- Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любiмчыка? Ой, глядзi, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!

Славiк i Генрых прыйшлi апошнiя: даўжэй другiх мылiся ў душы; любiлi паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збiраецца брыгада. Ён, як i Ходас, адразу паверыў, што Славiк мог зрабiць подласць, i ўзлаваўся на гэтага 'безадказнага шчанюка'. Яны разам працавалi - на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славiк, як нiколi, быў уважлiвы i старанны. 'Асiсцiраваў' без адзiнай памылкi. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала 'прафесара'. Няўжо ўсе iх спадзяваннi i намаганнi дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзiўна гасiў сваё абурэнне i выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной i той жа песнi:

Миленький ты мой, возьми меня с собой

И в той стране далекой зови меня женой.

Славiку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.

- Бабская песня, - сказаў ён.

- Бабская, - згадзiўся Генрых.

Славiк зразумеў, што сабралiся гаварыць пра яго адразу ж, як толькi ўвайшоў у пакой iнтэрната. З якой прычыны?

Паважнай хадой 'кiруючага таварыша' - Славiк навучыўся перадражнiваць гэтую паходачку - крочыў па пакоi Iван Ходас, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Косця завалiўся на свой ложак, прытулiўшыся патылiцай да сцяны - да фатаграфiй кiнаактрыс, i, чырвоненькi, узбуджаны, зiркаў сваiмi цыганскiмi вачамi на Iвана. Вiдно было, што яны пасварылiся. Тарас i Лапацiн сядзелi за сталом. Лапацiн з дзiцячай цiкавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круцiў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мiнiяцюрнай цацачкi.

- Скажы, калi ласка! Косця! Колькi каштуе?

- Сто рублёў.

- Манiш. Толькi што гаварыў - трыццаць. Але i трыццаць - дорага. - Пасля таго як Вера нарадзiла сына, Васiль стаў надзiва ашчадны.

'Знарок цягнуць', - падумаў Славiк. Яго неаднойчы прабiралi ў школе, на студыi, у брыгадзе. Але нiколi ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавiдзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкiм i смелым. Але калi казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумнiўся, што здолее быць такiм.

Генрых падышоў да этажэркi, узяў нейкую кнiжку, разгарнуў i зноў цiха заспяваў:

Миленький ты мой, возьми меня с собой

И в той стране далекой зови меня чужой...

Славiк узарваўся:

- Не вый! - Але спахапiўся i сказаў да ўсiх з усмешкай, быццам бы жартам: - Што вы паселi, важныя, як суддзi? Судзiце.

- I а-су-дзiм, - пагрозлiва, з нацiскам, праз зубы працадзiўшы склады, адказаў Ходас. Спынiўся перад Славiкам, выцягнуў з кiшэнi сцiснуты кулак. Брыгаду ганьбiць не дамо!

- Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? - зморшчыўся Косця, просячы вачамi ўсiх, каб яны былi больш далiкатныя, не сварылiся. Адкуль столькi чуласцi i дабраты ў гэтага хлопца!

- Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! - крыкнуў Ходас. - А ты - добранькi!.. Хрыстосiк!..

У Славiка захаладала ўсяродку. Пад нагамi, здавалася, калыхнулася падлога.

Вось яно, прыйшло... Няўжо Нiнка зацяжарала i пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступiў пот. Здрадны пот. Выцерцi? Не. Славiк паварушыў пальцамi i адчуў, што яны злiплiся, быццам iх вымазалi смалой.

- Чакай, - спынiў Тарас Ходаса, якi пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, i спакойна спытаў у Славiка: - Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нiнкай. Дзяўчына плача начамi...

'Значыцца, не скардзiлася, а толькi плача, - узрадаваўся Славiк. - Тады адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!' Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны - наступленне. I закрычаў:

- Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. I я табе адказаў. I табе адказаў! тыркнуў Славiк пальцам у Генрыха. - Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самi... Лезеце ў душу, дзе трэба i не трэба...

- Не, дзе трэба! Дзе не трэба - не лезем, - адказаў Тарас i папрасiў ветлiва: - Не гарачыся, калi ласка.

А Генрых з узнятай кнiгай ступiў да Славiка i сказаў са сваёй звычайнай разважлiвасцю:

- Па маралi мяшчанскай мы, вiдаць, сапраўды не маем права лезцi ў душу, як ты кажаш, калi справа датычыць тваiх адносiн з дзяўчынай. А па маралi нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! - павярнуўся 'прафесар' да Косцi i... сунуў яму ў рукi кнiгу, невядома навошта.

- А ён плюе на нашу мараль! - нiяк не мог супакоiцца Ходас. - У яго свая, брадвейская... Выхоўваем... Даўно пара гнаць!

- А я веру Славiку! Хiба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?

Славiк хмыкнуў:

- Ты наiўны, Косця. Хiба не бачыш, што камусьцi хочацца мяне выжыць? - Ён нахiлiўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблiзку яму ў твар, у вочы, аскалiўся, як ваўчаня. - Што? Знайшоў прычыну, брыгадзiр? Хочаш адпомсцiць? Дык ведай. Я люблю Машу!

Усе адразу сцiхлi. Тарас апусцiў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налiлася крывёю.

'Я так i ведаў', - падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славiка i сказаў спакойна i цвёрда:

- I я люблю Машу. Але помсцiць табе... - ён пакiваў галавой, - няма за што. I не думай, што нам прыемна разбiраць такiя справы. Вырашым так... Брыгадзiр рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такi рашучы выгляд, звычайна ён любiў параiцца, разважыць. - Вырашым так... Калi ты сумленны перад Нiнай, перад намi, - прыходзь заўтра ў брыгаду i - працуй. Мы слова больш не скажам. У камiтэце я ўладжу. Калi ж ты зрабiў подласць i не маеш мужнасцi прызнацца, - не прыходзь. - Ён вымавiў гэтае 'не прыходзь' амаль шэптам, але выразна i цвёрда. - Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганiм з ганьбай!

36

Славiк не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў - пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калi мацi ранiцой пачала будзiць яго, сказаў, што ў яго выхадны.

Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нiкога бачыць, нiкому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго i ўсе адразу здагадаюцца.

Падняўся - i адразу схапiўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясцiў, што чытаў яе дзённiк.

- Сентыментальная лухта.

Рэакцыя Iры была зусiм нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважлiва i на поўны голас, пры мацi, сказала:

- Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!

- Але ж ён цябе, дурнiцу, не любiць.

- Ну i няхай. I няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынiк няшчасны, не палюбiш нiколi. I мне хораша!.. I ты не чапай!.. Не лезь сваiмi бруднымi лапамi! - Ёй было так 'хораша', што слёзы палiлiся ў яе з вачэй.

Славiку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца... З каго? I з чаго? Сам такi.

Нiколi ён яшчэ не прасiў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасiў:

- Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Даруй.

Гэта да слёз кранула Валянцiну Андрэеўну. Прызнанне дачкi, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына - як усё гэта адгукнулася ў мацярынскiм сэрцы! Адначасна - i болем i радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмi.

Прыкмецiўшы, як за апошнi час Славiк пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянцiна Андрэеўна радавалася i сачыла, каб хто незнарок не абразiў яго напамiнкам пра мiнулае цi яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабiць душэўную траўму.

Жадаючы замацаваць мiр памiж дзецьмi, улагодзiць, яна дала кожнаму з iх прыемнае даручэнне.

- Я не веру, што бацька прывязе елку з ляснiцтва. Ён тыдзень абяцае i не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснiкi i мiлiцыя затрымлiваюць усiх елачных браканьераў. Славiк, разбiся, а знайдзi добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабiце прыемнае мне, калi не хочаце рабiць сабе. Iра, сходзiш у краму, купiш цацкi. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госцi.

Славiк узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нiчога. Яго ж не выгналi з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калi не пайшоў сёння?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату