- Кiрыла Васiльевiч! - Усё было высветлена. - Як жа можна так? Ай-я-яй... - Старшыня дакорлiва кiваў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. - Я разумею, ваш брат, iнжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалi, хто на iх глядзiць. Але мне вы павiнны былi сказаць. Калi трэба, я нi гу-гу.

- Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабiць. Можна сёння сабраць людзей?

- На ваша iмя прыляцяць, як матылi на агонь.

'Ого, - падумаў Шыковiч, - ды ён галантны мужчына. Можа i камплiменты выдаваць'.

Ветлiва адчынiўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:

- Трышка! Абвясцiць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пiсьменнiк Шыковiч! У дзевяць гадзiн усе як адзiн у клуб, слухаць лекцыю!

Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалiстай (лепшы парыжскi цырульнiк не зрабiў бы такой прычоскi, як зрабiла прырода), раней чым кiнуцца выконваць загад старшынi, шчыра i моцна пацiснуў Шыковiчу руку i паведамiў:

- Я чытаў вашу аповесць. I фельетоны.

Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьцi скептычна ўсмiхалася. Вiдно было, што гэта маладая мацi: кофтачку на кнопках распiралi поўныя грудзi, з белага твару не сышлi яшчэ плямы. Пры паўнаце постацi твар гэты здаваўся худым, хваравiтым i, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы - вялiкiя, чорныя, хiтрыя i разумныя. Ды яшчэ валасы, такiя ж чорныя, скручаныя на патылiцы ў вялiкую куксу, рабiлi жанчыну прыгожай.

Неспадзявана для Шыковiча агульны пакой канцылярыi аказаўся даволi чыстым i ўтульным - нават вазоны на падаконнiку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымi плакатамi, падабранымi больш па яркасцi i прыгажосцi, чым па iх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якiм з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканiна, гума i iншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкi.

Грак адчынiў дзверы з шыльдачкай: 'Старшыня праўлення', але Шыковiч зрабiў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкi працадзён, i не пайшоў у кабiнет.

Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай.

Шыковiч здагадаўся, пра што, i перапынiў iх:

- Таварыш Грак, калi вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзiны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамi гады i пры нашай камплекцыi многа есцi - самагубства.

Грак засмяяўся:

- Я думаю, ад яды нiхто не памёр. Можа, памiдорчыкаў, гурочкаў маласольных? А?

- З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру.

- А палуднiчак павiнен быць.

Цяпер ужо засмяялася жанчына.

- Энергiя трацiцца ад усялякай работы, - глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць.

- У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сiдараўна жывая,здаровая?

- Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! - кiнуў амаль злосна Грак.

- Баптыстка? - здзiвiўся Шыковiч.

- Ды не баптыстка яна! - запярэчыла бухгалтар.

- Ну не ведаю, якому яна iдалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хiтрая, чым тыя, якiх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясцiла сябе знахаркай. Варажбiткай.

- Ды не варожыць яна. Травамi лечыць.

- Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сiла! кiнуў ён жанчыне з дакорам.

- А што? Яна вылечыла мяне.

- Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кiшэню набiвае. Хочаце напiсаць пра яе, таварыш Шыковiч?

- Ага.

- Дайце добранькi фельетон. Я вам факцiкаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькi разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамi разводзiць: 'Няма падстаў, трэба блюсцi законнасць'. Я ёй, праўда, крыллi падрэзаў - сядзiбку па самыя вуглы адшахаў.

Але, не такой уяўляў Кiрыла гэтую жанчыну, калi пасля доўгiх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знiкла з горада былая сястра iнфекцыйнай бальнiцы Клаўдзя Сухадол.

'Медсястра - i раптам знахарка, сектантка нейкая. Лiха ведае што такое!' разважаў ён, незадаволены, ужо трохi расчараваны, iдучы па доўгай вулiцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калi пачула, што ён хоча пiсаць пра Клаўдзю. Што пiсаць - тлумачыць не стаў, бо раптам страцiў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пiсаць у вынiку размовы з гэтай жанчынай.

Знайсцi яе хацiну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзiная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраiнскi лад. Высокi лазовы пляцень, якiм з усiх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковiчу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей i свету. Дзе ў суседзяў былi садкi i агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзiва высокая кукуруза. 'Каралева палёў', дзiця сонечнай Украiны як бы цягнулася да мазанкi. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковiчу ўспомнiлiся словы Грака: 'Я ёй крыллi падрэзаў', i ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу i вельмi можа быць - нават на гэтую цудоўную кукурузу.

Ад веснiц паўз хату iшла вузенькая i чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбiта на малюсенькiя акуратныя градкi, засаджаныя гароднiнай i кветкамi. Безумоўна, не хадзiла па гэтым двары нi карова, нi каза, нават слядоў курэй не было вiдно, хоць невялiчкi хляўчук, таксама абмазаны i пабелены, тулiўся ў кутку за хатай.

Шыковiч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзiўшы руку ў шчылiну, шукаў адмысловую 'зачынялку', каб адчынiць веснiцы. Ды так i не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыi сялянскiх замкоў - круцёлак, засовак, зашчэпак.

I тут з'явiлася сама гаспадыня. Яна, нахiлiўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокiмi крокамi падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчынiла веснiцы, але загарадзiла сцежку сваёй постаццю, акiдваючы няпрошанага госця дапытлiвым позiркам: што ты за птушка?

Шыковiча адразу ўразiў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго i значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусiм сiвая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, вiдаць, даволi дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковiчу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венiкам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позiрку, i паспяшаўся загаварыць першы:

- Клаўдзя Сiдараўна?

- Што вам? - сурова спытала яна.

- Я хацеў пагутарыць...

- Пра што? Хто вы?

- Я растлумачу... Я з рэдакцыi. - Вопытны журналiст, ён, можа, упершыню адчуў сябе нiякавата, знаёмячыся з чалавекам.

У старой гнеўна блiснулi вочы.

- Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збiраю травы. Раю iх людзям. Няма такога закону, каб забаранiць мне... Няма! Яна крута павярнулася i... пайшла ў хату.

Шыковiч зусiм разгубiўся.

'Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыi. Калi яна зачынiцца i больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе'.

А з-за плятня ўжо зыркалi цiкаўныя вочы суседкi. Ляпнула акно за спiной, у хаце на другiм баку вулiцы. Яго бралi пад скрыжаваны 'абстрэл'. Мабыць, другiх сваiх наведвальнiкаў Сухадолiха сустракала iнакш.

Але паколькi веснiцы засталiся адчыненыя, Кiрыла рашуча ступiў у двор i спынiўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату