У мяне з'яўляецца патрэба пачухаць каля вушэй.
- Пот, - гавару я.
Астап Варывончык хiтра не спускае з мяне вачэй.
- Пот, - зноў гавару я.
I маўчу. У мяне злосць на Астапа Варывончыка. Чаго ён дапытвае мяне, чаго варушыць тое, ад чаго смутак мучыць мяне. Твар яго проста перада мною. Гэта круглы i рыжы твар, малады i сыты; толькi тонкiя маршчынкi i сiнiя кругi пад вачыма, i галава пачынае лысець. Дзядзька Язэп глядзiць мне ў вочы з хвiлiну, пасля, як бы аб чым дагадаўшыся, вызваляе мяне з майго становiшча:
- Iдзi, Мiкалай, мне тут у гэтай дошцы капт згаблюй - я збiваць пачну.
Цяпер я зусiм упэўнiваюся, што ён ведае, аб кiм я думаю. I мне прыемна глядзець на яго сухую i моцную, прысадзiстую постаць. Я iду да яго, а Астап Варывончык запускае руку ў белыя стружкi ў кутку - нядаўна прыходзiў да нас у гумно Тамаш, прынёс нам бутэльку гарэлкi i сухой кiлбасы на закуску.
- Пеце, браткi, ды канчайце, - сказаў ён, - жонка хаты не мае.
- Няўжо злуе на цябе твая жонка за гэта? - ухмыльнуўся Астап Варывончык. Маўчыць, хоць бы слова.
Мы прымецiлi, што ён ужо паспеў выпiць... Да яго ў хату iдуць людзi бабы ўсё найбольш. З мужчын адзiн толькi стары Апанас Ярмалiцкi - дый той у хату не заходзiў - угледзеўшы нас у гумне, ён падышоў цераз агароды i пагаварыў з намi трохi аб пагодзе i спелых гарбузах.
Цяпер Астап Варывончык налiвае з бутэлькi ў вышчарбленую шклянку i падносiць дзядзьку Язэпу. Той трохi выпiвае i аддае назад.
- Чаму не ўсё?
- Не хачу.
- Цяпер ты, Мiкалай, дапiвай.
Ён яшчэ трохi падлiў мне, i я выпiў. Сам Астап выцягнуў цэлую шклянку, i мы закусваем сухою кiлбасою. Дзядзька Язэп паволi жуе, стоячы пасярод тока. Неўзабаве з'яўляецца Тамаш i прыносiць нам два селядцы - сяк-так аскрэбаныя i паклычаныя пальцамi.
- Хоць бы ты, сынку, пiў, - гаворыць ён мне, - можа аслабеў, габлюючы, дык от выпi яшчэ чарку.
- Не пi, - абарочваецца да мяне дзядзька Язэп, -зашкодзiць.
I, як бы апраўдваючыся, звяртаецца да Варывончыка i Тамаша:
- Што ж з яго будзе за работнiк, калi ён нап'ецца?
- Можа вам дошчак не хапае? - клапоцiцца Тамаш.
У гумно раптам з'яўляюцца двое - вяртлявы i маленькi Пятрусь Мiхалiнчык i доўгi, тонкi i пануры Яўхiм Стрыгун, з вострым тварам, белымi валасамi i босы. Я гляджу на гэтую маўклiвую i нейкую нясмелую постаць, i мяне апаноўваюць думкi, што гэта, мусiць, прырода стварыла яго такiм для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохi пасмяяцца над iм, а пасля над iм жа горка заплакаць. Ён глядзiць на нашу работу, i на твары яго, поўным рабацення, застыла нясмешная ўсмешка. Пятрусь Мiхалiнчык весела садзiцца каля Астапа Варывончыка, ляпае яго рукою па калене i падае голас:
- Я нюхам чую, дзе п'юць. Яўхiм мне памог: пацягнуў носам ды кажа хадзем.
- Жартуеш, - апраўдаўся Яўхiм.
- Я вам прынясу, хлопцы, другую шклянку, - па-гаспадарску клапоцiцца Тамаш.
- Хопiць i гэтае.
I я не ўспеў агледзецца, як Пятрусь Мiхалiнчык ёмка выпiў, крактануў i ўзяў кусок селядца. Тамаш паднёс Яўхiму. Той спачатку адмовiўся, а пасля, бачачы, што яго больш не просяць, узяў i выпiў. Адламаў кусок кiлбасы, агледзеў прытульную мясцiну на дошках, каб спакойна было есцi, сеў i пачаў паволi жаваць. Рэшту гарэлкi дапiлi неяк раптоўна Варывончык з Мiхалiнчыкам i адразу сталi смешна-вясёлымi.
- Я вам, браткi, прынясу чаго паесцi, - неяк радасна сказаў Тамаш; радасна, мусiць, затым, што ў яго гумне вясёлыя людзi.
Яму нiхто нiчога не адказаў, i ён, пастаяўшы трохi, падаўся спярша ў бок Яўхiма, а пасля пайшоў у хату.
Астап Варывончык, скрывiўшы раптам набок дробны твар свой, заспяваў:
Охцi мне, о-ох;
На балоце мо-о-ох...
Хлопец па дзяўчыне
Сем гадоў со-о-о-ох!..
Пятрусь Мiхалiнчык уставiўся вачыма ў яго твар, сцiснуў каля кiшэнь портак кулакi, з нецярплiвасцю чакаючы, пакуль той скончыць. Як скончыў, заспяваў раптам прыпеўку з другой песнi:
Там хадзiла, там гуляла
Дзеўка малада!..
Пасля падумаў трохi, махнуў рукою, змянiў раптам матыў песнi на вясёлы i паўтарыў:
Там хадзiла, там гуляла
Йэх!..
Дзеўка малада!..
Яўхiм спакойна жаваў кiлбасу.
Дзядзька Язэп стаў у варотах i глядзiць на пажоўклую траву перад гумном...
Ясна ад сонца i шырока ад першага подыху блiзкай восенi. Слаўна пахне з садоў бэрамi, блiшчаць першыя нiцi белага павуцiння; скрыпяць на вулiцы вазы - возяць познi авёс, але цiха ад пажаўцеўшых клёнаў... Плюхае вада i спяваюць пеўнi.
Стоячы, маўчыць дзядзька Язэп.
Астап i Пятрусь, палёгшы на мяккiх стружках, задумёна спяваюць:
Ой, за полем, полем ды за ўзгоркамi,
Пры вадзе берагавой ды пад чаротамi
Ды шумела асака...
Дзядзька Язэп выйшаў з гумна i пайшоў паволi, босы, па траве.
Ой, ды як жа асака ды шумлiвая!..
Ой, шумела ж яна, як гаварлiвая...
Яўхiм узяў у рукi бутэльку, паглядзеў, што пустая, i палажыў назад, сеў i маўчаў, мусiць, слухаў:
А там беглi-грукацелi
Залатыя-вараныя...
Яўхiм адышоўся ўбок, прылёг каля сцяны на саломе i памог танклявым i доўгiм голасам:
Эй вы, э-э-ай-э-эй!..
Дзядзькi Язэпа нiдзе не вiдно.
Я выйшаў за вароты, глянуў на асеўшую сцяну пад жоўтыя клёны: на накошанай учора i прывяўшай за ноч палявой траве ляжаў нiцма дзядзька Язэп. Плечы яго траслiся, твар уехаў у траву, i з травою ж пераблыталiся чорна-сiвыя валасы на галаве. Я падышоў да яго i сеў.
Пахлi з гумна смалою стружкi, пахла з агародаў зямлёю. За платамi ў садах падалi спелыя яблыкi, i над намi спелi рабiны.
Уткнуўшыся тварам у траву, як малое дзiцянё, плакаў дзядзька Язэп.
IV
Над шырокай зямлёй пахне восенню, i яснымi днямi дзьме густы вецер. I шумяць-шумяць кусты над глыбакадумнаю рэчкай...
Дарога пазарастала патаптанай травою, часамi з далёкiх узгоркаў iмчыцца па ветры i асядае на яе пыл. Цяпер яна ад нядаўнiх дажджоў чыстая i ад сонца i ветру думна-вясёлая. На ёй ляжыць плуг, а з боку я - ляжу на ветры, гляджу, як за кустамi шыпшыны пасецца конь, i слухаю, як шумiць голле маладых асiн i бяроз. Адчуваецца, як пад iмi прэсна пахне рэчка.
Сягоння я зусiм не бачыў дзядзькi Язэпа. Цяпер ён не так нудзiць, больш можа гаварыць аб Мiхале - прывыкае патроху, што памёр ён.
Учора вечарам я таксама, як i раней, сядзеў з iм на прызбе. Ён весялейшы быў i расказваў са смехам, як Астап Варывончык леташняй зiмою пералазiў ноччу п'яны цераз калодзезь, думаючы, што гэта пералаз. Пералез i скочыў 'на другi бок плота' i чуць не змерз у калодзезi, пакуль яго адтуль выцягнулi. Гэтую гiсторыю я многа раз чуў ад яго ж, i ён сам гэта ведаў, але гаварыў з вострымi славечкамi i смакаваў жартаўлiвыя фразы... Дося таксама хадзiла пад руку з студэнтам-практыкантам.
- Каморнiк? - сказаў цiха дзядзька Язэп, кiваючы галавою ў бок цёмнай пары.
- Ён.
I мы маўчалi, а я думаў:
'Дося зусiм маладзенькая, i яна, скажам, не можа разбiрацца ў сваiх пачуццях i ў людзях. Але i няўжо сам дзядзька Язэп адстаўляе мяне на другарадны план, i няўжо толькi затым, што той студэнт?'
Ад гэтых думак нешта ўсю ноч i цяпер скрабе мяне за сэрца. Хочацца iсцi некуды, нешта рабiць важнае, нешта большае, чым ляжаць тут, на гэтай дарозе.