Вечарам, здаецца, будуць збiрацца нашы гаварыць аб зямлi.
Будзе там стаяць дзядзька Язэп, як уросшае глыбока ў зямлю дрэва, будзе маўчаць ды рэдка падаваць увагi; будзе выказвацца Астап Варывончык i рагатаць Мiхалiнчык Пятрусь. Будзе там збоку сядзець i Яўхiм Стрыгун i скардзiцца на ўсё - i на кепскае, i на добрае: ёсць жа такiя людзi на свеце...
Трэба будзе пасля ўсяго гэтага пайсцi пасядзець у дзядзькi Язэпа заўтра я еду ў горад.
Я хаджу па хаце i думаю. Уваходзiць раптам Тамаш Арлоўскi i бярэ мяне за плячо.
- Хадзем, сынку, да мяне.
- Чаго?
- Хадзем. Там Язэп i Варывончык.
Мы iдзем па пыльнай вулiцы ў яго хату, i Тамаш там клапоцiцца.
- Пасколькi вы, браткi, тады труну рабiлi, дык от трохi, значыцца, пад гэтае...
Мы выпiлi па чарцы i пасядзелi трохi.
- Дык от, браткi, - гаворыць Тамаш, - адзiн застаўся... Жанiцца - не гады, сказаць, так жыць - дачку замуж аддаю.
- Ты жонку любiў? - пытае вясёлы Варывончык Астап.
- Што т-ты ў старога чалавека пытаеш? - апраўдваецца Тамаш. - Што ты гэта? Ты думаеш, я тут табе ведаю цяпер - што ты пытаеш... не гады ўжо... лiха яго ведае...
Мы яшчэ выпiлi па чарцы, пасядзелi трохi i пачалi разыходзiцца... Кружыцца трохi галава: я iду мiма хаты дзядзькi Язэпа, бачу, як Дося ходзiць па двары, i мне, таксама, як тады, на полi, хочацца падбегчы туды, схвацiць яе на рукi i iмчацца так па пустых дарогах i без дарог...
Заўтра я еду ў горад.
* * *
Тры гады - вялiкi час у чалавечым веку.
Я цяпер успамiнаю, адчуваю i думаю.
Сягоння днём на люднай вулiцы ўбачыў я Досю з мужам - былым практыкантам на каморнiка. Яна патаўсцела i выглядае сталай i задумёнай... I гэта ўсё будзiла ва мне думку аб факце: колькi дарог будзе яшчэ пройдзена i колькi людзей уведана!..
Я пакланiўся Досi, i яна раптам пабялела, неяк асунулася, зрабiлася маленькай, i ў вачах яе засвяцiлася нешта вострае - мяжа мiж iмкненнем i журбою...
Вечарам прыйшоў ад сястры з вёскi лiст. Там было i ад дзядзькi Язэпа. Няроўнымi, ад непрывычкi пiсаць, лiтарамi было напiсана:
'...Дзякую, сынку, за паклон... Навiн у нас, сказаць, вялiкiх няма. Што мая баба памерла - ты ведаеш, а што Дося з мужам пераехала ў той самы горад, дзе ты, таксама, пэўна, ведаеш... Яўхiм Стрыгун ажанiўся. Астап жа разышоўся з сваёю жонкаю. Жывуць сабе... Мы павысякалi летась каржакаватыя хвоi за рэчкай - дык цяпер нейкая пустэча там здаецца за рэчкаю - гэта мне з непрывычкi. От гэтая прывычка мяне заядае - прывыкаю да свае нары, цераз гэта атупеў неяк увесь. А можа гэта старасць загаварыла? Страшная штука старасць, i гадкая штука - прывычка... А можа ты iначай думаеш? Падумай... Жывi, сынку, здароў...'
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Родныя мае!.. Блiзкiя мае!..
1926
Каментары
Друкуецца па зборнiку 'Хвоi гавораць' /2-е выданне, Менск, БДВ, 1928/. Упершыню апублiкавана ў газеце 'Савецкая Беларусь', 1926, 9 траўня. Датуецца траўнем 1926 года.