Ён глядзеў у белую столь i... бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далонi, на шырокай добрай далонi. Яму не рабiлася страшна i непрыемна, ён з цiкавасцю ўглядаўся ў гэты маленькi i вельмi складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькi тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, наблiжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кiрыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелi праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круцiў галавой, каб рассеяць прывiд. Так паўтаралася колькi разоў, i яго пачало трохi лiхаманiць.

Заглянула сястра.

- Як вы тут?

- Што там?

- Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевiзары бачыла.

Кiрыла ледзь не закрычаў. Лiха на iх, як яны гавораць пра такiя рэчы! 'Зашываюць сардэчную сарочку'. Нiбы зашываюць начную сарочку.

Але разам з тым гэта настроiла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлiвасць. Падумаў, як, напэўна, Антон i жанкi будуць кпiць з яго.

'Усё бярэшся апiсаць - нараджэнне i смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыi'.

Паглядзеў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць. Каля дзвюх гадзiн ужо iдзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такi напiша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш i не хоча, каб пра яго пiсалi. I не толькi пра аперацыю... Абавязкова напiша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. I пра бацьку яе!

Задумаўшыся пра сваю работу, Кiрыла Васiльевiч набыў душэўную раўнавагу i ўспомнiў, што на дванаццаць яго выклiкаюць на бюро гаркома.

12

У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калi iдзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое - знаёмыя Шыковiча: загадчык кафедры ў педiнстытуце Левановiч i галоўны архiтэктар горада Гамбiцкi.

Кiрыла прывiтаўся з iмi i з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбiцкi як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так i пакацiўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, блiскучы, галава голая, як бубен, пiнжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку i такiя ж выцертыя штаны.

Кiрыла пацiкавiўся, чаго выклiкаюць.

Ларыса Пятроўна, сярэднiх год жанчына, стары работнiк, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.

- 'Аб выхаваннi дзяцей', - прачытаў ён уголас i не адразу зразумеў.

- За сыноў будуць пясочыць, - растлумачыў з кутка пануры Левановiч, доўгi, сутулы, з суровым тварам аскета, i цяжка ўздыхнуў: - Эх, сыны, чортавы сыны!

- Ясна, - па-сяброўску ўсмiхнуўся сакратарцы Шыковiч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славiка ён цяпер спакойны.

Да яго падкацiўся Гамбiцкi, выхапiў з кiшэнi вялiкую хустку, абмахнуў ёю твар.

- Дык у вас хоць сыны. А ў мяне - дачка... Дачка! - прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам i пакацiўся да дзвярэй.

Было душна. Кiрыла скiнуў пiнжак, павесiў на крэсла. Гамбiцкi паглядзеў на яго спачатку са здзiўленнем, потым - з удзячнасцю. I тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пiнжачок, якi трашчаў па ўсiх швах. I ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лiчыў, што здымаць пiнжак у гаркоме няёмка. Падкацiўся да столiка ў куце, нацiснуў клапан пустога сiфона, уздыхнуў, напiўся з графiна i зноў да Шыковiча:

- Растлумачце, чаго iм не хапае? Чаму яны растуць такiя, нашы дзецi?

- Дзецi як дзецi. - Кiрылу чамусьцi зусiм не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.

Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыi, ён iшоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракi, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоiла, ён пачаў думаць пра свой 'хiрургiчны' эксперымент з гумарам.

Аперацыя працягвалася, калi ён пайшоў з бальнiцы, - значыцца, усё ў парадку.

А тут - зноў перад вачамi сэрца. I трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмi блiзкай i роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзiўна.

Ён спытаў у сакратаркi:

- Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылi?

- Чыё? - усмiхнулася яна, вiдаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.

- Чалавечае.

- Бачыла. У анатамiчным музеi. Наглядзелася - тыдзень не магла есцi.

Кiрыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знiкла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзiноце са сваiм незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым i страшным.

Пазванiў у бальнiцу. Дазванiцца туды было нялёгка: то нiхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазвалiся.

- Скажыце, калi ласка, аперацыя скончылася? - спытаў ён далiкатна, ветлiва.

- Якая?

- Якую рабiў Яраш.

- Так.

- Як 'так'? Што?

- Нармальна.

Сястра (цi лекар) адказвала голасам манахiнi - халодным, бясстрасным. Шыковiча гэта ўзлавала.

- 'Нармальна'! Чорт бы вас!.. Калi вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалiсты ў белых халатах! Паклiчце Яраша!

Голас адразу змянiўся, зазвiнеў ручайком: вiдаць, там, у бальнiцы, падумалi, што гаворыць нехта з высокага начальства.

- Антон Кузьмiч не можа падысцi. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыi, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу?

- Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвонiць.

Шыковiч паклаў слухаўку.

- Хто-небудзь з вашых блiзкiх? - спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.

Ён кiўнуў: але!

- Цяжкая аперацыя?

- На сэрцы. Набыты парок.

Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. I ўсе, хто пачуў, таксама зацiкавiлiся.

- Я магу сказаць Сяргею Сяргеевiчу, што ў вас такi дзень. Сказаць?

- Не, не трэба.

- Вас будуць крытыкаваць.

- Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесiя.

Бясшумна адчынiлiся абабiтыя дэрмацiнам дзверы ў кабiнет першага сакратара. Групай вывалiлi работнiкi тэлестудыi: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкi рэдакцый, акторы тэатра. Вiдно было, што iм не церпiцца пагаварыць, паспрачацца, таму i спяшалiся хутчэй у калiдор, на вулiцу. Толькi актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывiтаўся з Шыковiчам за руку.

- А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.

- Хапае другiх клопатаў.

- Далi нам за перадачы для моладзi, - паведамiў шэптам, азiрнуўся на дзверы: - Тукала - дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь...

Шыковiча крыху закранула, што яго не запрасiлi на абмеркаванне работы тэлестудыi: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.

'Хто гэта пастараўся? Тукала? Цi гаркомаўскiя 'палiтыкi'? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасцi ў прыёмнай?'

Ён не вызначаўся залiшняй самалюбiвасцю, але яго заўсёды абурала, калi дзе пачыналася палiтыканства - гульня ў важнасць i строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.

Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далiкатна ўступiў ёй дарогу ў кабiнет. Убачыўшы Шыковiча, Тукала прыветлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся i накiраваўся да яго. Але Кiрыла знарок адвярнуўся да

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату