльвiя.
Толькi цяпер яна здолела добра разгледзець госця. Ён выняў з кiшэнi насоўку i пачаў старанна працiраць акуляры. Сiльвiю ўразiлi яго вочы, яны былi незвычайнага колеру i выпраменьвалi нейкае загадкавае святло. Быццам загiпнатызаваная, глядзела яна ў гэтыя вочы, адчуваючы, што ўсю яе iстоту запаўняюць цёплыя промнi. Але тут незнаёмы начапiў акуляры i загаварыў да яе:
- Панi Сiльвiя, не хвалюйцеся. Ваш муж жывы-здаровы, але... ён не можа прыйсцi, бо...
- Што з iм? - усклiкнула Сiльвiя. Гiпнатычны стан, у якiм яна патанула, знiк гэтаксама хутка, як i з'явiўся.
- Панi Сiльвiя, прашу вас, супакойцеся.
Незнаёмы вiдавочна разгубiўся i, напэўна, таму паспяшаўся выдаць iнфармацыю, якую хацеў паведамiць спакваля:
- Ён знаходзiцца ў Краiне Ружаў.
У душы ў Сiльвii змагалiся два пачуццi: нявер'е i адчай. Кожнае з iх магло выклiкаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё i асцерагаўся незнаёмы.
- Што-о? Дзе-е?! - як i меркаваў ён, абурылася Сiльвiя i грозна рушыла на яго.
- Панi Сiльвiя! Панi Сiльвiя! - спрабаваў супакоiць яе госць.
Але яна наблiжалася, i было вiдаць, што намеры ў яе самыя агрэсiўныя. Госць зразумеў гэта i, адступаючы да дзвярэй, апошнi раз паспрабаваў яе супакоiць:
- Панi Сiльвiя, ваш муж адчувае сябе добра i прасiў мяне перадаць вам грошы!
I ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклiкалi адваротны эфект.
- Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. - зараўла яна. - Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвiлiну, ты вярнуў мне майго мужа! Iнакш...
Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зiрнуў на Сiльвiю срэбным позiркам i, прыкаваўшы яе да месца, знiк...
* * *
...Сiльвiн муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явiўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, i знiк два днi таму. Сiльвiя збянтэжана глядзела на яго.
- Гэта... ты?
Ён, натуральна, не адказваў.
Праз гадзiну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы i агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка.
- Чаго ты плачаш, Сiльвiя? - цiха спытаўся ён.
- Я не плачу, Мiрча, - яна з палёгкай уздыхнула i стала выцiраць слёзы.
Ён прыўзняўся, сеў i, застагнаўшы, схапiўся за галаву.
- Не разумею, што са мною...
- Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мiрча...
- ?
У пакой з плачам увайшоў Раду.
- Тата, глядзi, ружу сарвалi!
Срэбная ружа, сапраўды сарваная i звялая, ляжала на далонi ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю...
- Сарвалi? Ну i што? - хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзiўленнем.
- Як ну i што? Ружа памерла, тата!
Сiльвiя зiрнула на сына i адчула, як яе пранялi дрыжыкi: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрылiся, выпраменьваючы таямнiчае пранiклiвае святло. I яна адразу ўспомнiла незнаёмага з Краiны Ружаў.
- 1