другому берагу.
Там, узяўшы грошы за перавоз i даўшы чалавеку квiтанцыю, паволi паплыў назад.
Чалавек не сказаў нiводнага слова, а толькi, ад'язджаючы, кiўнуў галавою i з нейкаю задуменнасцю ў голасе зноў заспяваў.
'Вось праехаў чалавек, - думаў Амелька, - невядома, адкуль i хто i пра што ён думае. Колькi ў гэты момант думак на зямлi?! I ўсякая думка аб тым, каб як найлепей зрабiць дзела гэтага моманту. I аднак, нягледзячы на гэта, чалавек увесь час мучыцца на зямлi. А гэтыя, новыя камунiсты, суседнiя мае хлапцы- камсамольцы, заўсёды вясёлыя, знайшлi, мусiць, дарогу к гэтай радасцi...'
Амелька адплыў на сярэдзiну ракi, прыпынiўся i стаў глядзець на ваду.
Яна ўжо не пенiлася i не шумела так моцна, як раней, бо сцiх вецер; яна адлiвала чырванню, бо празрыста свяцiла сонца. Яно ўжо было на захадзе, i свет яго быў чырвоны. Неба ачысцiлася ад хмар.
Амелька паглядзеў, як паволi, але заметна, супакойвалася вада, i ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:
'А чалавек некалi ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сiлы не растрачвалiся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлi, не тое б можна было бачыць цяпер у жыццi...
Што б з чалавекам нi зрабiлася, нiдзе ён не дзенецца з свае зямлi. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку'.
Думкi ў Амелькi выплывалi адна за другою. Ён не мог улавiць нi пачаткаў, нi канцоў iх. Але ўсе яны зводзiлiся к таму, што людзi, злучыўшыся ў адну вялiкую сям'ю, зробяць на сваёй зямлi нешта такое, што будзе большае па сваёй сiле за самую зямлю. Вялiкае дзела робяць яны.
Корань гэтай думкi ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыi для сялян.
- Усе тыя, што самi працуюць, - гаварыў прамоўца, - злучыўшыся пад сцягам камунiзма, арганiзуюць вялiкую сiлу, якая знiшчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...
Амелька думаў i глядзеў вакол.
На той бок рэчкi, недалёка ад вёскi Хартонаўкi, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фiгура здавалася здалёк куском той самай зямлi, па якой ён ходзiць.
- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзiчэю тут адзiн.
Над апошнiмi сваiмi словамi ён неяк хмурна ўсмiхнуўся.
Паволi, як бы раздумваючы, цi варт плысцi, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамi, вяла перабiраў рукамi дрот.
Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымi крокамi пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго конiка, паволi iшоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зiму.
Ён быў у доўгiм, парыжэўшым ад старасцi халаце, няроўна абарваным унiзе; доўгiя валасы яго закрывалi вушы. Каравыя рукi яго ўспiралiся на плуг, i, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта якi-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлi. Босымi нагамi ён цiха ступаў па мяккай чорнай зямлi.
Гэта быў Амелькаў знаёмы.
- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блiзка.
- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.
- Позна, браце, араць выехаў.
- От... распагодзiлася, - загаварыў араты, - дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзiлася, панiзiў ён голас, - цёпла, весела.
У гэтых словах - 'цёпла, весела' - чулася нейкая радасць чалавека, якi бачыць сонца i светлую ад яго зямлю.
- Добра арэцца? - запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.
- Добра, - адказаў чалавек i, глянуўшы ў разору, прыбавiў: - Люблю я, браце, араць. Ходзiш сабе босы па мяккай разоры, i здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазiць.
- А хiба гэта добра?
- Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлi - прапаў...
- А дзе ж ён можа дзецца з зямлi? - сказаў Амелька. - Усё роўна нiкуды з яе не зыйдзеш, каб i хацеў. На ёй астанешся.
Чалавек пацiснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.
А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. I яму стала весела. I ўсе яго думкi, як бы зрабiўшы сваё дзела, знiклi, пакiнуўшы нейкае лёгкае i бадзёрае пачуццё ў грудзях.
- Дай, браце, я прайду зараз вакол, - сказаў Амелька, беручыся за плуг, - даўно ўжо не араў.
- Прайдзi сабе, - сказаў чалавек i, махнуўшы пугай на каня, цiха гукнуў: - Но!..
Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мiнуў яе i спусцiўся ўнiз, дзе пачынаўся невялiчкi паплавец i на iм рэдкiя кусты.
К яму, па калючым iржышчы, босы i ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццацi.
- А дзе тата? - запытаў ён, трохi спалохаўшыся.
- Там, за горкаю, - адказаў Амелька.
Хлопчык пазнаў Амельку i загаварыў быстра, глытаючы словы:
- А я бягу, гляджу - здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.
Амелька перадаў плуг хлопчыку, i той, трохi блытаючыся па разоры нагамi, пайшоў, сваiмi дзiцячымi тоненькiмi рукамi дзержачыся за плуг i пакiроўваючы яго верна, так, як i трэба.
- Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, - сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлi на старое месца.
- Так, - сказаў хлопчык i засмяяўся.
- Ходзiць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку i паказваючы пальцам на сына, - i мне памагае.
- Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.
Бачачы, што аратыя збiраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацiлася за лес, i, развiтаўшыся з iмi, пайшоў к парому.
Там ён хутка перавёз на свой бок некалькi фурманак з жытам, а на другi бок двух чырвонаармейцаў.
Яны ехалi на двухкалёсным зялёным возе i некуды спяшалi.
Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.
III
- Паром! Гэ-эй... паро- о-о!..
Чутно было, што крычыць чалавек здаровы i з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.
Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакiдаў крычаць i, мусiць, любаваўся сваiм голасам, якi зычна, на некалькi раз, паўтараўся на другi бок ракi, у лесе.
Працiраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.
Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.
На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.
- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.
- А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.
- Адна.
- Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.
Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.
Паром цiха рушыў назад.
- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.
- А што?! - гукнуў з-за воза голас.
- Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?
- З горада.