Насцi некалькi разоў, пасля, думаючы ўзяць яе жартам, пекануў ёй у самае сэрца:
- Што ў цябе пад вачыма робiцца?
- Чаму, можа, у сажу запэцкалася?
- Дзе там у сажу! Раўчукi ад старасцi!
Вядома, Тоня Базылькевiч, ды яшчэ i Дойла! Ён прывык бярвенне варочаць, а не далiкацтва каля дзяўчыны мець.
'Якая там к чорту старасць, - думаў ён, ядучы вачыма яе локцi, шыю i ногi, - такая яшчэ дзявуха, што чорт ёй i рады дасць'.
Тоня падсунуўся блiжэй. Насця маўклiва глядзела сабе пад ногi. Тоня двума словамi сфармуляваў тое, што яна апошнi час адчувала. Гады праходзяць, даўно пара замуж. Можа, нават хоць за гэтага самага Тонiка, якi калiсьцi сапраўды яе любiў. Яна гэта добра ведала.
Яна яго тады таксама сапраўды-такi, калi цяпер падумаць, можна сказаць, любiла. У кожным разе, яна тады хацела, каб ён часцей прыходзiў, каб трымаў яе за рукi. Але як жа за яго iсцi было замуж, каб ён нават i пасватаўся? Iрвацца з iм у такой нечалавечай рабоце? А не рвучыся, то навек прападзеш: пойдуць дзецi, трэба будзе iх адзяваць i кармiць, трэба будзе даць iм у рукi якi-небудзь спосаб жыць. Зямлi даць? А дзе яе ўзяць?
Вядома, з такой дакладнасцю Насця нiколi не думала, але атмасфера такога абмеркавання навiсала, стварала пэўныя настроi i паставiла перад вачыма постаць Тонi Базылькевiча ў святле яго вечнай заклапочанасцi, неахайнасцi ад вечнай работы, яго няроўнай паходкi, як быццам яго ногi былi так натруджаны, што на iх i стаяць спрытна ўжо нельга. Так дваiлася Тонева постаць. Чым больш да яго гарнулася душа, тым больш памiж iмi вырастаў парог. I нарэшце Насця пераканала сябе: нiчога не павiнна быць у яе з Тонем. А тым часам Тоня не пасватаўся, i так усё ўсталявалася. Аднойчы за Насцяю пацягаўся крыху нейкi заезджы семiнарысцiк. I гэта надало яе думкам выразны паварот: прыгажосцi сваёй яна нiколi не будзе губiць з Тонем Базылькевiчам. На свеце ёсць настаўнiкi, чыноўнiкi на пошце. А то яшчэ падкруцiўся малады ляснiчы i пачаў на яе прыглядацца. I хоць ён быў проста-такi непрыемны на выгляд (дзюбасты нос i барада як прыпек у добрай варыстай печы), але ж затое ён ляснiчы! Ён падараваў ёй два флаконы духоў - 'Резеда' i 'Букет моей бабушки'. Дзе ўжо там было небараку Тоню ўлазiць у гэтую 'резеду'.
Цяпер Тоня шапнуў Насцi:
- Нагнiся, Насця, нешта скажу на вуха.
'Зараз нагнецца, я скажу, каб iшла за мяне замуж, яна, мусiць, будзе маўчаць, я абнiму яе, тады яна прыцiснецца да мяне, i скончан увесь iнтэрас'. Так думаў Тоня Базылькевiч. А тым часам Насця i сапраўды як бы пачала нахiляцца да яго, але толькi на тое, каб угледзецца ў яго валасы над вушамi i сказаць зусiм не такiм тонам, якiм ён гаварыў ёй пра маршчыны пад вачыма:
- Ты калi ў люстэрка глядзiшся цi не?
- Чаму ж не, гляджуся.
- То ты, мусiць, ведаеш, якi ты стаў дэраш?
Тоня раптоўна адшатнуўся ад Насцi, уставiўшыся вачыма ў аконную шыбу. Так ён адчуў памiж сабою i Насцяй холад. Насця была злосная, але менш за ўсё на Тоню. Злосная яна была на сваё дзявоцтва i на першыя маршчынкi пад вачыма.
Яны сёе-тое гаварылi, найбольш маўчалi. Такi паганы стан цягнуўся з гадзiну. Нарэшце Тоня адкiнуў усе жарты ўбок i цiха выгаварыў пра свае намеры. Злосная Насця падумала: 'Некалькi год ты i носа не паказваў, а гэта так, адразу'. Можа, яна хацела яго толькi памучыць, каб пасля даць яму згоду. Гэта не так важна. Важна тое, што яна адсекла яму адразу:
- Як жа я пайду за цябе? Ты ж цяпер ужо Дойла. Хочаш, каб мяне Дойлiхаю дражнiлi?
Тоня быў зняважан да канца. Ён устаў i сказаў:
- Як быццам ты без мянушкi! Разяда! Цябе ж усе i завуць так з-за тых тваiх смярдзючых духоў, якiмi ты ўсiм некалi хвалiлася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, разяда аблезлая.
I пайшоў са смуткам па ёй i па сабе. Яна адчувала сябе не лепш.
Страшэнны смутак мучыў яго доўга, але не ён пачаў абуджаць i варушыць думкi. Паварот справе дала новая мянушка. Праўда, яна была дадзена не самому Тоню, а яго каню. Але выгаварвалася заўсёды ў спалучэннi з Тоневай мянушкай, а гэта было яшчэ горш. Аднойчы, святочным днём, Тоня сядзеў адзiн на сваёй прызбе i думаў: 'Пайду зараз да Насцi, адкрыю ёй душу, годзе мне мучыцца'. Ён быў як прыглушаны. З яго думак не сыходзiла Насця, адзетая ў белае, такую ён бачыў яе неўзабаве да гэтага моманту. Тым часам з выгану цягнуўся дадому Тонеў конь. Тоневы вочы, не лечаныя да гэтага часу, зусiм аслабелi. А конь яго быў белы, так што Тоня не распазнаў, што гэта такое белае мiльганула ў яго перад вачыма пасярод вулiцы. I язык яго выгаварыў на ўсю вулiцу тое, што гняло яго сэрца.
- Здарова, Насця! - гукнуў Тоня, махнуўшы шапкай свайму каню.
На суседняй прызбе грунуў рогат i не сцiхаў, можа, з гадзiну. Некалькi вышчараных вусастых рыл тут жа рушылi да Тонi i, зазiраючы ў яго акамянелы твар, рагаталi бесперастанку. Найбольш стараўся мельнiк Сымон Бiрыла. Той аж бокi драў сабе з рогату. Можна было бачыць, што мельнiк знайшоў тут сабе чаканую праз гады ўцеху. Памучыўшыся з паўгадзiны, анямелы Тоня ўстаў i, не ведаючы, дзе дзецца, паспрабаваў яшчэ пашукаць разрыўкi ў рабоце. Ён сеў на свайго каня i паехаў на iм назад на выган. Але як толькi ён выткнуўся на канi са свайго двара, з-за шула вылезла Бiрылава вусатае аблiчча i аж заенчыла на ўсю вулiцу, захлёбваючыся рогатам:
- Дойла на Насцi едзе!
Тоня з усiх сваiх сiл разануў рэменем па нi ў чым не вiннай конскай галаве.
З гэтага моманту Тонiкавага каня празвалi 'Насця', а ў Насцi пад акном у той вечар крычалi:
- Насця! Насця!
- Гэта ж яе iмя, - гаварылi сталейшыя людзi, але нiчога не памагала. У гэтым i была ўся музыка, што iмя ператварылася ў мянушку. Даволi было Насцi выйсцi на вулiцу, як адкуль-небудзь чуўся крык:
- Насця!
Праз некалькi дзён яна прыбегла з плачам, злосцю i крыкам да Тонi, але ён затупаў нагамi i прагнаў яе, не пусцiўшы нават i на ганак. Моцна плачучы, яна пайшла назад на вулiцу. Штосьцi зварухнулася ў яго сэрцы, i ён следам за ёй паказаўся з двара. Напэўна, ён хацеў ужо вярнуць яе назад, але ў гэты момант недзе з-за вуглоў галасоў пяць залямантавалi:
- Дойла! Насця! Дойла! Насця!
Тоня рвануўся назад у двор, схвастаў ламачынаю свайго каня i з енкам 'Божа мой, Божа, да чаго я дажыўся' зачынiўся ў адрынцы i пралежаў там на саломе з паўсутак. Ён глядзеў у цёмную страху i думаў пра сябе i людзей. Паканчалiся войны, прайшлi рэвалюцыi, людзi паварочалiся з франтоў, былi партызанамi, пазаслужвалi ордэны, пажанiлiся, гадуюць дзяцей, пайшлi вучыцца. Зараз два сыны Тоневага суседа будуць дактарамi, а ён... Нават Насця, колiшняя дарагая Насця, плача i скардзiцца, што ён прычынiўся да таго, што яе iмя ператварылi ў мянушку.
Тоня ўсхапiўся з саломы i выскачыў на двор. Работа валiлася з яго рук. На чорта рабiць. Трымаючыся аберуч за галаву, ён пайшоў у глыб двара. Там важна стаяў сабе пад сваёй страхой даведзены да поўнага ладу мураваны скляпок. Здавалася, што нават i страха яго служыць па-залiхвацку набакiр. Каб ён быў выгараў, гэты скляпок, уся гэтая драбяза, якая жыццё глынула i шчасця не дала! Тоня ўбег у хату i кiнуўся да люстэрка. На яго глянуў аброслы, каравы твар, злямцаваныя валасы, сарочка чорная, як скаварада.
'Якое дзiва, што Насця не горнецца да мяне!'
Яму стала працiўна ўсё, работу ён зненавiдзеў, корпаўся на ёй нехаця, абы не пайшло ўсё марна. Тоня хадзiў як атручаны.
Кончылася восень, усталёўвалася зiма. Тоня Базылькевiч яшчэ нiколi не меў такога суму. Ён не мог вытрымаць у адзiноце свае хаты. Ён усё часцей i часцей заглядваў у люстэрка, праз кожныя дзён чатыры пачаў брыцца, вечарамi, прыадзеўшыся, выходзiў на вулiцу. Праўда, нi да якой кампанii ён не прыставаў: ён быў старэйшы за ўсiх тых, што збiралiся вечарамi гуляць, i яшчэ баяўся, што сярод хлопцаў знойдуцца тыя самыя крыкуны, што могуць абсмяяць яго мянушкай. Папацёмку ён праходзiў некалькi разоў з канца ў канец вулiцу, па шмат разоў спыняўся супроць Насцiнай хаты, стараючыся разглядзець праз асвечаную з сярэдзiны шыбу, што там робiцца i чым занята Насця.
Аднойчы, стоячы так пасярод вулiцы i прыглядаючыся да акон Насцiнай хаты, ён пачуў недзе як бы нейкi трэск. Было падобна, што дзесьцi, не зусiм далёка, ломяць дзверы або трашчыць так што драўлянае.