- А як жа Бажэна? - спытаў Завейка.
- Будзе воля багоў, i ты ўбачыш яе.
- Адпусцi яе, я дам выкуп.
- Яна мая заручоная княгiня.
* * *
Мiналi днi. Не расплялi Бажэне косаў, не абстрыглi iх, i не накiнуў Воўк на дзявочую галаву павоя. Не наважыўся князь загаварыць з дзяўчынай пра жанiцьбу. Цяжка пераносiў ён дзявочае маўчанне, i калi загаворваў з Бажэнай, яна без ахвоты адказвала яму. Ды толькi не мог ён страцiць каханую - занадта цяпер недасягальнай стала яна, а таму яшчэ больш жаданай. А ёй заставалася перанесцi да канца гэтае выпрабаванне долi i спадзявацца, што рана цi позна яна вернецца ў бацькоўскi дом. Не заставацца ж тут ёй з князем-iзгоем, якога заўтра разаб'юць русы i звязеняць.
I аднойчы Воўк пачуў размову Бажэны з Вышакам. Яны не бачылi яго. Ён вяртаўся вечарам пасля абходу цвержы. Падышоў да хаты i пачуў галасы.
- Дапамажы мне, Вышак.
- Я дапамагу. Не плач.
- Пацалуй мяне.
Боль разануў яго па сэрцы. I з адчаем Воўк зноў пераканаўся, што не здолее адмовiцца ад Бажэны, аддаць яе другому, нават крэўнаму брату. I нават калi яна ўжо не кахае яго, ён не ў сiлах перажыць тое, што яна шчаслiвая з другiм. У гэты момант iм авалодалi пачуццi, а не розум. Меней яго хваляваў лёс брата. Нельга дапусцiць, каб Вышак забраў у яго Бажэну. Хто-небудзь iншы, але толькi не брат, бо разам з дзяўчынай ён згубiў бы i Вышака i за стаўся б адзiнокiм. Але ён тут жа авалодаў сваiмi пачуццямi. Бажэна абмарочыла яго. Ды гэта толькi дурань злуецца, што двое людзей пакахалi адно аднаго. Яму стала шкада самога сябе. Яго лепшыя памкненнi растаптаныя. Ён павярнуўся i цiхенька пайшоў ад хаты.
А пасля ў братоў адбылася размова.
- Ты павiнны забыцца пра яе, - сурова мовiў Воўк.
Забыць Бажэну! Але гэта немагчыма. Ён кахае яе i не адмовiцца, калi гэтага патрабуе нават брат. Яна выбрала яго, Вышака, яна кахае яго.
- Не, - першы раз у жыццi Вышак супярэчыў брату.
I гэтае 'не' сведчыла, што Вышак настроены рашуча i не саступiць яму. Чаго палохаўся Воўк, тое i здарылася - Бажэна зачаравала брата.
- Ты павiнен забыць пра яе. Вышак, браце, яна згубiць цябе, - ён паклаў руку на яго плячо, але той скiнуў руку.
- Я не выракуся яе!
Гэтая ўпартасць, з якой брат змагаўся за сваё каханне, пужала Воўка. Перад iм стаяў зусiм iншы чалавек, не той бесклапотны i мяккi юнак. Гэты Вышак быў зусiм iншым: упартым, брата не прызнаваў.
- Усё, - мовiў Воўк, - угаворваць цябе я не буду. У галаве тваёй вецер.
- Князь, - спынiў Вышак яго за руку, - ты задумаў супраць яе нядобрае?
Ён удзячны Бажэне за тыя светлыя хвiлiны кахання. Але ён гатоў адмовiцца ад каханай, каб толькi не страцiць брата. Заўтра ранiцай ён загадаў Гваю праводзiць Бажэну дадому.
- Не табе мне ўказваць, - груба абарваў брата Воўк.
* * *
Уцекачы выбралiся з падземнага ходу ў лес. Перапляценнi галiн перагароджвалi iм шлях. I на кожным кроку Вышаку даводзiлася мячом прасякаць дарогу. Ён мог павесцi дзяўчыну па сцежках, ды асцерагаўся пагонi цi наткнуцца на вартавыя заставы i таму вырашыў прабiрацца праз гушчар, арыентуючыся па зорках. I ўпарта, не зважаючы на стому, сек галiны i хмызняк, каб можна было прайсцi Бажэне. Неўзабаве яны трапiлi ў хвойнiк. Iсцi стала лягчэй. Ногi танулi ў мяккiм iмху. Каля невялiчкай ручаiны, што зiхацела ў месячным святле сярод парослых травой нiзкiх берагоў, уцекачы спынiлiся. Вышак апусцiўся на кукiшкi i сунуў руку ў ваду.
- Халодная, - мовiў ён.
- А пiць яе можна? Я хачу пiць.
- Гэта ж крынiчная вада.
Ён чакаў, што Бажэна, апусцiўшыся на каленi, нахiлiцца да ручаiны i прыпадзе вуснамi да вады, як звычайна пiў ён з крынiц. Але яна прысела на кукiшкi, чэрпнула вады ў складзеную лодачкай далонь i паднесла яе да вуснаў. I гэты рух Бажэны ачараваў яго вытанчанасцю i прыгажосцю.
- Смачная, - мовiла дзяўчына. - Паспрабуй, - яна зачэрпнула далонню вады i паднесла да яго вуснаў. - Пi хутчэй, - засмяялася Бажэна, - а то выцеча.
Ён прыпаў вуснамi да яе маленькай далонi. Колькi там той вады - кропля, але i не пiў ён ваду, а цалаваў дзявочую далонь.
- Ну вось i выцекла, - наўмысна незадаволеным голасам мовiла Бажэна.
I зноў дзяўчына зачэрпнула вады i паднесла да вуснаў Вышака, i ён не пiў, а цалаваў яе руку. А пасля пяшчотна ўзяў яе за тонкiя запясцi i пацалаваў дзяўчыну ў вусны. I з кожным яго пацалункам, адчуваючы яго блiзкасць, яна трацiла тую волю, якая дапамагла ёй перацягнуць на свой бок Вышака. Дзiўна, ёй хацелася быць слабой, бездапаможнай, каб ён, мужны i моцны, клапацiўся пра яе, абараняў. Iх прытуленыя адна да адной постацi адбiвалiся ў вадзе.
Раптам дзяўчына адчула, як яго моцныя рукi падхапiлi яе i паднялi над зямлёй. Пад Бажэнай цурчала вада. Ён пераносiў яе праз ручай. I ад пачуцця ўдзячнасцi яна абняла Вышака за шыю i прытулiлася да яго. Яму было прыемна ад яе даверлiвасцi.
На беразе ручаiны ён вырашыў заначаваць. Хутка насек мячом дроў, паслаў на зямлю яловых лапак. I вось ярка загарэлася вогнiшча. Прыемна патыхала дымком. Дзяўчына сядзела каля вогнiшча. Водблiск полымя асвятляў яе задумлiвы твар.
- Бажэна, табе трэба паспаць.
- Я хачу пасядзець з табою.
Стамiлася, але бадзёрыцца. I хiба зможа ён запярэчыць, калi сам жадае яе. Дзяўчына перахапiла яго позiрк i ласкава ўсмiхнулася. Яна сядзела побач. Iльняная спаднiца абцягвала яе каленi. Як добра было б пакласцi ёй на каленi галаву, заплюшчыць вочы i каб яе пяшчотныя рукi гладзiлi галаву; ляжаць i адчуваць яе ласку i нi пра што не думаць.
Ён узяў дзявочую руку i адчуў, як яна дрыжыць. I такая пяшчота да дзяўчыны ахапiла яго, што ён не ў сiлах быў стрымацца i, цалуючы яе далонi, зашаптаў:
- Бажэна, каханая мая.
З асалодай адчуў, як дзяўчына лёгкiм рухам пальцаў прабегла па яго валасах i абхапiла рукамi шыю. Дзявочыя вусны прыпалi ў доўгiм пацалунку да вуснаў Вышака. I калi яна патрабавальна прыцягнула яго да сябе i апусцiлася на яловыя галiнкi, якiя ўсцiлалi зямлю, ён зразумеў, што Бажэна ў яго волi.
Яшчэ можна было апамятацца, але позна... Так прыемна было ад яго пацалункаў, ад ласкi яго рук. Яна не супрацiўлялася, калi ён развязаў шнурок на сарочцы i прагнымi вуснамi прыпаў да набухлых ружовых смочкаў грудзей. Не магла вытрымаць пакутлiвай асалоды, што перажыла ў гэты момант, i цiха застагнала. Болей не было ўжо нi сораму, нi сумненняў.
* * *
Стомленыя, яны ляжалi побач, глядзелi высока ў неба, дзе зiхацелi россыпы зорак. Ляжалi абняўшыся i маўчалi - думалi кожнае пра сваё.
Бажэна кахае яго. Так даўно ён чакаў свайго кахання - вось яно. I не разлучыцца ён з Бажэнай. Нiкому не дасць каханай у крыўду. Ну, а брат? Хай змагаецца з русамi, калi яму так прагнецца подзвiгаў. Хiба не брат штурхнуў яго на ўцёкi? Хiба не брат стаў памiж iм i Бажэнай, злуючыся на тое, што яна выбрала яго, Вышака? Цяпер ужо позна нешта перамянiць. А яна не ведала, цi клясцi сябе за сваю слабаць, што паддалася страсцi, цi лiчыць, што канчаткова перамагла княжыча. Ну, пацалавацца, прылашчыць хлопца, каб болей прывязаць яго да сябе, - дапускала, а вось гэта... Гэта Вышак перамог яе, i яна цяпер у яго волi.
* * *
Стараючыся не разбудзiць Бажэны, ён выцягнуў з-пад яе галавы руку i, нахiлiўшыся над дзяўчынаю, пацалаваў яе ў скроню. Нават не пацалаваў, а з удзячным замiлаваннем перад яе прыгажосцю i даверлiвасцю дакрануўся вуснамi.
Сонца паднялося над зямлёю. Туман сплыў. Трава i лiсце дрэў зiхацелi на сонцы ўсыпанай Родам расой.
- О вялiкi Сварожыч, у гэты дзень усцеражы i блаславi нас, - сказаў замову князь i тройчы пацалаваў свае рукi. Рассякаючы са свiстам крыламi паветра, праляцелi некалькi качак i з шумам селi на ваду. Вышак, паклаўшы на лук стралу, пракраўся туды, дзе селi качкi. Птушкi не бачылi чалавека i спакойна плавалi на вадзе, раз-пораз ныралi пад ваду i праз iмгненне вынырвалi. Княжыч выбраў качара i прыцэлiўся. Было б добра, каб удача не адвярнулася ад яго, вось бы прыемна ўразiў дзяўчыну. Страла трапiла птушцы ў грудзi.