бедаваў i стагнаў, што ўся адзежа яго пагарэла. Iх паставiлi з Бушмарам разам i акружылi. Вiнцанцюк апраўдваўся:
- Адкуль, таварышы, такi паклёп на мяне? Я Богу душою хiба толькi вiнен. Што! Няўжо я сваю кватэру буду падпальваць. Уся ж адзежа мая там прапала.
Тады нехта здагадаўся:
- Вось тут i музыка ўся, што ты на гэтым выехаць хацеў: хто бо на цябе падумае, калi ты сам туды перабраўся!
Раптам з натоўпу праплiшчылася наперад, у круг, Амiля, заплаканая, устрывожаная.
- Бушмар! - крыкнула яна слабым, змучаным голасам. - Гад, згубiцель! Што ты нарабiў!.. Звер!.. Як жа дараваць табе!.. Хто ж табе цяпер падаруе!.. За ўсё!
Яна цяпер як бы расцвiла ўся ад трывожнай узбуджанасцi. Малая постаццю, з маладым бляскам вачэй, яна выглядала, як дзяўчынка.
Бушмар азiраўся.
- Звязаць яго!
- У суд!
Ён ужо не баранiўся. Не было карысцi. Зiрк яго ўпаў туды, дзе людзей радзей было. Там Галена трымала на руках дзiцянё. Другое, Амiлiна, трымалася за яе, напапоханае, сплаканае. Вось туды падышла i Амiля. Ён адвярнуўся.
Андрэй заўважыў: нейкае падабенства ў Вiнцанцюка з'явiлася цяпер да нябожчыка бацькi. Вiнцанцюк выў слязьмi.
IХ
Цэлую ноч быў неспакой у калгасе: пажарышча курэла да самага рання. Змучаныя гэтакаю трывогаю пасля дзённай працы, людзi пад дзень разыходзiлiся адпачываць.
Ужо бялела тады неба на ўсходзе. Запахла з поля здароўем расы. Поле драмала, лясы маўчалi.
Праходзячы паўз пажарышча дадому, Андрэй спынiўся. Глядзеў, як пусцела навокал ад людзей, i толькi вартавыя хадзiлi ля пажарышча. Ён увайшоў у хату. Там Галена стаяла над дзецьмi - яны ўсе як пазбiралiся разам у трывозе, гэтак i паснулi. Жонка яго стаяла ля стала i маўчала. I ўсе яны не гаварылi, чуючы i так, без слоў адно аднаго.
За вокнамi цiха было.
Там Уладзя хадзiў яшчэ па двары. Узбуджанасць гнала ад яго ўсялякую ўтому. Ён стаяў з вартаўнiкамi, так хадзiў. Пасля падаўся ён да Андрэевай кватэры - пераспаць да ранiцы. Ля ганка, дзе дубы (лесавыя пасланцы ў поле) застылi ў перадранiшняй дрымоце, цямнела ў водблiску неба чалавечая постаць.
- Амiля! - пазнаў ён.
Яна маўклiва глянула на яго.
- Што думаеш?
Яна адказала не адразу:
- Так... Нiчога не думаю... I пра ўсё думаю... думаецца...
Пасля яшчэ:
- Як даўней усё...
- Што?
- Жылося...
Яна не скончыла сваёй думкi, чамусьцi ўсмiхнулася i глянула цiха i спакойна на яго. Вочы яе чулiся ў змроку, i голас усё меў у сабе сляды трывожнай знерваванасцi:
- А ты адзiн ходзiш... чаго?..
Але ён нiчога не адказваў. Ён узяў яе за руку, другую яна сама працягнула яму.
- Родная... ты...
Яны пайшлi да Андрэя, несучы ў сабе радасць сваёй новай блiзкасцi.
Назаўтра зноў позняе лета зiхацела сонцам. Дзень быў капатлiвым, гарачым. Надвечар меўся адбыцца сход. Сход збiраўся быць бурным i доўгiм.
* * *
Следства не цягнулася доўга. Бушмара i Вiнцанцюкоў судзiлi ўвосень. Бушмар адбываў кару.
За тыя гады яшчэ некалькi новых будынкаў вырасла паўз лес. Бушмар больш у гэтую мясцiну не вярнуўся. Ён знiк.
* * *
Другая гiсторыя перад намi. Гiсторыя сыноў Амiлi i Галены. Яны растуць, каб дзейнымi ўвайсцi ў новае жыццё.
Гэтае ж апавяданне скончана.
1929
Каментары
Друкуецца па кнiзе 'Лявон Бушмар' (Менск, БДВ, 1930). Упершыню апублiкавана ў часопiсе 'Узвышша', 1929, №7-10. Завершаны ў сакавiку 1929 года. У тэксце аповесцi, апублiкаванай асобным выданнем, паметка ў канцы: 'Слуцак'.
Неўзабаве пасля публiкацыi аповесцi з'явiўся артыкул крытыка Алеся Кучара 'Пра адну рэакцыйную аповесць' (Маладняк, 1931, №1), якi азначаў круты паварот афiцыйнай лiтаратурнай крытыкi ў адносiнах да творчай суполкi 'Узвышша' наогул i творчасцi Кузьмы Чорнага ў прыватнасцi. А.Кучар прызнаў аповесць таленавiтай, але тым не менш 'рэакцыйнай', бо празаiк слаба паказаў класавую барацьбу, а паводзiны герояў тлумачыў з пункту погляду буржуазнага сенсуалiзму. Лявон Бушмар, галоўны герой аповесцi, на думку крытыка, выклiкае спачуванне, а не асуджэнне, а аўтар шукае 'матывы для апраўдання яго ўчынкаў'. I нарэшце вырак, якi выносiць крытык-аглабельшчык i якi не падлягае апеляцыi: 'Чорнаўскi 'фiзiялагiчны жывiзм' не толькi нiчога агульнага не мае са змаганнем пралетарскай лiтаратуры за жывога, класавага чалавека, а наадварот, пралетарская лiтаратура павiнна ўзброiцца на змаганне супраць творчых асноў К.Чорнага'. 'Iдэалiстычна замкнуты псiхалагiзм i груба-матэрыялiстычны фiзiялагiзм' А.Кучар недвухсэнсоўна ацэньвае як 'правую небяспеку ў нашай лiтаратуры, i на яе павiнен быць накiраваны самы моцны агонь нашага змагання'.