прывучылi яе да таго, што яна нiколi не рабiла першага кроку да прымiрэння. Акрамя таго, вельмi свежымi яшчэ былi пакуты, якiя яна перажыла за тры гадзiны - з таго часу, калi Кiрыла прыехаў адзiн i сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыi ў трэцяй клiнiцы. Колькi яна патрацiла сiлы, каб нi словам, нi рухам не выдаць сябе перад Шыковiчамi. Як на злосць, Валянцiна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэннi. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў i здагадваўся, што рабiлася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўнiжэнне яна мае права не дараваць Антону цi, ва ўсякiм разе, не iсцi першай на прымiрэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкi i салёны камяк i амаль застагнаў:
- Божа мой!
Галiне стала шкада яго: такi дужы, вялiкi, мужны, ён застагнаў. Хваля пяшчоты залiла яе добрае сэрца. Каб ён наблiзiўся да тахты, яна прыцягнула б яго да сябе, прыласкала. Але ён хадзiў па верандзе, спатыкнуўся на партфель, злосна пiхнуў яго нагой. Пад яго цяжкiмi крокамi новыя маснiчыны не скрыпелi, а гудзелi. У рамах брынчалi шыбы. Можна было б сказаць яму: 'Не хадзi. Пабудзiш дзяцей' - i гэта, напэўна, стала б крокам да прымiрэння. Але, акрамя ўсяго iншага, яе распiрала дурная жаночая цiкаўнасць: што скажа ён у апраўданне? Ён нiчога не сказаў яшчэ.
Ён паўтарыў:
- Божа мой! - i, памаўчаўшы, пачаў кiдаць словы, як каменнi: - Якое дзiкунства! Уявiць цяжка... Пражыць з чалавекам шаснаццаць год, выгадаваць дзяцей... I не верыць яму нi на крупiнку, нi на залатнiк. Бясконца лiчыць падлюгам, здольным на любую агiднасць. Бясконца падазраваць... Раўнаваць чорт ведае да каго... Зразумей, ты не дурная жанчына. Урэшце, у такой атмасферы нельга жыць. Нельга дыхаць. Чорт вазьмi!
Словы гэтыя абражалi Галiну Адамаўну. Абражалi сваёй праўдай. Але, так жыць нельга! Ды i не жывуць яны так, яны жывуць хораша i шчыра. А ад гэтых прыступаў рэўнасцi яна сама пакутуе ў сто разоў горш. Ён павiнен быў зразумець гэта i рабiць так, каб не было нiякiх прычын. Ён павiнен шкадаваць яе. А ён вось як лiчыць - што яна атручвае яму жыццё, што яна пачвара нейкая.
Галiна заплакала горка, надрыўна.
- Вядома, я дурная... Дзiкунка. Не даю табе жыць. Ты вялiкi вучоны. А я? Кухарка твая, служанка... Нянька тваiх дзяцей. За iмi, за тваёй шырокай спiной ды за гнiлымi зубамi пацыентаў я нiчога не бачу. Я свету не бачу...
Чым больш яна гаварыла, тым больш пераконвала сябе, што яна вялiкая пакутнiца, i, заходзячыся ад жалю, курчылася ад рыданняў.
'Ды няпраўда гэта! Хлусiш ты! - хацелася крыкнуць Ярашу. - Хiба ты жывеш горш за iншых? Хiба я не стараюся зрабiць тваё жыццё прыгожым i поўным? Ты сама выдумляеш сабе пакуты'. Але ён умеў стрымлiвацца. Ён добра ведаў жонку, яе хваробу, у якой, магчыма, больш за ўсё вiнавата тая, да каго яна раўнуе. Ён пераключыў сваю злосць на Тамару. Падумаў: як правучыць гэту разбэшчаную бабу? Спынiўся каля тахты. Плечы Галiны сутаргава ўздрыгвалi. I ў яго дрогнула сэрца - стала шкада жонкi. Сапраўды, шмат у чым яна няшчасная. Але хiба ёсць у гэтым яго вiна? Можа, не так горача ўжо кахаў ён яе, але кахаў, разважлiва, спакойна, разумна, шанаваў, асцерагаў ад жыццёвых нягод, дамагаўся, каб была дружба i вера. Чаму ж яна не верыць яму, найблiжэйшаму чалавеку? Хiба не крыўдна гэта?
Ён прысеў на тахту, асцярожна дакрануўся да яе пляча, гарачага i праз шоўк сарочкi.
- Галя!
Яна ўсхлiпнула гучней.
- Добра. Я бяру свае словы назад. Даруй. Але будзь жа i ты аб'ектыўнай. Мы ж культурныя людзi. I нам не па дваццаць год, каб сустракаць адно аднаго кулакамi... Ды i ў дваццаць... Ты прынiжаеш у першую чаргу самую сябе, сваю чалавечую годнасць. Няўжо нельга было спытаць спакойна: дзе ты затрымаўся? I я адказаў бы табе. Я адказаў бы, - ён падняўся i ўсхвалявана прайшоў па верандзе, - што ў мяне незвычайны дзень... Я сустрэў чалавека, якi ратаваў мяне ад смерцi i якога я лiчыў мёртвым. Помнiш, я расказваў табе? Дачка доктара Савiча. Ты не ўяўляеш...
Муж расказваў у першыя гады сумеснага жыцця мноства розных гiсторый са сваёй дзейнасцi падпольшчыка. Галiна нават употай сумнявалася ў верагоднасцi некаторых з iх. I большасць гэтых гiсторый яна ўжо забылася, бо ў апошнiя гады Антон рэдка ўспамiнаў сваё падполле. Тым больш яна забыла прозвiшчы людзей, пра якiх ён расказваў, якiя былi яго таварышамi па барацьбе цi ворагамi. Але незнаёмую ёй Зосю Савiч яна помнiла. Помнiла, як тая ратавала Антона. I вось гэтая жанчына, пра якую ён успамiнаў асаблiва цёпла, з'явiлася. Адкуль? Сустрэлiся яны выпадкова цi яна шукала Яраша? Галiна Адамаўна забылася на сваю крыўду, на рэўнасць да Тамары. Iншае насцярожыла яе. Павярнулася на бок, тварам да мужа. Ён зразумеў гэта так, што жонка зацiкавiлася, яшчэ больш палагаднеў i пачаў расказваць падрабязна:
- Майзiс папрасiў мяне пракансультаваць хворую. Мiтральны стэноз. Сама хворая прасiла. Я прыйшоў у палату... I раптам хворая шэпча: 'Вiктар'. Маю падпольную клiчку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькi. Васемнаццаць год я лiчыў чалавека мёртвым. I вось... Яна не ўсё расказала мне... Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе... i пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савiча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павiнна адказваць за бацьку, калi нават той i сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клiнiку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыi i просiць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву.
Галiна з палёгкай уздыхнула.
У яе была дзiўная рыса, выпрацаваная ўласнымi адчуваннямi лекара. Нiколi яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многiя з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалi яго пасля ў госцi, i яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткi ў яе вачах пераставалi быць жанчынамi небяспечнымi. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савiч цяжкахворая i ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоiла Галiну Адамаўну. Яна нават страцiла цiкавасць да падзеi, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю вiну перад iм, i ёй хацелася хутчэй загладзiць яе. Яна цiха паклiкала, перапынiўшы яго расказ:
- Хадзi сюды, Антон.
Ён змоўк, пастаяў звiлiну каля стала, як бы раздумваючы - iсцi цi не iсцi. Наблiзiўся нерашуча.
Яна пацягнула яго за руку, пасадзiла на тахту, прыпала да рукi вуснамi.
- Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая i дурная жанчына.
Яго заўсёды кранала, калi Галiна вось так прасiла прабачэння, ён губляўся, як юнак перад чужой жанчынай, i не ведаў, што адказваць.
- Нiчога, нiчога. Добра. Я не злуюся. Чаго не бывае ў жыццi. Я ведаю тваю недарэчную рэўнасць.
- Ты слаўны, разумны. Я люблю цябе.
- I я люблю цябе. - Ён пацалаваў яе мокрую, салёную шчаку, вочы, вусны.
Яна абвiла яго шыю гарачымi рукамi i ап'янiла знаёмай цеплынёй, пахам рэчкi, водарам лугу.
- Чакай, я раздзенуся.
Антон умiг скiнуў свой лёгкi касцюм i, кладучыся, пацалаваў жончыны каленi. У Галiны прыгожыя ногi, i ён любiў iх цалаваць...
Пасля такой нервовай успышкi, прымiрэння i блiзасцi Галiна засынала адразу i спала моцна.
Яраш у тую ноч не мог заснуць. Перад вачамi стаяла Зося. Якiя толькi думкi, уяўленнi не лезлi ў галаву.
Урэшце ён не вытрымаў: цiха падняўся i, захапiўшы касцюм, выйшаў на двор.
Ноч стаяла цiхая, бязросная i духмяная. Адспявалi ўжо салаўi. Не прачнулiся яшчэ раннiя птушкi. Было гадзiны дзве. Лес навокал здаваўся высачэзнай крапасной сцяной, якая абкружала гэты маленькi свет з адзiным домам, у верхнiм акне якога гарэла святло. З гэтай крэпасцi вялi ў прастор толькi адны вароты на луг: прасвет памiж дубамi i вольхамi, што раслi ўздоўж ручая. Але сёння i гэтыя вароты былi зачынены: над лугам неба цёмнае, яно злiлося з зямлёй, кустамi i дрэвамi. Адзiнокiя цьмяныя зоркi вiселi над лесам, як далёкiя сiгнальныя лiхтары вялiкага свету.
За старыцай 'драў дранку' дзяркач. Жалобна крыкнула нейкая птушка, можа, трапiла ў зубы драпежнiку. Недзе далёка закугакала сава. Ярашу яе крык здаўся плачам дзiцяцi, якое заблудзiлася ў начным лесе. Ён таксама адчуў адзiноту i смутак. Захацелася да святла, да людзей - у вялiкi свет. Прымiрэнне з жонкай раней заўсёды прыносiла радасць i заспакаенне. Ад сённяшняга прымiрэння застаўся на душы непрыемны асадак. Яна робiць трагедыю з таго, што ён затрымаўся на нейкiя дзве-тры гадзiны. Смешна!.. Калi жыве яшчэ ў
