стаякоў у наваратку, а з ляжачай паўтарачкi, даўно сточанай шашалем. Салома на страсе ўдзiрванела пад зялёным пластом збiтага моху i ўпарта працiвiлася дажджу i ветру, нiзкая прызба i агароджа з ляжачых жэрдак, дзе-нiдзе акораных i яшчэ здаровых. Хлявух з аполкаў i пунька са скрыўленымi сценамi яшчэ трымалiся на старым шуллi. Ляжачымi жэрдкамi перад двума вокнамi ў падоўжнай сцяне быў выгараджаны куток на расаду, цыбулю i можа кветкi. Увесь гэты плацец меў на сабе сляды таго, што тут доўга начавалi куры. Цi можа гаспадар з натуры свае быў пустадомак i не прыстроiў сваiм курам зручнейшага седала, цi можа так яму iшлося, але ўсё тут сведчыла, што жыццё тут iшло як бы да часу. Але i так сказаць: сапраўднае жытло можа тут i ўкаранiлася было вельмi даўно, калi хата толькi паставiлася i была вялiкiм здабыткам таго, хто яе ставiў. Гэта быў тагачасны панскi парабак, i хату ён зрабiў сабе на тры акны - два ад двара i адно з вулiчнай сцяны. Свой кут стаў раскошай чалавеку. Таго парабка прозвiшча было Крамарэвiч. Ужо зусiм старым чалавекам ён дажыў да рэвалюцыi i памёр у гэтай сваёй хаце, пакiнуўшы трох сыноў, жанатых i з дзецьмi. Два паспелi ўжо ўзяць сабе зямлю i выбрацца на асталяванне ў былы маёнтак. А трэцi Крамарэвiчаў сын, самы маладзейшы, астаўся дома. Пахаваўшы бацьку, ён жыў тут сабе i гадаваў свайго адзiнага сына, якому ў тыя часы было год дзесяць. Гэты дзесяцiгадовы хлапец зваўся Антонам i да часу бацькавай смерцi ўзмужаў як мае быць. Такiм парадкам яму трэба было пачынаць самастойнае жыццё якраз у часы свае ўзмужаласцi, бо гаспадарку да самай смерцi вёў бацька, а ён сам упадабаў служыць на чыгунцы: ён чакаў таго, каб хоць трохi ўзнялiся на ногi трое яго дзяцей, што нарадзiлiся за першыя тры гады пасля таго, як ён ажанiўся. Жонка яго была нездараўчаная жанчына, i з дзецьмi было клопатна. А ў яго была вялiкая прага паставiць добрую хату, прасторную i выгодную. На гэта трэба былi вялiкая турбацыя i грошы. З жонкай яны згаварылiся так: яна будзе гадаваць дзяцей i жыць у старой дзедаўскай трохаконнай хаце, а ён будзе служыць i збярэ грошай. Гэта была мара аб прасторнай хаце. Аднаму яму, са слабай здароўем жонкай i дробнымi дзецьмi адолець будоўлю было зацяжка, i ён стараўся i чакаў. Тым часам трое дзяцей узраслi, ён прызапасiў грошай, i жонка як бы выраўнялася здароўем: як мае быць яна рабiла штодзень у калгасе, i нiчагуткi. Ёсць такiя хваробы, што праходзяць з часам i следу не пакiдаюць. Трое дзяцей былi: густавалосая Ганка, няўнiмная рагатуха Алеся i разважлiвы з малых дзён Толя. Гэты вырастаў, не ў прыклад сваiм сёстрам, заўсёды як бы ў задуме, так што аж кпiлi з яго старэйшыя. Антон Крамарэвiч кiнуў службу, вярнуўся дадому i распачаў будоўлю. 'Будуецца чалавек раз у жыццi, - казаў ён жонцы, - дык трэба, каб будоўля была моцная, выгодная i каб цешыла вока'. У яго калацiлася сэрца, калi ён давёў сцены да вокан, а калi ўжо налажыў ашлапы над вокнамi - як бы i ўся будоўля была скончана. Блiзiўся канец цеснаму жыццю ў дзедаўскай трохаконнай хаце. Праўда, у ёй радзiўся i вырас чалавек, але ж гэта быў час такi, калi ўсе навокал даўно ўжо зыначылi сваё жытло: ужо i не хаты стаялi скрозь, а новыя дамы i дамкi, i старасвецкай трухлiны бадай што нiдзе ўжо i не ўбачыш. Антон Крамарэвiч пакiнуў жыць мараю, а жыў штодзённым клопатам. I, можна сказаць, толькi цяпер па-сапраўднаму ён ацанiў той куток на свеце, дзе ён радзiўся i асталёўваўся цяпер навек дзеля сябе i дзяцей сваiх. У той меры, у якой вырасталi сцены яго дома, ён спакайнеў душой: мара з'ядае чалавека, а яго мара цяпер перажыла сама сябе i пакiнула iснаваць. Ганка, Алеся i Толя былi ўжо такiя вялiкiя, што i самi ўвайшлi ў бацькаў будаўнiчы клопат. А яна! Жонка, мацi гэтых дзяцей! Твар яе ружовiўся. Яна быццам ажыла цi спачатку пачала жыць. Дзецi i iх мацi быццам бы знайшлi страчаную бацькам мару. Цяпер яны ўладалi мараю: жыць у новым доме, у выгодзе, у радасцi i шчасцi i на доўгi век. Гэта было жыццё без атрутнага смутку аб учарашнiм днi i без горкай трывогi аб днi заўтрашнiм. Можа быць, продкi нашы ад дзесятага пакалення думалi аб такiм жыццi сабе i сваiм дзецям. Антон Крамарэвiч так думаў аб далейшым i раiўся з жонкаю:
- Калi пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скiну з месца. Трухлiна пойдзе на апал, а здаровае згодзiцца ў гаспадарцы.
Ужо нават i тое, што ён калi-небудзь будзе пiлаваць на дровы трухлiну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады i ўвесь той пасёлачак выбудаваўся i перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той i новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у iншым месцы, дзе з задаваленнем спынiлася яго вока. А хто жыў ужо ў новай хаце, той старую не пiльнаваў, а скiдаў яе. Такiм парадкам гэты пасёлак так i астаўся шасцiхатным. Можна было выбрацца на большую разлегласць, дзе ў полi вырасла новая вялiкая вёска, але ў гэтым кутку людзi любiлi сваё абжытае месца i з яго не зрушылiся. Антон Крамарэвiч быў шчаслiвы яшчэ i тым, што нарэшце не жыў ужо на службе, як да часу, а асядаў на родным месцы. Гэта быў чалавек цiхмяны, добры i справядлiвы. Пра яго казалi, што ён казюлi без патрэбы не раздушыць. Але, якi б ён нi быў, раптам прыйшоў такi час, што ўвесь яго клопат пайшоў намарна i нiчога ў яго не асталося больш, як паспрабаваць вярнуцца да той старой мары. Але горыч сцiснула яму душу, i мара ператварылася ў здзеклiвае непатрэбства i атрутную прыкрасць. Сам Антон Крамарэвiч лiчыў, што ўсё здарылася праз Аляксандра Сушчэвiча, новага тут тады чалавека. Можа i так, а можа тут мела месца тая акалiчнасць, што гэты Аляксандр Сушчэвiч, як мог i як зносiла яго не вельмi вострая галава, стараўся ўтрымацца на той паверхнi, на якую выбiла яго бурнае ў тыя гады жыццё. Iншая справа, што гэта магло дрэнна прычынiцца да Антона Крамарэвiча. Як бы там нi было, трэба не спускаць з увагi самога факта.
Аляксандр Сушчэвiч быў у тых жа гадах, што i Антон Крамарэвiч, i людзi яны былi вельмi непадобныя адзiн на аднаго. Антон Крамарэвiч мог быць залiчаны ў натуры дробныя, якiя могуць убачыць у растрэсенай на дарозе саломе вялiкую страту. Ён выгадаваўся на хлебе, з якога ашчаджалася кожная крошка. Так складалася гэтая натура. Дык трэба ведаць, што калi ў яго выпрацавалася патрэба ставiць не абы-якую хату, а дбаць у ёй аб святле, прасторы i выгодзе, то гэта быў бунт i рух у вялiкае. Тут не трэба забываць жыватворчага подыху тых год, калi 'хто быў нiчым, той рабiўся ўсiм'.
Аляксандр Сушчэвiч быў родам з дробнага горада i з сям'i, у якой нязменна верылi, што найглыбейшая iснасць усяго свету ў тым, як каму пашанцуе, а на гэтым i трымаецца чалавечае жыццё. Сушчэвiчаў бацька, не ў прыклад Крамарэвiчаваму бацьку, зямлi не араў i хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну i хацеў пакласцi ў кiшэню дзве. Ён сцен не ўзводзiў i дарог не масцiў, а прыгандлёўваў на ўсiм, што льга было купiць i перапрадаць. Гэта быў дробны перакупшчык. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi, i вялiкая плынь пацягла i яго ў сваю iмклiвасць. Ён, як i кожны ў той час, лёгка мог вызначыць сабе сваю дарогу. Не ў прыклад тысячам маладых людзей, ён нi ў якiя рабфакi i тэхнiкумы не падаваўся, а з лёгкай душой далучыўся да тых, што адразу хацелi ступiць на прывабную сцежку. Ён быў хлопец увiшны i дбайны. Ён не захацеў падначальвацца, а каб самому ўзначальваць. Аж сам бацька дзiвiўся: як ён, такi малады, здолеў астацца за начальнiка валасной мiлiцыi.
Спачатку ён канфiскаваў самагонныя апараты, а пасля налажыўся да гладкiх прамоваў. Месяц за месяцам i год за годам, i ён засвоiў некаторыя думкi вялiкiх людзей, але браў iх не з правага, а з левага боку. Аднак жа праз год пяць сваёй службовай дзейнасцi мог, вокам не мiргнуўшы, лезцi ў спрэчкi, i нават фiласофскiя, з кiм толькi хочаш. 'Усё цячэ, усё зменьваецца'. Ён i гэта ўзяў сабе ў галаву. I раз як адзiн з дзеячаў раённай улады выступiў на выпускным вечары ў сярэдняй школе. Невядома, з якой прычыны, але ён тут доўга гаварыў аб тым, што ў адной кнiзе, якую ён чытаў, сказана, што нехта праз дзесяць год вярнуўся ў родныя мясцiны i застаў усё там на ранейшым месцы i без змен.
- Вучыцеся вы, - сказаў ён выпускной з дзесятага класа моладзi, бачыць праўду жыцця дыялектычна, а не так, як гэты аўтар, у якога нiшто нiдзе не цячэ i не зменьваецца, а астаецца нават i праз дзесяць год на тым жа самым месцы.
Хоць з яго прамовы нiхто нiчога i не зразумеў, аднак жа ўсё гэта мела дачыненне да яго далейшага жыцця. Пасля ўрачыстай часткi былi танцы, i ён здорава танцаваў, i асаблiва з нейкай цiхай i высокай дзяўчынай. Яна была дачка тутэйшага аптэкара, i гора яе было ў тым, што яна нямала да гэтага часу прачытала кнiг, але да поўнай меры не дачыталася, а толькi ўзварушыла свае думкi. Такiм чынам яна адразу скемiла, што Сушчэвiч гаворыць у плане фiласофii, а што i як - да гэтага яна ў той вечар не магла яшчэ дайсцi. Гэтая добрая сэрцам i спакойная душой дзяўчына з таго вечара пачала думаць аб iм як аб чалавеку, вартым таго, каб iм захапляцца. Простае сэрца! Святая наiўнасць! Яна думала, што пасля дзесяцiгодкi паедзе вучыцца далей, але iмкненнi яе маладосцi раздвоiлiся. Што ж да яго, то ён таксама з таго вечара не выпускаў яе з сваiх думак. Трэба сказаць проста i адразу: увосень таго ж года яна стала яго жонкай, а роўна праз год радзiўся Коля, якi цяпер, маючы надзею, што гэта яго бацька таемна з'явiўся i жыве ў крайняй ад лесу старой трохаконнай хаце, шыбаваў сюды, азiраючыся i дробна перабiраючы нагамi.
Аляксандр Сушчэвiч аставаўся з году ў год у адным месцы, то ў тым раёне, то ў iншым. Як чалавек i работнiк ён выпрацоўваўся ўжо на ўсё жыццё. Нарэшце ён асеў надоўга на адным месцы, у тым раёне, дзе i застала яго вайна. Гэта i было за дзесяць кiламетраў ад таго цiхага кутка, дзе Антон Крамарэвiч ставiў сабе добрую хату. Яшчэ год за колькi да вайны Аляксандру Сушчэвiчу раз прыйшла ў галаву думка, што нешта не