Але Нiна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгiм носiкам, за што Славiк адразу ахрысцiў яе 'дзятлiкам', яшчэ больш завастрыўся i выцягнуўся. Славiк азiрнуўся, каб паклiкаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкiх абставiнах звяртацца за дапамогай да Тараса i да Косцi - больш нi да каго. Але ў той мiг з'явiўся Iван Ходас. Славiка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлiвы i непрымiрымы Iван заўсёды аказваецца побач, калi ён, Славiк, трапляе ў няёмкае цi цяжкае становiшча. Быццам назiрае за iм.
Ходас ледзь прыкметнымi, дырыжорскiмi рухамi левай рукi паказаў Нiне, у якi бок скрануць станiну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой плiты, нiбы прыцэлiўся, i, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка i проста паставiў станiну на месца - паз у паз, шчылiна ў шчылiну.
Калi кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам мiж iншым:
- Ты працаваць сюды прыйшоў цi забаўляцца?
- А што? - адразу натапырыўся Славiк.
- А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.
- Калi я не здолеў паставiць гэтую штуковiну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!
Iван узняў галаву, i вочы яго, звычайна блакiтныя, як два лясныя азяркi ў ясны дзень, пацямнелi, быццам на iх упаў цень ад навальнiчнай хмары. Славiк ужо i раней прыкмецiў незвычайную зласлiвасць колеру яго вачэй i забаўляўся гэтым.
- Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станiнай, як дурань перад труной.
- Дзякую, маэстра. Вось гэта зусiм па-кам... - Славiк пракаўтнуў слова, бо Iван неспадзявана схапiў яго за нагруднiк камбiнезона i гнеўна прашаптаў:
- Ты-ы! Не кiдайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Пiжон! - i, расшчапiўшы пальцы, сказаў звычайна: - Замацуеш асноўныя балты. Прывiнцiш кранштэйны. - I вочы яго сталi блакiтнымi.
Знешне грубаваты i цынiчны, Славiк быў уражлiвы i па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзiн з цяжкiм ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прынiжаным i абражаным. Рукi дрыжалi - ключ зрываўся з гайкi, i яму хацелася плакаць. I работа здалася ненавiснай, прынiжаючай яго чалавечую годнасць. Якi здзек лёсу! Столькi найвышэйшых мар, i раптам завiнчваць гайкi. З'явiлася жаданне кiнуць усё да д'ябла, пайсцi з завода i нiколi больш не вяртацца. Але за апошнi тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з'явiлася новая рыса - нейкi своеасаблiвы гонар: дакажу, што i я не горшы за вас - за Тараса i яго брыгаднiкаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лiнiю: пераконваў самога сябе, што ўсе другiя не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, iграюць, як акцёры, высакароднасць i высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калi ў брыгадзе нешта не ладзiлася цi нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славiк адразу адзначыў, што чалавек худы, i падумаў: 'Не дужа сыта, вiдаць, харчуецца'.
Рабочы спытаў з хiтраватай усмешкай, кiўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збiралi станок:
- У брыгадзе будзеш?
- Ага.
- Вучнем?
- Хацеў за iнжынера - не бяруць.
- Як пралез? Па блату?
- Куды?
- У брыгаду.
'Ага, значыцца, i ў гэтую брыгаду могуць пралазiць па блату', - амаль узрадаваўся Славiк i адказаў:
- Па блату. Я - сваяк Ганчарова.
- Ясна. Сваяк сваяка...
- Ага.
Славiку хацелася, каб рабочы пачаў ганiць брыгаду i нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў iншае:
- Ганчароў - чалавек правiльны, але дзiвак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй - заганяй манету. Дык не - хочацца яму вучыць такiх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў iдуць. А ён - у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылi. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косцi - другi, а прагрэсiўку дзеляць пароўну. Дзiвак!
- У Тараса бацька багаты, - вырашыў падыграць Славiк.
- Яраш? Ён жа не родны.
- Але ўсё адно грошай дае - колькi хочаш.
- Манiш, - усмiхнуўся рабочы. - Навошта ж яму тады жылiцца так на зборцы?
- Свядомасць.
- Але, ёсць такiя людзi, - уздыхнуў чамусьцi стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусiм так. Сказаў: - Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукi мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такiм i тысячу можна плацiць.
- А колькi вы выганяеце?
- Ды як калi. Паўтары-дзве.
Славiк свiснуў.
- Што ж гэта па вас не вiдно? - I, уцягнуўшы шчокi, сцiснуў iх пальцамi, разявiў рот, маўляў, чаму ж такi худы?
Рабочы ў адказ мазануў Славiка па твары намасленай веташшу.
- Вытры нос.
Стары, вiдаць, пакрыўдзiўся. I Славiк абразiўся таксама. Каб хто ў iншым месцы гэтак зняважлiва пэцнуў па твары - не паглядзеў бы нi на ўзрост, нi на пасаду, нi на што. А тут прыйшлося змаўчаць.
Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулi па твары - гэтага хоць нiхто не бачыў. А вось другое яго ўнiжэнне бачылi многiя. Ён стаяў i з цiкавасцю разглядаў вялiзныя станкi. Раптам - званок угары. Ён задраў галаву i жахнуўся: на яго паўзла агромнiстая станiна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран i як спрытна i лёгка можа пранасiць па цесным праходзе шматтонныя дэталi беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што нiхто не здолее спынiць iнерцыю гэтай махiны i яна вось-вось раздавiць яго. I ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой i ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлi. Калi ж убачыў, што станiна нерухома павiсла, а з вышынi, з будкi, выглядае дзюбаты тварык i весела смяецца, Славiку захацелася правалiцца скрозь зямлю.
У той момант ён узненавiдзеў кранаўшчыцу. I вось цяпер бравiруе смеласцю да парушэння правiлаў тэхнiкi бяспекi. За гэта яго не раз ужо лаялi: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякiя маральныя павучаннi Славiка раздражнялi. Лаянка майстра Галыгi яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся i пагразiў, што выганiць з завода - без лiшнiх слоў i настаўленняў. Славiк, сам балбатлiвы, паважаў людзей немнагаслоўных i рашучых: сказаў - зрабiў. Пагроза майстра крыху падзейнiчала, днi два ён не выкiдваў нiякiх 'конiкаў'.
Увогуле ўзаемаадносiны памiж людзьмi на заводзе яму падабалiся. Няма той iнтэлiгенцкай ветлiвасцi, як на студыi, але няма i прытворства. На студыi Славiк бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалiмнiчалi перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.
На заводзе людзi ўвесь час заняты працай. Не збiраюцца, каб расказаць новыя анекдоты цi пагуляць у шашкi, як на студыi. Не пляткараць. Калi часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта i шчыра.
А галоўнае - падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыi, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Цi вунь другая 'штучка' - вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Вiдаць, павiнна з'яўляцца нейкае асаблiвае пачуццё, калi ўласнымi рукамi збярэш такi станок, электрыкi ўставяць яму 'душу', прыйдуць iнжынеры i пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалi ўжо адзiн такi станок, i Славiк прысутнiчаў на выпрабаваннi. Ён прыдзiрлiва назiраў за брыгадай i ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пiшуць у кнiгах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрцi могуць ганарыцца! Не станок - цэлая паточная лiнiя. Аўтаматычная загрузка i разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкi i 300 трактарных утулак за гадзiну... Няхай радуюцца
